Итоги 2013 года подвёл начальник управления сельского хозяйства и продовольствия Андрей Янчевский

09:00 / 17.11.2013
2

Шчодрай на цеплыню выдалася сёлетняя восень: лістапад ужо перакуліўся за сярэдзіну, а сівер яшчэ пакуль так і не задзьмуў. На бліскучых травах  па-ранейшаму выпасваюцца каровы – дасыта, пэўна, не наядуцца, затое прагуляюцца. І вегетацыя азімых не спынілася – пшанічна-трыцікальныя нівы  паспелі як след раскусціцца, зрабіць на доўгую зімоўку грунтоўны запас пажыўных рэчываў. У рапса наогул каралеўскі выгляд – і не ўзгадаць, калі яшчэ яму ўдавалася так шыкоўна разрасціся…


Восень старанна імкнецца дагадзіць земляробу, прабачаецца, відаць, за вясну, якая сёлета так і не здарылася, – зіма ў 2013-ым пераскочыла адразу ў лета. І на парасткі збажыны, на генетычным узроўні прывычныя да вясновай прахалоды і вільгаці, абрушыліся раптам спёка і засуха. Вынік не прымусіў сябе чакаць: спрацавала спрадвечная праграма выжывання – і расліны, якія так і не паспелі набраць неабходную вегетацыйную масу, выкінулі колас…
Недабор ураджаю аказаўся вельмі адчувальным – збожжавыя горы гаспадарак раёна “пахудзелі” амаль на 10 тысяч тон.
– І гэта тым больш крыўдна, што сёлета задзел для атрымання грунтоўнага ўраджаю быў зроблены асаблівы: у глебу трапіла павышаная колькасць  угнаенняў, асноўныя тэхналагічныя моманты і сяўбы, і догляду за пасевамі старанна вытрымліваліся, – гаворыць начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. – А вынік аказаўся сумным: мы не проста не змаглі выканаць даведзенае заданне, але і змінусавалі да ўзроўню папярэдняга года. Толькі СВК “Гудагай” у паказчыку валавой вытворчасці змог паўтарыць мінулагодні рэкорд і нават перавысіць яго, праўда, даволі сімвалічна – усяго толькі на 1,3 працэнта. Рэшта гаспадарак на ўзровень 2012 года ў валавой вытворчасці выйсці не змаглі.
Але ў недаборы збожжа вінаваты, галоўным чынам, кліматычныя выбрыкі так званай “зоны рызыкоўнага земляробства”, ва ўмовах якой даводзіцца працаваць беларускім хлебаробам. І потым у гэтай сёлетняй праблемы агульнарэспубліканскі маштаб, ці не так?
– Безумоўна. У той ці іншай ступені змінусавалі ўсе. Дарэчы, у абласным “табелі рангаў” па вытворчасці збожжа Астравеччына заняла сёлета  дзявятае месца. У той час, як у мінулым, рэкордным для хлебаробаў годзе, мы былі на дзясятай прыступцы. Хаця радавацца таму, што нехта іншы страціў больш, чым ты сам, не выпадае.
– Аднак і “пасыпацца попелам” таксама няма прычыны…
– Ніхто і не збіраецца гэта рабіць. Затое “разбор палётаў” у кожнай гаспадарцы павінен прайсці на паглыбленым узроўні: дзе недаглядзелі – не зрэагавалі своечасова, што маглі зрабіць – але не зрабілі?.. Хаця… Я сам – аграном (і па адукацыі, і па светаадчуванні), таму без найменшай спробы абяліць сябе ці сваіх падначаленых гатовы заявіць, што мы зрабілі ўсё ад нас залежнае, каб уратаваць ураджай. І ўратавалі – магло быць значна горш. Вось толькі зерне атрымалася дробным і легкаважным – вага таго ж камбайнавага бункера была ніжэй сярэднегадавога паказчыка амаль на тону.
– Але, нягледзячы на недабор, з планам пастаўкі збожжа на хлебапрыёмныя пункты дзяржавы гаспадаркі раёна справіліся?
– Так, нягледзячы на пэўныя складанасці, гаспадаркі раёна разлічыліся з дзяржавай спаўна. План пастаўкі пшаніцы, да прыкладу, быў выкананы на 105,2 працэнта. Прычым больш за 80 працэнтаў яе колькасці было рэалізавана трэцім класам – у адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі вышэй чацвёртага класа мы не падымаліся. На 145 працэнтаў будзе выкананы план продажу цукровых буракоў. Не ўзнікла праблем і з “другім хлебам” – дарэчы, сёлета на бульбу ў райцэнтры быў павышаны попыт – гандлявалі ёй цэлую восень.
А што тычыцца збожжа, якое засталося ў засеках гаспадарак пасля выканання дзяржзаказу, то яно будзе выкарыстана на прыгатаванне канцэнтраваных кармоў і пойдзе на корм грамадскаму статку. Дарэчы, менавіта вынікамі жывёлагадоўлі мы плануем перакрыць той мінус у выкананні плана, які ўзнік з-за няўдачы ў раслінаводстве. Хаця поўнасцю выправіць становішча нам не ўдасца, таму што вытворчасць збожжа ў методыцы разліку з’яўляецца адной з базавых велічынь і ў многім вызначае канчатковы вынік.

