Республиканский семинар по вопросам перспективного развития вольерных охотничьих хозяйств прошёл на базе Островецкого лесхоза

09:00 / 03.11.2013
На мінулым тыдні на базе ДЛГУ “Астравецкі лясгас” адбыўся рэспубліканскі семінар па пытаннях перспектыўнага развіцця вальерных паляўнічых  гаспадарак. Узначаліў семінар начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Міхайлавіч Шастакоў.

У рабоце семінара, які прайшоў на базе ДЛГУ «Астравецкі лясгас», прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі, галоўныя  паляўніцтвазнаўцы дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў і лясгасаў, прадстаўнікі Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Беларускага ваеннага таварыства паляўнічых, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, прыватных і іншых паляўнічых гаспадарак рэспублікі, вучоныя.


Адкрыў семінар начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Міхайлавіч Шастакоў. У сваім выступленні ён спыніўся на заканадаўчых  аспектах, якія рэгулююць вальернае ўтрыманне жывёл. Сяргей Міхайлавіч таксама адзначыў, што буйныя вальерныя гаспадаркі (Нацыяльнальныя паркі “Белавежская пушча” і “Прыпяцкі”) дазваляюць захаваць і павялічыць колькасць рэдкіх і паляўнічых відаў жывёл, а таксама штогод прыносяць салідныя даходы. Пагэтаму мерапрыемствы, прадугледжаныя Дзяржаўнай праграмай развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2015 гады, будуць рэалізоўвацца ў лесагаспадарчых установах і далей.
Дырэктар Астравецкага лясгаса Рыгор Мечыслававіч Долгі расказаў пра эканамічныя паказчыкі паляўнічай гаспадаркі. Так, за мінулы год яна  прынесла адзін мільярд рублёў даходаў, з якіх 300 мільёнаў рублёў зароблена дзякуючы вальернай гаспадарцы і рэалізацыі жывёл.
Лесапаляўнічая гаспадарка “Астравецкая” размяшчаецца на тэрыторыі чатырох лясніцтваў – Катлоўскага, Астравецкага, Палушскага і Варнянскага – і  займае тэрыторыю 35 тысяч гектараў, 21 тысяча з якіх – гэта лясныя ўгоддзі. Два дамы паляўнічага дазваляюць адначасова прыняць да 20 паляўнічых як з Беларусі, так і замежжа.
У Астравецкім лясгасе таксама актыўна развіваюць экалагічны турызм. Ідэя аб стварэнні экалагічнай сцяжынкі ўвасобілася – і цяпер кожны жадаючы можа пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі, ландшафтнымі і прыроднымі асаблівасцямі нашага краю. Экалагічная сцяжынка носіць аднайменную назву з прозвішчам апошніх уладальнікаў маёнтка у Задворніках, а зараз Домам паляўнічага – “У Альбекаў”.
Удзельнікі семінару азнаёміліся з аб’ектамі паляўнічага комплексу ў Задворніках: домам, у якім спалучаюцца ўсе сучасныя дасягненні цывілізацыі  і “паляўнічы” інтэр’ер, лазняй, старадаўнім склепам, альтанкай на дэкаратыўным вадаёме. Таксама ля Дома паляўнічага ёсць лядоўня – спецыяльнае памяшканне для разбору і захоўвання дзічыны.
У кар’еры ля сядзібы ўдзельнікаў рэспубліканскага семінару чакала стральба па мішэнях – “бягучы кабан” і “лятаючыя талерачкі”. Адным з перспектыўных відаў паляўнічай дзейнасці, які ў хуткім часе збіраюцца развіваць у Астравецкім лясгасе, з’яўляецца паляванне ў вальерах з арбалета і лука. Трапіць востраканечнай стралой у мішэнь атрымалася не толькі ў спецыялістаў, якія дэманстравалі свае навыкі, але і ў некаторых удзельнікаў семінара. А майстар спорту па стральбе з блочнага лука Алег Лаўрэнцьеў расказаў прысутным пра класіфікацыю і асаблівасці гэтага віду зброі. Майстар-клас па стральбе з лука ў аб’емныя мішэні ўразіў прысутных і пацвердзіў высокае спартыўнае званне лучніка.
