В планах - стать первыми!

12:00 / 05.03.2013
У 2006 годзе ферма “Кярняны” першай у раёне стала малочна-таварным комплексам з камп’ютарызаванай даільнай залай. У адрозненне ад іншых комплексаў, яна не ўзводзілася “з нуля”, а была “прыстасавана” да старых жывёлагодоўчых будынкаў. У параўнанні са сваімі “тыпавымі” сяброўкамі ферма невялікая – у “спальных” памяшканнях “Кярнян” утрымліваецца ўсяго 360 галоў дойнага статка. Не можа пахваліцца малочна-таварны комплекс і суперсучасным абсталяваннем – нямецкая даільная ўстаноўка “Імпульс”, што ўстаноўлена тут, ужо знята з вытворчасці…

–…І знайсці запчасткі для яе рамонту немагчыма, – развівае тэму заатэхнік-селекцыянер МТК “Кярняны” Уладзімір Тадэвушавіч Янкойць. – Цяпер уся надзея на нашага аператара машыннага даення. Балазе, ён у нас майстар на ўсе рукі… І працягвае далей: – Наша ферма, сапраўды, з прыстасаваных, але вынікі ў нас ніколькі не горшыя, чым на тыпавых. Прынамсі, сярод ферм нашай гаспадаркі з года ў год менавіта наш МТК дабіваецца ў надоях самых лепшых вынікаў. Хоць па выніках 2012-га, на жаль, мы – толькі другія. Канешне, аналізуем сітуацыю, кааб сёлета выправіць дапушчаныя промахі і вярнуцца ў лідары. Рагулі “Кярнян”, як і большасці малочна-таварных комплексаў, пераведзены на круглагадавое аднатыпнае кармленне. Хаця ў апошнія год-два частку малочнага статка сталі ганяць на пашу. – Пры ўсіх плюсах аднатыпнага кармлення, – укліньваецца ў размову ветэрынар комплексу Мар’ян Мар’янавіч Таль, – цяжка перацаніць станоўчы ўплыў, які аказвае на фізіялагічны стан жывёлы выпас – чыстае паветра, сонца, магчымасць для жывёлы “размяць” ногі, выбраць менавіта тую траўку, якую хочацца… На жаль, побач з комплексам няма пашы, памер якой адпавядаў бы нашаму пагалоўю… Усё пагалоўе комплексу разбіта на дзевяць груп: акрамя чатырох малочных, гэта тры групы сухастою, радзільнае аддзяленне і група, так бы мовіць, рэабілітацыі, у якую аб’яднаны каровы пасля родаў або пасля перанесенай хваробы. Группы дойных кароў фарміруюцца па надоях – у першую аб’яднаны самыя высокаўдойныя рагулі, якія на піку актацыі даюць па 40 і больш літраў малака ў дзень. Для іх створаны асаблівыя ўмовы ўтрымання – найбольш прадуктыўныя каровы пераведзены на так званы “авансаваны” тып кармлення, які прадугледжвае выдачу дадатковай колькасці канцэнтраваных кармоў. Спецыялісты селекцыйнай службы гаспадаркі да такіх кароў ставяцца з асаблівай увагай – цялушкі, атрыманыя ад мам-рэкардсменак, часта таксама радуюць сваіх гаспадароў высокімі надоямі. Хаця, як лічыць Уладзімір Тадэвушавіч Янкойць, далёка не заўсёды. – Нярэдка раптам аднекуль “вылазяць” прабабуліны гены, і надоі атрымліваюцца зусім не такія, на якія мы спадзяваліся, – гаворыць заатэхнік-селекцыянер. – Тады цялушку пасля дакладнай праверкі яе прадуктыўнасці найчасцей даводзіцца выбракоўваць. А вось з тымі, што апраўдалі наш давер, праводзіцца далейшая скурпулёзная работа. Штучнае асемяненне высокапрадуктыўных кароў – атрыманне перспектыўнага маладняку – стварэнне аптымальных умоў для вырошчвання здаровых і малочных кароў аднаўлення – праз такія “прыпынкі” ідзе дарога да вялікага малака. Нам бы яшчэ абсталяванне змяніць на больш сучаснае… Ды каб пашу непадалёк ад комплексу… І якасных кармоў бы пабольш… А яшчэ каб… – А калі б раптам з’явілася залатая рыбка і сказала: “Гатова выканаць ваша адзінае жаданне, якое тычыцца выключна працы”. Што б вы папрасілі ў чараўніцы? – Хм-м… Вось так, каб адно… Ды нічога, напэўна, і не прасіў бы. Кожны дзень узнікаюць новыя праблемы, і кожны дзень мы іх вырашаем… Не, дакладна не прасіў бы – і без рыбкі сёлета абавязкова станем першымі ў вытворчасці малака ў гаспадарцы. А можа, і не толькі ў гаспадарцы…


-------------------------------------- Ганна ЧАКУР, фота аўтара