В Ошмянах чествовали лучших работников сельского хозяйства Гродненской области

12:00 / 23.11.2013
На мінулым тыдні абласное свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013” сабрала ў Ашмянах лепшых механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак і арганізацый… Адным словам, тых людзей, дзякуючы якім у кожнай сям’і ёсць хлеб і да хлеба.

Для гараджан і гасцей Ашмян традыцыйнае свята стала добрай нагодай набыць незвычайную рэч ручной работы, папоўніць харчовы запас на зіму і проста адпачыць душой пад цудоўныя спевы лепшых калектываў вобласці.
Ля краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча працавала канцэртна-забаўляльная пляцоўка. Гацей чакала выступленне Беларускага гульнёвага тэатра роставых лялек “Dolls4Fll” і духавога аркестра Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з Гродна. Ансамбль народнай песні “Кемяліна” таксама парадаваў сваім выступленнем удзельнікаў і гасцей свята.
Перад будынкам Ашмянскага райвыканкама была прадстаўлена прамысловая прадукцыя Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. А выстава-кірмаш тавараў народнага спажывання і сельскагаспадарчай прадукцыі зазывала людзей пахамі і шматлікім асартыментам.
Выставачная пляцоўка Астравецкага філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства ламілася, у прамым сэнсе гэтага слова, ад хлеба. Адмысловая печ, ля якой жаўцелі крамяныя булкі і хлябы, вялікі, у тры “паверхі”, каравай, драўляны млын і белыя мучныя россыпы напаміналі пра галоўнае багацце нашай краіны – хлеб, які ўсяму галава.
“Рукатворных дзяцей” прывезлі паказаць і прадаць народныя майстры не толькі з вобласці, але і ўсёй рэспублікі. Чаго тут толькі не было! Гліняныя збанкі і гаршчкі, плеценыя з лазы кошыкі, цёплыя шкарпэткі і хусцінкі, салодкія “пеўнікі”!..
А на пляцоўцы Астравецкага цэнтра рамёстваў ззялі сонцам саламяныя кветкі, карціны і даўганогія конікі.
Дэлегацыя лепшых аграрыяў нашага раёна на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам і начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэем Уладзіслававічам Янчэўскім прадстаўляла Астравеччыну.
Ганаровых удзельнікаў свята чакала аглядная экскурсія па Ашмяншчыне. Госці наведалі Гальшанскі замак, сталі сведкамі адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу, у сценах якога ігралі маладзёжная і юнацкая зборныя Беларусі па гандболу.
Затым лепшыя прадстаўнікі сельскай гаспадаркі вобласці перамясціліся на плошчу ля райвыканкама, дзе іх сустракалі ўдзельнікі тэатра Уладзіміра Кустова.
Святочную цырымонію ўзнагароджвання перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці нашай вобласці адкрыў першы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта І.А. Жук. У сваім выступленні ён падвёў вынікі сельскагаспадарчага года ў вобласці і назваў лепшых працаўнікоў у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, мяса-малочнай прамысловасці і іншых сферах сельскай гаспадаркі.
Падзячнае пісьмо ад Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымаў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Ганаровыя граматы, падарункі і прэміі знайшлі сваіх герояў, сярод якіх былі і прадстаўнікі Астравеччыны: Уладзімір Карлавіч Грынцэвіч, вадзіцель СВК “Варняны”, Святлана Антонаўна Бараноўская, брыгадзір вытворчай брыгады СВК “Гервяты”, Ніна Чаславаўна Шапель, аператар машыннага даення СВК “Міхалішкі”, Раман-Зянон Іванавіч Бразевіч, вадзіцель “Астравецкай сельгастэхнікі”, Наталля Фёдараўна Алёкса, аператар па адкорму буйнай рагатай жывёлы СВК “Гервяты” і вадзіцель таго ж сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву Генадзь Часлававіч Кардзіс.
Асаблівыя словы падзякі гучалі ў гэты дзень для ветэранаў галіны. З рук першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама І.А. Жука ветэран працы сельскагаспадарчай вытворчасці Тарэса Іосіфаўна Пуховіч, якая працуе галоўным бухгалтарам у СВК “Міхалішкі” і пасля выхаду на пенсію, атрымала віншавальнае пісьмо.
Маладое пакаленне не адстае ад сваіх старэйшых калег і штогод дэманструе спрытнасць і прафесіяналізм, прычым не толькі на ўборцы жніва. Лепшымі работнікамі сельскай гаспадаркі сярод моладзі сталі інжынер СВК “Варняны” Максім Сяргеевіч Фурс і варнянскі трактарыст-машыніст Віталь Анатольевіч Тумінскі.
А завяршаючым акордам свята і заслужаным падарункам для лепшым работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай вытворчасці стаў святочны канцэрт у выкананні “залатых” калектываў Гродзенскай вобласці, а таксама арт-групы “Беларусы”, групы “Анталья” і беларускай спявачкі Іскуі Абалян.


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.