В планах на 2013 год - 7 тысяч килограммов молока от коровы

08:00 / 25.03.2013
Малочна-таварны комплекс “Малі” быў пабудаваны адным з першых у раёне.
Калі больш дакладна, другім – пасля Варнянскага МТК “Кярняны”. А калі яшчэ больш дакладна, то першым тыпавым, таму што Кярнянскі комплекс з разраду так званых “прыстасаваных”.

– Гэтае “першародства” вельмі ўскладніла нашу задачу на старце, – расказвае начальнік комплексу Люцыя Мечыславаўна Драцкая. – Вядома, за “вопытам” мы папярэдне з’ездзілі ў суседні раён, але ўвогуле вучыцца давялося на ўласных памылках – праблемы, якія ўзнікалі ў перыяд фарміравання статка, мы вырашалі эксперыментальным шляхам. Хоць, азіраючыся назад, можна сказаць, што, нягледзячы на ўсё тагачаснае “паленне нерваў”, спрацавалі мы нядрэнна. Прынамсі, рэзкага спаду надояў не дапусцілі. І на шчасце, нам удалося не страціць наш калектыў. “Лішнюю” даярку Валянціну Леанідаўну Лукша перавялі ў цялятніцы на дарошчванні, Алену Іосіфаўну Бычкоўскую – у цэх сухастою, Анатоль Канстанцінавіч Хілько стаў аператарам машыннага даення, Віктар Вацлававіч Лукашэвіч займаецца рамонтам абсталявання – усе яны, дарэчы, выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.


Сёння на малочна-таварным комплексе “Малі” ўтрымліваецца 1000 галоў буйной рагатай жывёлы, 534 з якіх – дойны статак, 55 – нецелі, 192 – цялушкі дарошчвання, 97 – цялушкі аднаўлення і 122 – цяляты.


– Пры ўмове, што даільная зала комплексу разлічана на 600 галоў, – каменціруе лічбы намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Валянцін Чаславаіч Далговіч, – шчыльнасць кароў нельга назваць задавальняючай.
– Да канца 2013 года шляхам уводу ў малочны статак высокапрадуктыўных першацёлак мы плануем павялічыць яго да 570 галоў, – адказвае начальнік комплексу. – А вось даводзіць яго да планавай лічбы ў 600 галоў, лічу, немэтазгодна – на ўласным вопыце мы ўпэўніліся, што гэта непазбежна прывядзе да скучанасці жывёлы, следствам якой стане пагаршэнне мікракліма, а адпаведна – і падзенне надояў.


Надой малака ад каровы – асноўны паказчык дзейнасці кожнай фермы. На комплексе “Малі” за 2012 год у сярэднім ад каровы надоена па 6224 кілаграмы малака (пятае месца сярод ферм раёна, другое – сярод малочна-таварных комплексаў Астравеччыны). Дынаміка надояў па гадах выглядае наступным чынам: у 2008 годзе тут надаілі ў сярэднім ад каровы комплексу 4579 кілаграмаў, у 2009 – 4881, у 2010 – 5002, у 2011 – 5254. Арыенцір надою-2013 – 7 тысяч кілаграмаў ад рагулі.







– Вытокі росту надояў, – гаворыць Люцыя Мечыславаўна, – мы бачым як у далейшай распрацоўцы тэхналогіі вытворчасці прадукцыі, так і ва ўдасканаленні селекцыйнай работы. Але і адно, і другое грунтуецца на так званым чалавечым фактары, таму пастаянная падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў – адна з надзённых задач нашага жывёлагадоўчага прадпрыемства.

Пра кадры, дарэчы, Люцыя Мечыславаўна гатова расказваць бясконца – калектыву “Маляў”, лічыць яна, у высокай ступені ўласцівы тэхналагічны прафесіяналізм, самаадданасць, дысцыплінаванасць і творчы падыход да працы. “Вучыцца і яшчэ раз вучыцца!” – падштурхоўвае яна сваіх падначаленых. І небезвынікова. Да прыкладу, сённяшні намеснік начальніка комплексу Ганна Вацлаваўна Ушко ў нядаўнім мінулым была даяркай, па настаянні Люцыі Мечыславаўны, закончыла Смілавіцкі каледж і атрымала дыплом заатэхніка.







