Безналичный расчёт поможет сэкономить

17:00 / 31.03.2013
Папулярнасць безнаяўных разлікаў – гэта не толькі жаданне банкаў, але і патрабаванне сучаснага жыцця.

Для таго, каб выпусціць купюру наміналам у 1 тысячу беларускіх рублёў, дзяржава затрачвае 100 рублёў. Гэта працэдура дарагая па прычыне высокай ступені засцярогі грошай. Пагэтаму зараз у большасці магазінаў, кафэ, на запраўках устаноўлены тэрміналы для безнаяўных разлікаў.
Большасць прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна пералічвае заработную плату сваім працаўнікам на пластыкавыя карткі, а не выдае на рукі. Колькасць пластыкавых картак, якія знаходзяцца ў абароце ў раёне, – звыш 10 тысяч. Некаторым людзям складана прывыкнуць да новаўвядзення. Іншыя ж з дапамогай пластыкавых картак не толькі разлічваюцца за пакупкі, але аплачваюць і камунальныя плацяжы.
Безнаяўны разлік гарантуе захаванасць грашовых сродкаў. У выпадку, калі чалавек страціў кашалёк, у якім знаходзілася пластыкавая картка, з дапамогай аднаго тэлефанавання яе можна заблакіраваць.
Спектр паслуг, якія прадстаўляюць дзяржаўныя і камерцыйныя банкі, разнастайны – гэта і інтэрнэт-банкінг, М-банкінг, sms-банкінг. З дапамогай тэхнічных сродкаў у любы час можна даведацца пра астатак грашовых сродкаў, гісторыю разлікаў, пералічыць грошы з аднаго картрахунку на другі. Пластыкавыя карткі дазваляюць ажыццяўляць аплату крэдытаў, штрафаў і авіябілетаў.
Перад наяўнымі грашыма ў пластыкавых картак ёсць шэраг пераваг: многія магазіны, пункты гандлю і сэрвісу прадстаўляюць скідкі тым кліентам, якія карыстаюцца безнаяўным разлікам. Карыстальнікі пластыкавых картак таксама могуць атрымаць прызы і грашовыя выйгрышы ў конкурсах, якія штогод праводзяць банкі.
Кожны трэці жыхар Астравеччыны карыстаецца пластыкавай карткай, і ў Год беражлівасці эканоміць не толькі ўласныя грашовыя сродкі, але і дзяржаўныя.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.


Фота з сайта plastikovaya-banka-dlya-ikry.odejda-uhod.ru.