Посевная в СПК "Гервяты" прошла рекордными темпами

13:00 / 17.05.2013














Вось жа змаглі! Сабраліся! Амаль на два тыдні пазней мінулагодняга распачалі сёлетнюю пасяўную земляробы Астравеччыны, але, дзякуючы граматнай арганізацыі кампаніі, умудрыліся перавысіць мінулагоднія тэмпы і зрабіць усё, каб да мінімуму звесці страты на старце і сваю працоўную перамо-гу прысвяціць 68-ай гадавіне Вялікай Перамогі – да 9-га мая пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры.

У СВК “Гервяты” на сяўбе-2013 працуюць два “Джон Дзіры”, тры “Беларусы-3022” з пасяўнымі агрэгатамі і адна сеялка СПУ. Агульнымі намаганнямі ў сярэднім за дзень у гаспадарцы засяваецца каля 240 гектараў яравых культур, што складае 5 працэнтаў ад агульнага плана іх сяўбы.
Паралельна з сяўбой яравых збожжавых і зернебабовых культур тут паскоранымі тэмпамі сеюць кукурузу і цукровыя буракі – яшчэ тры спецыялізаваныя сеялкі. Кукурузнае поле сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва, дарэчы, сёлета будзе складацца з 1000 гектараў, 250 з якіх будуць прызначаны для абмалоту на зерне. Цукрова-бурачны клін складзе 400 гектараў.





Добрымі тэмпамі ідзе ў гаспадарцы перадпасяўная падрыхтоўка глебы, якой займаюцца шэсць культыватараў і тры агрэгаты АКШ. У падборы камення з палёў дапамагаюць добраахвотнікі з розных арганізацый раённага цэнтра. А на ўнясенні ў асноўную запраўку мінеральных угнаенняў працуюць тры раскідвальнікі РМУ-8000, тры цэнтрабежныя раскідвальнікі “Амазонія” і гонар агранома – дзве “Расы”.










– Не столькі гонар, – гаворыць галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Іванавіч Кірпа, – колькі надзея і першы памочнік. У пояс гатовы пакланіцца канструктарам “Расы”. Сёлета, да прыкладу, па краях палёў яшчэ ляжаў снег, а мы ўжо змаглі “ўлезці” ў поле – распачаць падкормку азімых культур вадкім канцэнтраваным азотным угнаеннем. І ніякай каляіны пры гэтым! На нашых роўных палях глебавая вільгаць, у якой няма магчымасці сцякаць у паніжаныя месцы, звычайна трымаецца доўга, не дазваляючы распачынаць веснавыя работы, а “Раса” ўнесла прыемныя карэктывы ў звычайны графік. Дзякуючы гэтым двум агрэгатам, мы хутка завяршылі падкормку азімых збожжавых культур і рапсу.






Сёлетняя пасяўная для Дзяніса – першая самастойная. Працаваць у гаспадарцы ён пачаў толькі з ліпеня мінулага года – лічы, адразу з уборкі ўраджаю, пасеянага яго папярэднікам. Першая – таму асабліва хвалюючая. Так хочацца, каб ўсё атрымалася, як вучылі настаўнікі: каб якасць падрыхтоўкі глебы і сяўбы была выключна выдатнай, а тэмпы пры гэтым – рэкорднымі. А калі выходзіць не зусім так, як плануецца, Дзяніс гатовы літаральна начаваць на полі, каб толькі выправіць сітуацыю.
Кірпа – патомны аграном. Яго дзядуля Яўстафій Віктаравіч Шах у свой час таксама закончыў агранамічны факультэт і ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Ён і “падсадзіў” унука на земляробства – Дзяніс з маленства калясіў разам з дзедам па палях тады яшчэ калгаса імя Чапаева, глядзеў, як і што робіць дзед. Малады тэхнолаг палёў пры патрэбе і сёння не саромеецца звярнуцца па параду да вопытнага дзядулі…





Хутчэй бы… Хутчэй бы адсеяцца. Аграном з надзеяй глядзіць, як цягнуцца да сонца раўнюткія рады першых усходаў будучага ўраджаю. Як яно атрымаецца на выхадзе? Ці ўсё прадугледзеў?


– Добра, што наш старшыня Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч па спецыяльнасці аграном, – гаворыць Дзяніс. – З любымі сумненнямі можна звярнуцца да яго. Хаця і кантроль з яго боку за раслінаводствам, вядома ж, павышаны.






Падтрымаць маладога агранома, а заадно і лепшых працаўнікоў сёлетняй пасяўной ў СВК “Гервяты” прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Канстанцінавіч Грыцкевіч. З агульнараённага фонду, створанага сёлета аб’яднанымі намаганнямі прафсаюзаў розных галін, ён уручыў васямнаццаці перадавікам гервяцкай сяўбы грашовыя прэміі ў памеры 100 тысяч рублёў. Зрэшты, не толькі ўручыў – з кожным сейбітам Мікалай Канстанцінавіч паразмаўляў, пацікавіўся нормамі зменнай выпрацоўкі, сістэмай аплаты, умовамі працы і харчавання.



КАРОТКАЯ ДАВЕДКА

Па стану на 15 мая гаспадаркі раёна засеялі 14865 гектараў яравых культур (81 працэнт плана), 11530 гектараў з якіх – збожжавыя і зернебабовыя культуры (96 працэнтаў). У збожжавай групе засталося дасеяць 420 гектараў грэчкі і проса, але пакуль сяўба гэтых цеплалюбівых культур не пачыналася.
З-за неспрыяльных умоў зімоўкі загінула 2640 гектараў азімых збожжавых – іх перасеў яравымі культурамі завершаны.
Цукровыя буракі пасеяны на 800 гектарах (100%), яравы рапс – на 720 (100%), лён – на 320 гектарах (100%), бульба – на 134 гектарах (СВК “Гудагай” завяршыў пасадку бульбы першым у раёне), кукуруза – на 1911 гектарах (42%).


-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.