В совхозе "Подольский" выращивали новый лён

10:00 / 07.09.2013
Лён – культура тэхнічная. Пасля адпаведнай перапрацоўкі з яго валакна атрымліваюцца прыгожыя, непераўзыдзеныя па гігіенічнасці, заўсёды модныя і далёка не танныя тканіны. Здавалася б, пры такой пастаноўцы пытання цэны на сыравіну павінны быць – ого-го!

Насамрэч ужо многа гадоў лён не адорвае сваіх гаспадароў значным прыбыткам – добра, калі па выніках года наогул не становіцца стратным. І гэта з улікам таго факту, што ручной працы ў вырошчванні блакітнавокага ў апошнія гады не стала. Нават уздым трасты (хто з нас не калоў сабе рукі на гэтай асенняй рабоце?!) цяпер механізаваны: льняныя стужкі падымае з зямлі і скручвае іх ў вялізныя (і ўдваіх не падняць) круглыя шпулі прэс-падборшчык, у кузавы МАЗаў яны загружаюцца з дапамогай “Амкадораў”.
– Вырошчванне лёну сапраўды не прыносіць адчувальных дывідэнтаў, – пагаджаецца намеснік дырэктара саўгаса “Падольскі” па раслінаводству Алеся Іванаўна Вялічка. – Аднак адмахнуцца ад гэтай культуры мы не можам – льнозаводам патрэбна сыравіна. Таму мы стараемся знаходзіць кампрамісныя шляхі.
Адным з такіх шляхоў, па якому, дарэчы, падальчане сёлета пайшлі ўпершыню (для раёна гэта таксама навінка!), стала вырошчванне алейнага лёну.
–Вясной мы набылі насенне алейнага лёну (нямецкі сорт “лугіна”) і пасеялі яго на 20-ці гектарах, – расказвае Алеся Іванаўна. – Норма высеву – 40 кілаграмаў на гектар (у даўгунца – 100 і больш). Цікава было назіраць за яго развіццём. Аказалася, алейны лён значна мацней, чым звычайны, кусціцца. Хоць з улікам нашых супясчаных глебаў, думаю, яго норму высеву на наступны год варта будзе ўсё ж павялічыць.
Насенныя каробачкі “навінкі” больш буйныя, чым у яго валакністага брата, насенне – круглейшае і больш важкае. Выкарыстоўваюць яго для вырабу льнянога алею, вельмі неабходнага як у прамысловасці, так і ў харчовай галіне.
Дарэчы, вучоныя сцвярджаюць, што рэгулярнае ўжыванне льнянога алею павышае разумовыя здольнасці чалавека – нішто не перашкаджае праверыць гэта на практыцы!
– З 20 гектараў мы намалацілі 31 тону насення алейнага лёну. Цяпер на сушылцы даводзім яго да адпаведных кандыцый вільготнасці, – працягвае А.І. Вялічка. – Пакупнік ужо ёсць, і цана, якую ён прапаноўвае, цалкам задавальняе. Словам, алейны лён – ужо сёння можна сцвярджаць гэта – прынясе саўгасу нядрэнны прыбытак.
Але не алейным адзіна… На ўчастках, дзе вырошчваўся, усміхаўся нябеснымі вочкамі лён-даўгунец, кіпіць работа: спачатку палоскі разасланай трасты падымаюцца з дапамогай успушвальніка, потым яны “рулоняцца” прэсамі, загружаюцца ў кузавы грузавікоў і транспартуюцца на Ашмянскі льнозавод. Праўда, нумарнасць валакна, якую выстаўляюць яму завадскія лабаранты, пакуль не асабліва радуе.
– Пакуль убіраем горшы ўчастак, – кажа Алеся Іванаўна. – Спадзяёмся, на другім лён акажацца больш якасным.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.