Прошел семинар животноводов Островетчины

15:00 / 17.10.2012

Вось ужо сапраўды: усё цячэ і ўсё мяняецца. І тое, што яшчэ ўчора падавалася нязменным і асноватворным, сёння – толькі асобнасць.


Яшчэ адносна нядаўна галоўнай задачай, якая стаяла перад жывёлаводамі, было накарміць статак удосталь. Ні для каго не сакрэт, што на “постперабудовачныя” фермы перыядычна “наведвалася” вясенняя бяскорміца, і тады рацыён кароў складаўся амаль з адной саломы, прычым прывазной з іншых раёнаў, а то і з суседняй вобласці. Не хапала канцэнтратаў – большасць кароў у пашавы перыяд іх не атрымлівала наогул.
Але расла ўраджайнасць збожжавых культур, паляпшаліся кармавыя ўгоддзі, удасканальвалася нарыхтоўчая тэхніка, і неўзабаве колькасць нарыхтоўваемых кармоў стала пераўзыходзіць патрэбнасць у іх – на фермах з’явіўся так званы “пераходзячы” запас сенажу і сіласу, канцэнтраты сталі выдзяляцца дойнаму статку на працягу ўсяго года. Забяспечанасць кармамі паставіла перад жывёлаводамі новую задачу: кармы павінны быць якаснымі.
Сёння за якасцю кармоў наладжаны старанны кантроль – пробы сенажу і сіласу аналізуюцца ў лабараторыі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.
Наступны этап далейшага развіцця тэхналогій – збалансаванасць рацыёна жывёлы па неабходных элементах. У некаторай ступені ён падкарэкціраваў вядомую прымаўку наконт таго, што малако нараджаецца ў каровы на языку. Таму што сёння вытокі малака, фігуральна выказваючыся, зараджаюцца раней – у рабочым камп’ютары заатэхніка, на якім ён складае будучы рацыён, стараючыся прадугледзець усе нюансы рацыянальнага ўтрымання жывёлы.
У рацыён малочнага статка пачалі актыўна ўводзіцца жом, патаку, жмых, самыя розныя кармавыя дабаўкі. Да некаторай ступені сучасныя фермы сталі ператварацца ў свайго роду біялагічна-даследчыя лабараторыі.