– Вось бы яшчэ Андрэя Сячынскага ўгаварыць падвучыцца, – гаворыць Л.М. Драцкая. – Унікальны чалавек! Ён працуе звычайным даглядчыкам, але як ставіцца да сваёй працы! Андрэй ведае кожную карову, так бы мовіць, “у твар”. Яму не патрэбны нумары. І для мяне, і для селекцыянераў комплексу ён – лепшы дарадчык. Якім класным заатэхнікам ён можа стаць, калі падвучыцца! Не, пакуль я не адмаўляюся ад сваіх планаў адносна Андрэя – кропля, як кажуць, камень точыць…


Поспех сучаснай жывёлагадоўлі грунтуецца на трох “кітах”, імя якім: кармленне, мікраклімат і селекцыйная работа. Кармавы рацыён статка МТК “Малі” прадуманы да дробязей – якасныя сянаж і сілас тут шчодра прыпраўляюцца камбікармамі, прыгатаванымі ў камбікормавым цэху гаспадаркі, і ўсімі неабходнымі дабаўкамі. Потым гэтая сумесь здрабняецца і перамешваецца ў “чэраве” кормараздатчыка “Гаспадар”, з дапамогай якога ўжо ў гатовым выглядзе трапляе на кармавыя сталы рагуль. Дарэчы, у адрозненне ад большасці ферм раёна, сухое рэчыва каровы МТК “Малі” атрымліваюць, паядаючы якаснае сена, а не традыцыйную для такіх выпадкаў салому. Пра мікраклімат “спальняў” комплексу можна расказваць доўга – парадак, чысціня, адсутнасць непрыемных пахаў. У паілках – праточная вада. На падлозе – мяккі “цюфяк” з саломы. Кожная клетка абсталявана нават спецыяльнымі шчоткамі- часалкамі, якія, дарэчы, у кароў карыстаюцца папулярнасцю – ля кожнага такога прыстасавання пастаянна “наводзяць лоск” адна-дзве рагулі.
Селекцыйнай і лячэбнай работай на МТК займаюцца Андрэй Мечыслававіч Калпак, які плённа сумяшчае дзве пасады – урача-гінеколага і тэхніка-асемянатара, і Алёна Іосіфаўна Калпак. Абавязкі яны падзялілі: Андрэй займаецца дойным статкам, Алёна – сухастоем і цялятамі прафілакторыя.


– Своечасовая вакцынацыя цялят – мая першачарговая задача, – гаворыць Алёна Іосіфаўна. – Гэта аснова атрымання нармальных высокапрадуктыўных цялушак аднаўлення. Таму што з цяляці, якое перахварэла ў маленькім узросце, не варта чакаць добрую карову. Да малышоў прывыкаеш. Неўзабаве іх пачынаеш адрозніваць па размяшчэнні плямак на мордачцы, па паводзінах. І так шкада, калі нешта з імі ўсё ж здараецца!.. Глядзіць на цябе сумнымі вільготнымі вочкамі і нават паказаць не можа, дзе баліць – дыягнастуем захворванне на выснове візуальнага агляду. Дзякуй богу і кіраўніцтву СВК, недахопу ў лякарствах мы не адчуваем – усе патрэбныя прэпараты ёсць у наяўнасці. Здараюцца, канешне, часам выпадкі, калі дапамагчы цяляці немагчыма… Што раблю? Сядаю каля яго і плачу…


Але такія адмоўныя выпадкі для МТК “Малі” – рэдкая з’ява, таму што выхад цялят на сто кароў тут складае 86 галоў – нядрэнны паказчык. Нараджаюцца нават блізняты.


– Вось гэтыя два – з апошніх “двайняшак”, – падыходзіць да клеткі з малышамі Алёна. – Нарадзіліся яны маленькімі, сапраўднымі кацянятамі. Нават на рукі адразу страшна было ўзяць. А цяпер, гляньце, намаганнямі цялятніцы Вольгі Чаславаўны Зянкевіч і яе памочніцы Наталлі Маргентал дагналі сваіх равеснікаў – нічым ад іх не адрозніваюцца.


У прафілакторыі не толькі мікраклімат – псіхалагічная абстаноўка асаблівая: яна, калі можна так сказаць у адносінах да жывёлагадоўлі, светлая і прасякнутая любоўю. І няхай гаспадыні Вольгі Чаславаўны ў момант наведвання яе гадаванцаў не было – яе клопат аб “малышні”яскрава чытаўся па стане ўкормленасці цялят, па іх спакойным стане, па тым, з якім даверам яны цягнуліся да рук.