– 2013-ы аказаўся складаным толькі для збожжавых ці ўдарыў неспрыяльнымі ўмовамі па ўсіх без разбору сельскагаспадарчых культурах?
– Мяркуйце самі: сярэдняя ўраджайнасць бульбы – 328 цэнтнераў з гектара. Гэта другое месца ў вобласці – бульбаводы Астравеччыны прапусцілі ўперад толькі сваіх калег з Гродзенскага раёна. Буракі даюць на круг (іх уборка яшчэ працягваецца) па 587 цэнтнераў (абласное “серабро” ў гэтай галіне – таксама ў Астравецкага раёна). Ураджайнасць кукурузы на зерне – 100 цэнтнераў з гектара (летась было 85), рапсу – 27,1 (у 2012 годзе – 25,5). Так што адназначна правальным для раслінаводства годам 2013-ы назваць нельга.
– Ні для каго сёння не сакрэт, што паспяховасць дзейнасці прадпрыемства, у тым ліку і сельскагаспадарчага, не вызначаецца адзіна фізічнымі паказчыкамі – вырабленыя тоны і цэнтнеры сельгаспрадукцыі павінны прыносіць эканамічную карысць сваім вытворцам. Якая сітуацыя назіраецца ў гэтым сэнсе?
– Калі адным словам, то няпростая… Свабодныя грошы сёння мае фактычна толькі СВК “Гудагай”. Асабліва складанае становішча ў СВК “Варняны” – гэта звязана, у першую чаргу, з грунтоўным – адразу на 20 працэнтаў – падзеннем закупачных цэн на свініну...
Прыбыткі, канешне, ёсць. І ў прынцыпе, немалыя: за дзевяць месяцаў сумарны прыбытак гаспадарак раёна склаў 44 мільярды рублёў, а па выніках года ў цэлым абяцаюць дарасці да 55 мільярдаў. Іншая справа, што ва ўмовах актыўнага будаўніцтва (ферм, жылля і г.д.) гэтыя сродкі не могуць быць адназначна свабоднымі.

– Калі можна, раскажыце крыху аб рэнтабельнасці раённай сельскагаспадарчай вытворчасці…
– Па разліках эканамістаў, рэнтабельнасць вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі атрымаецца па году каля 10 працэнтаў.
– А сярэдняя зарплата?
– Сярэдняя зарплата ў сельскагаспадарчай галіне раёна складзе 4 мільёны рублёў. Самымі высокааплачваемымі работнікамі на вёсцы з’яўляюцца механізатары – тыя, хто працуе на энергаёмістай тэхніцы (пры ўмове, што працуе выдатна!), атрымліваюць у месяц каля 15 мільёнаў рублёў. Дадайце сюды яшчэ двухразовае бясплатнае харчаванне, якім яны забяспечваюцца з ранняй вясны і да позняй восені, – гэта яшчэ паўтара мільёна... Стэрэатып “будзеш дрэнна вучыцца – пойдзеш у трактарысты” сёння разваліўся на дробныя аскепкі, таму што быць высакакласным механізатарам у наш час і пачэсна, і аплатна.
– Андрэй Уладзіслававіч, калі ласка, абрысуйце кораценька стан спраў у жывёлагадоўлі.
– За 10 месяцаў бягучага года ў сярэднім ад каровы атрымана 4480 кілаграмаў малака, што на 115 кілаграмаў менш, чым у папярэднім годзе. Па году, калі верыць прагнозным паказчыкам, будзе атрымана 5280 кілаграмаў малака (-77). “Аўтарства” раённага малочнага мінуса належыць СВК “Варняны” і “Гервяты”. А асноўная прычына заключаецца ў рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў (“Газа”, “Беразоўка”), у перафарміраванні дойных статкаў і ўводзе ў эксплуатацыю новых малочна-таварных комплексаў (“Дайлідкі”). Падобныя змяненні ў жывёлы, як правіла, выклікаюць стрэсавы стан і адмоўна адбіваюцца на вытворчасці. Але ігнараваць будаўніцтва і рэканструкцыю нельга – будучыня за новымі тэхналогіямі.
– Якія вынікі ў адкормачнай галіне?
– Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы за 10 месяцаў склала 675 грамаў. Лідар традыцыйны – СВК “Гервяты”, які атрымаў у сярэднім па 785 грамаў ад кожнай галавы на адкорме і дарошчванні. Па году гэты паказчык абяцае вырасці да 685 грамаў.
Валавая прывага буйной рагатай жывёлы за год складзе 5576 тон, свіней – 2397 тон. Сумарны вынік адкормачнікаў раёна – 8032 тоны ялавічыны і свініны.
Што тычыцца рэалізацыі, то за 10 месяцаў гаспадаркі раёна паставілі перапрацоўшчыкам 6119 тон мяса ялавічыны і свініны – да ўзроўню 2012 года гэта 106 працэнтаў.

