Как удержать молодых специалистов, обсудили на выездном совещании президиума райкома профсоюза работников агропромышленного комплекса

12:00 / 26.11.2013
Нядаўна на базе СВК “Міхалішкі” адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У яго рабоце прынялі ўдзел лідары падведамасных прафсаюзных арганізацый. Узначаліў рабочую сустрэчу старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Канстанцінавіч Грыцкевіч.

На гэты раз цэнтрам абмеркавання стала работа з маладымі спецыялістамі. Як зацікавіць моладзь у канчатковых выніках працы калектыву? Як, ва ўмовах непасрэднай блізкасці ад спакуслівых заробкаў “атамкі”, утрымаць маладых спецыялістаў на працоўных месцах? Ці ёсць у моладзі магчымасць для прафесійнага росту? У якіх жыллёвых умовах жывуць маладыя людзі? Як яны бавяць свой вольны час? Адказ на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні прафсаюзныя актывісты стараліся знайсці разам.
Пра стан работы з маладымі кадрамі ў СВК “Міхалішкі” расказала старшыня прафкама СВК Ніна Іосіфаўна Якубцэвіч. Сваім бачаннем праблемы падзялілася і нядаўні педагог, а сёння – намеснік старшыні СВК “Міхалішкі” па ідэалогіі Яніна Вітольдаўна Чаплінская.
Пасля працяглага абмеркавання заключнае слова ўзяў Мікалай Канстанцінавіч Грыцкевіч.
– Прафсаюзы павінны трымаць маладзёжнае пытанне на пастаянным і дбайным кантролі, – сказаў ён. – Праз калектыўныя дагаворы мы павінны дабіцца дадатковых ільгот для маладых людзей, якія гатовы працаваць на сяле. Іх працоўная дысцыпліна, іх адданасць агульнай справе і адпаведнасць займаемай пасадзе – таксама тычацца нас. Менавіта мы павінны зрабіць так, каб маладыя зразумелі, што яны павінны не толькі атрымліваць, але і аддаваць.


--------------------------------
Ганна ЧАКУР.