– Старшыні нашай гаспадаркі Эдуарду Іванавічу Садоўскаму так спадабалася работа нашых цялятніц, што нядаўна ён нават паабяцаў набыць для прафілакторыя МТК “малочнае таксі”, – задаволена сміхаецца Люцыя Мечыславаўна. – Як, вы не ведаеце, што гэта такое?! Гэта такі тэрмас на калёсах, разлічаны на 150-200 літраў малака. Дастаткова задаць яму праграму – і ён сам разбавіць, пастэрызуе і давядзе да неабходнай тэмпературы малако, прызначанае для выпайкі цялятам. Патрэбны агрэгат – чакаем з нецярпеннем.







У прафілакторыі прыемна і ўтульна, але “сэрца” малочна-таварнага комплексу ўсё ж “б’ецца” ў даільнай зале – у асаблівым памяшканні, вынікі працы якой выстаўляюць канчатковую адзнаку ўсёй дзейнасці жывёлагадоўчага прадпрыемства. Дойкай 534 кароў займаюцца дзве даяркі.
Мне не раз даводзілася бываць у даільных залах комплексаў, але ўпершыню (пасля настойлівай просьбы) удалося спусціцца ў святая-святых – у непасрэдную зону дзейнасці даярак. Адсюль, знізу ўсё выглядае крыху інакш – перад тваімі вачамі шэраг вымяў, кожнае з якіх трэба прамыць са спецыяльнага краніка і працерці сурвэткай. Потым здойваюцца першыя струмені малака, у якіх могуць назапашвацца бактэрыі – і толькі пасля гэтага надзяваюцца прысоскі даільнага апарата…
Паток… Канвеер... Ад пастаяннага руху кругам ідзе галава. Вопытныя даяркі Уладзіслава Браніславаўна Анімуцкая і Галіна Юльянаўна Семянчук назіраюць за маёй разгубленасцю не без усмешкі.

– Пры старым спосабе дойкі, – расказваюць яны, – нашым абавязкам было прывязаць карову, калі яна вяртаецца з выпасу, падмыць, падаіць, зноў адвязаць. Ды скрабком папрацаваць, выдаляючы гной, таксама прыходзілася рэгулярна. Цяпер кола абавязкаў звузілася да непасрэднай дойкі. Нельга сказаць, што гэта лёгкая праца – пры трохразовай дойцы, якая існуе на нашай ферме, за дзень у нас не знаходзіцца і пятнаццаці хвілін на тое, каб прысесці і адпачыць. Мы ў пастаяннай рабоце. Цяжка, канешне, але сучаснасць і ў жывёлагадоўлі дыктуе свае законы. Затое ў адрозненне ад пастаянных скразнякоў “прывязнікаў” мы працуем у цяпле. Ды і зарплату атрымліваем нядрэнную…







Чатыры даяркі, якія абслугоўваюць дойны статак “Маляў”, працуюць пазменна – Людміла Браніславаўна Арлоўская і Таццяна Іосіфаўна Кулевіч у гэты дзень адпачывалі. Свой графік працы і ў даглядчыкаў, якія адказваюць за чысціню “спальных” памяшканняў і за дасягальнасць кармоў на кармавым стале – каровы, паядаючы сумесь, распіхваюць яе ў розныя бакі, і даглядчыкі перыядычна павінны падсоўваць корм бліжэй да пысаў рагуль.

– Летам дзеля аздараўлення дойнага статка мы выганяем кароў на выпас, – расказвае начальнік комплексу. –Тады нашы даглядчыкі – Андрэй Станіслававіч Сячынскі, Юрый Вайцехавіч Казырскі і іншыя – становяцца пастухамі. Дарэчы, у 2012 годзе праведзена перазалужэнне пашы побач з фермай, і гэта яшчэ адна магчымасць прыбаўкі надояў. Так усё ж хочацца дасягнуць запаветнай сямітысячнай адзнакі ў надоях!..


Калі ў калектыву ёсць агульная мэта і існуюць усе перадумовы для яе ажыццяўлення – хіба могуць быць нейкія абмежаванні ў дасягненнях?! Вось і я кажу: усё задуманае жывёлаводамі малочна-таварнага комплексу “Малі” абавязкова здзейсніцца.


-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.