– Андрэй Уладзіслававіч, наколькі мне вядома, у рэспубліцы рыхтуецца новая праграма рэфармавання сельскай гаспадаркі. І ў сувязі з гэтым кожны раён падрыхтаваў праект свайго бачання будучых рэформ. Якія змяненні, на вашу думку, павінны быць першаснымі ў падобнай праграме?
– Самым першым пытаннем, якое патрабуе неадкладнага вырашэння, лічу рэструктурызацыю даўгоў, або хаця б іх адтэрміноўку на 2-3 гады. Сёння гаспадаркі толькі па працэнтах на крэдыты павінны выплачваць банкам па 1 мільярду рублёў у месяц. У такіх умовах цяжка выжыць. Тое ж самае тычыцца і лізінгаў. Па-другое, я змяніў бы палітыку дзяржаўнай падтрымкі сельскагаспадарчай вытворчасці. На мой погляд, лепш было б вярнуцца да надбавак да закупачных цэнаў на таварную сельскагаспадарчую прадукцыю, у выніку якіх у гаспадарку кожны месяц прыходзілі дадатковыя грошы за рэалізаваныя малако, мяса, бульбу і г.д. Так, выкарыстанне гэтых грошай рэгламентавана: на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак і мінеральных угнаенняў. Гэта менавіта тыя расходныя артыкулы, без якіх не абысціся…
Па-мойму, варта “прытармазіць” з будаўніцтвам. Не спыніць яго, а менавіта “прытармазіць”, знізіць тэмпы, каб даць магчымасць гаспадаркам разлічыцца за тое, што ўжо пабудавана. Не лішнім было б разабрацца і ў цэнах на будаўніцтва – чаму дом у беларускай вёсцы каштуе 120 тысяч умоўных адзінак, а ў Турцыі на беразе мора – толькі 35 тысяч?
Яшчэ адзін спрэчны момант – прыбытак ад таварнай прадукцыі, львіная доля якога кладзецца ў кішэню перапрацоўшчыкаў. Канешне, я не супраць – няхай атрымліваюць, але чаму б у падобных прыбытках не паўдзельнічаць і непасрэднаму вытворцу сыравіны?

– 2013 год аказаўся не самым спрыяльным для сельскагаспадарчых вытворцаў – па многіх пазіцыях узровень мінулага года аказаўся недасягальным. У такіх умовах свята ўсё роўна адбудзецца?
– Абавязкова адбудзецца. Людзі стараліся, працавалі. Лічу, што асноўныя тэхналагічныя моманты вытворчасці былі прыменены ў вытворчасці. На належным узроўні аказалася і працоўная дысцыпліна. У большасці “мінусаў” аб’ектыўныя прадпасылкі. Таму… “Людзі не вінаваты, – сказаў на абмеркаванні будучага свята старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Яны працавалі, як след. І ў такой сітуацыі маральнае і матэрыяльнае заахвочванне будзе ўспрынята як своеасаблівы аванс, як стымул працаваць яшчэ больш старанна”.
– Прапаную закончыць гэтую не асабліва святочную размову традыцыйным віншаваннем.
– З задавальненнем. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы падзякаваць усім, хто працуе ў нашай вельмі няпростай галіне – у сельскай гаспадарцы. Нават у самой яе назве закладзена слова “гаспадар”. Дык жадаю вам, паважаныя працаўнікі вёскі, каб кожны з вас адчуваў сябе гаспадаром на сваёй зямлі, не забываючы пры гэтым пра тую вялізную адказнасць перад нівай і перад краінай, якую гэтае ганаровае званне накладвае на кожнага  з нас. Здароўя! Дабрабыту! Ладу ў сем’ях! Важкага коласа і малочных рэк!


---------------------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР, фота аўтара.