Наступным пунктам, які наведала дэлегацыя, стаў вальер для ўтрымання жывёл.
У 2006 годзе ў Астравецкім лясгасе прыступілі да будаўніцтва вальера згодна з метадычнымі рэкамендацыямі вучоных інстытута заалогіі  Нацыянальнай акадэміі навук па засяленню і стварэнню новай папуляцыі высакароднага аленя. За год быў пабудаваны вальер плошчай 205 гектараў, які складаецца з трох адсекаў. У першым вырошчваюцца высакародныя алені, завезеныя сюды з Белавежскай пушчы з мэтай стварэння новай папуляцыі.  У другім – плямістыя алені і дзікія кабаны. Трэці адсек стаў “месцам жыхарства” еўрапейскай лані, якую завезлі з Літвы.
За пяць гадоў, якія прайшлі пасля завозу высакароднага аленя, у натуральнае асяроддзе пражывання было выпушчана 50 асобін. “Жывёльны перапіс”  паказаў, што на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі зараз налічваецца каля 100 асобін гэтага віду.
За гэты час таксама было рэалізавана 72 асобіны маладняку лані еўрапейскай. У хуткім часе новымі жыхарамі аднаго з адсекаў стануць муфлоны.
У вальернай паляўнічай гаспадарцы зараз працуюць тры егеры, паляўніцтвазнаўца і рабочы па догляду за жывёлай.
З вальераў удзельнікі семінару перамясціліся на комплекс біятэхнічных збудаванняў у Палушскім лясніцтве. Падкормачныя пляцоўкі, кармушкі,  вышкі для адстрэлу і назірання, ёмістасці для запасу зерня дазваляюць арганізаваць догляд за дзікімі жывёламі. У гэтым годзе да кармавой базы  дабавілася 20 гектараў зямлі.
У інфармацыйным цэнтры дырэкцыі будаўніцтва АЭС кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Э.І. Свірыд расказаў пра Беларускую АЭС, прынцыпах яе  работы і ступенях абароны.
Другая частка семінара насіла тэарытычна-прыкладны характар. Рыгор Мечыслававіч Долгі расказаў пра стварэнне, эканамічныя асаблівасці і перспектывы развіцця вальера для ўтрымання жывёлы, а таксама спыніўся на новых накірунках развіцця гэтай сферы: экалагічным турызме і паляванні ў вальеры з лукам.
Выконваючы абавязкі дырэктара УП “Белдзяржпаляванне” А.І. Казарэз азнаёміў прысутных са станам папуляцыі капытных жывёл у рэспубліцы і перспектывамі павелічэння іх колькасці ў выніку развядзення ў няволі. З дакладам на тэму засялення ў Беларусь новых паляўнічых відаў жывёл выступіў малодшы навуковы супрацоўнік “Навукова-практычнага цэнтра па НАН Беларусі па біярэсурсам” П.А.Велігураў.
Вопытам работы ў развіцці вальерных гаспадарак падзяліліся інжынеры па паляўнічай гаспадарцы Лепельскага, Іўеўскага і Бярэзінскага лясгасаў і  загадчык паляўнічай гаспадаркі ТАА“Інтэр-сервіс”. Пра новы накірунак у айчыннай вальернай гаспадарцы – фазанарый – расказаў прадстаўнік ААТ  “Гродзенскі мясакамбінат”, на базе якога не першы год існуе гаспадарка па развядзенню фазанаў.
Прадстаўнік Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя спыніўся на пытаннях атрымання ліцэнзій на паляванне ў памежнай паласе і забаронных зонах. Прадстаўнік дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання расказаў пра правілы ўвозу на тэрыторыю Беларусі дзікіх жывёл, а таксама ў сваім выступленні спыніўся на праблеме распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.
Вынікі семінара падвёў начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Міхайлавіч Шастакоў, які даў высокую ацэнку падрыхтоўцы да семінару, па выніках якога будуць распрацаваны рэкамендацыі па развіццю вальернай гаспадаркі.


---------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і Івана ПЕТРЫКА.