Работники сельскохозяйственного кооператива "Ворняны" первыми получили денежные премии за проведение посевной кампании

07:30 / 07.05.2013
Старшыня СВК "Варняны" Юрый АдулаСёлетняя зацяжная вясна моцна ўскладніла правядзенне сяўбы, уціснула яе тэрміны ў жорсткія рамкі. Для таго, каб падтрымаць працаўнікоў, занятых на пасяўной, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў асобе яго старшыні Мікалая Канстанцінавіча Грыцкевіча, які, дарэчы, узначальвае яшчэ і раённае каардынацыйнае аб’яднанне прафсаюзаў, звярнуўся да сваіх калег з іншых райкамаў з прапановай аб выдзяленні грашовых сродкаў на прэміраванне лепшых сейбітаў. Камітэты адказалі згодай – у выніку быў створаны прэміяльны фонд у памеры 10 мільёнаў рублёў.

Узнагароджваць было вырашана па намінацыях: унясенне арганічных угнаенняў і “мінералкі”, падрыхтоўка глебы, падвоз насення, угнаенняў і г.д., сяўба.
Першымі прафсаюзнае заахвочванне прымалі працаўнікі СВК “Варняны” – 22 механізатары, вадзіцелі і паляводы атрымалі грашовыя прэміі ў памеры 100 тысяч рублёў.
Нельга не дадаць, што ў самой гаспадарцы ў гэты час абвешчаны 10 ударных дзён, па выніках якога пераможца ў кожнай намінацыі атрымае прэміяльныя ў памеры 2,5 мільёна рублёў.





Дарэчы, “варнянскай” сістэмай заахвочвання прадугледжана і прэмія для спецыялістаў: пры ўмове заканчэння сяўбы ў абумоўлены тэрмін намеснік старшыні па раслінаводстве, намеснік па механізацыі і галоўны інжынер атрымаюць грашовае ўзнагароджанне ў памеры 100 мінімальных заробкаў. Загадчыкам участкаў “пагражае” прэмія ў памеры 5 мільёнаў, а іх намеснікам – 2 мільёны.
Акрамя таго, эканамісты СВК “Варняны” вядуць старанны падлік звыштэрміновай перапрацоўкі кожным удзельнікам сяўбы – усе звышнарматыўныя гадзіны будуць складзены, і ў чэрвені сейбіты атрымаюць матэрыяльнае ўзнагароджанне за перапрацоўку.
І хаця абыякавых на сяўбе няма – усе працуюць не за страх, а за сумленне – усё ж матэрыяльнае стымуляванне надае працы асаблівую афарбоўку, прыўносіць ў штодзённыя абавязкі азарт і павышаную зацікаўленасць.
Дык пажадайма варнянскім сейбітам плённай працы!
























-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.