Лучшие доярки работают в СПК "Гервяты"

12:00 / 02.03.2014
Як ні старайся, на якія аб’ектыўныя фактары ні спасылайся, а ў раённай вытворчасці малака па-ранейшаму лідзіруюць традыцыйныя “прывязнікі”: малочна-таварныя фермы з прывязным спосабам утрымання жывёлы. А малочна-таварныя комплексы з іх камп’ютарызацыяй і канвеерным падыходам да працэсу даення пакуль знаходзяцца ў ролі даганяючых.

– А што тут здзіўляцца? – недаўменна паціскае плячыма даярка фермы “Сакалойці” Ядвіга Эдвардаўна Штура. – Адна справа, калі ты даглядаеш за 45 каровамі, і зусім іншая – калі за 300. Хіба можна ў поўнай ступені адсачыць стан вымя кожнай каровы, калі перад вачыма мільгаціць жывы калейдаскоп рагуляў? Тут абы паспець абмыць ды даільны апарат падчапіць… Таму і ўзровень захворванняў мастытам на комплексах больш высокі, чым на звычайных фермах.


– Да таго ж на такіх, як наша ферма, значна цяплей, – падтрымлівае сваю калегу па працы Таццяна Уладзіміраўна Штура. – І сцены, і вокны традыцыйных памяшканняў першапачаткова разлічаны на беларускія вятры і маразы. У той час, як галандскія “шторкі” скарэкціраваны пад еўрапейскі памяркоўны клімат.


– І нават калі не браць у разлік асаблівасці канструкцыі… – працягваюць разважаць даяркі.

– Усяму жывому, думаецца, патрэбен індывідуальны падыход. Каб кожны дзень – знаёмы твар і адны і тыя ж рукі… Каб слоўца ласкавае і каб па хрыбце пагладзілі… Або нават каб прыкрыкнулі, калі што якое…


Канешне, не ўсё так адназначна ў стаўленні да сучасных малочна-таварных комплексаў – і ў гэтага спосабу ўтрымання жывёлы шмат пераваг. Але з прафесіяналамі не паспрачаешся. Асабліва з такімі, як даяркі фермы “Сакалойці”, маці і дачка Штуры, вынікі працы якіх гавораць самі за сябе, таму што Таццяна, надаіўшы ў сярэднім ад каровы сваёй групы па 6324 кілаграмы малака, стала лепшай даяркай 2013 года ў СВК “Гервяты”. Ядвіга Эдвардаўна – таксама шасцітысячніца, яе сярэдні надой за мінулы год склаў 6186 кілаграмаў малака.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР
.