На мінулым тыдні ў раёне адбыўся семінар-нарада жывёлаводаў, прысвечаны рабоце малочна-таварных комплексаў. У адпаведнасці з праграмай семінара, яго ўдзельнікі наведалі амаль усе падобныя комплексы, існуючыя ў раёне. У рабоце кожнага з іх – свае плюсы. У “Германішках” (СВК “Гудагай”) выдатна арганізавана работа з маладняком: першы перыяд свайго жыцця цяляты праводзяць у спецыяльных індывідуальных доміках, а праз нейкі час, пасля таго, як яны падужэюць і стануць больш самастойнымі, іх перасяляюць на спецыяльную пляцоўку – па 5-6 галоў у клетцы.
Малочна-таварны комплекс “Маркуны” (СВК “Міхалішкі”) вызначаецца ўзорнымі чысцінёй і парадкам у яго вытворчых памяшканнях, а яшчэ вельмі сучаснымі траншэямі для закладкі грубых кармоў, узведзенымі, дарэчы, сіламі будаўнічай брыгады самаго кааператыва.
А “мінусы” атрымаліся агульнымі: нераздзяленне “сухастою” па перыядах сцельнасці і недастаткова якаснае прыгатаванне кармавой сумесі. У адных у рацыёне пакуль што няма сенажу (даспявае да неабходных кандыцый), у другіх – ён празмерна вільготны, у трэціх – занадта буйна здробненай аказалася салома.
А вось да корму, якім ласаваліся рагулі малочна-таварнага комплексу “Рымдзюны” (СВК “Гервяты”), прэтэнзій не ўзнікла – аптымальная вільготнасць, адпаведная здробленасць кампанентаў і дакладнае іх перамешванне.
Дарэчы, высокую якасць рымдзюнскай сумесі можна было вызначыць літаральна з уваходных дзвярэй – па апетыту, з якім яе паядалі каровы.
І “сухастой” тут раздзелены ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі сучаснай жывёлагадоўлі.
Чаму так важна, каб каровы розных перыядаў сцельнасці ўтрымліваліся ў розных секцыях? Таму, што карміць іх неабходна па-рознаму.
На думку галоўнага заатэхніка СВК “Гервяты” Андрэя Мар’янавіча Бушмовіча, сцельную карову трэба карміць так, каб яна атрымлівала ўсё неабходнае для плода, і ў той жа час, каб яна не стала празмерна тлустай. Таму на пэўным этапе з рацыёна каровы выключаюцца канцэнтраты – фактычна сцельная карова атрымлівае толькі сянаж і сена.
А вось за дваццаць дзён да расцёлу яе трэба перавесці на звычайны рацыён – на кармавым стале рагулі павінны прысутнічаць усе кампаненты паўнацэннага корму. Гэта робіцца для таго, каб да моманту расцёлу карова паспела аднавіць мікрафлору рубца, а значыць, не зменшыла надой пасля ацёлу.
– І яшчэ адзін момант, – засяродзіў увагу калег Андрэй Мар’янавіч. – Цяля, якое знаходзіцца ў чэраве каровы-маці, націскае на яе страўнік, у выніку чаго апошні скарачаецца ў некалькі разоў. Для таго, каб аднавіць страўнік у поўным аб’ёме, у рацыён каровы трэба ўвесці кармы, якія дапамагаюць аднаўленню так званай страўнікавай “кніжкі” каровы.
– Нельга недаацэньваць і эфектыўнасць кармавых дабавак, – прадоўжыў Бушмовіч. – Прычым іх падбор – справа тонкая. Неабходнасць у канкрэтных элементах мы вызначаем на выснове папярэдніх аналізаў кармоў. Спецыялісты фірмы “Біяком”, з якімі мы супрацоўнічаем, адбіраюць (зазначу: бясплатна – гэта паслуга ўключана ў цану прэпаратаў) пробы сенажу, сіласу і іншых відаў кармоў (прычым робяць гэта не менш, як у пяці месцах сянажнай ямы і на розных узроўнях яе глыбіні) і праводзяць падрабязны аналіз. На выснове атрыманых даных сумеснымі намаганнямі мы і складаем “пакет” біядабавак.
Пры ўсёй сучаснасці абсталявання, якім укамплектаваны малочна-таварныя комплексы, пры іх аднатыпным кармленні на працягу ўсяго года і “гарадскіх” умовах утрымання ўсё ж выкарыстоўваць комплексы трэба галоўным чынам для раздою кароў – на гэтым моманце ўвагу “семінарыстаў” засяродзіў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька, які і ўзначаліў гэтую рабочую сустрэчу.
– Высокапрадуктыўных кароў, якія пасля расцёлу даюць 20 і больш кілаграмаў малака, трэба пераводзіць на фермы з традыцыйным прывязным спосабам утрымання, – сказаў, у прыватнасці, Адам Дзмітрыевіч. – І фарміраваць з іх высокаўдойныя групы. З адпаведным доглядам і кармленнем. Своеасаблівая персаналізацыя такіх кароў дазволіць выкарыстоўваць іх па 5-6 лактацый. У той час, як на комплексах – толькі па 2-3 лактацыі. А для таго, каб даяркі комплексаў не адчувалі сябе пакрыўджанымі, трэба прадумаць дадатковыя ўмовы аплаты іх працы. Да прыкладу, можна даплачваць да асноўнага заработка 15-працэнтную надбаўку.
– Але даільнае абсталяванне на такіх фермах павінна быць аналагічным таму, якім укамплектаваны комплексы, – выказаў сваю думку дырэктар селекцыйна-племяннога цэнтра Генадзь Іванавіч Малочка.
– Безумоўна, – згадзіўся старшыня райвыканкама. – Інакш эфектыўнасць раздою будзе зведзена да нуля. На комплексах кароў дояць на абсталяванні фірмы “Дэлаваль” – ёсць яно і на некаторых фермах. А дзе няма – трэба набыць. Думаю, раённы бюджэт знойдзе магчымасць матэрыяльна падтрымаць гаспадаркі ў гэтым пытанні.
Падвядзенне вынікаў семінара адбылося ў актавай зале праўлення СВК “Варняны”. Увазе яго ўдзельнікаў былі прапанаваны негатыўныя стоп-кадры – фотаздымкі недахопаў, выяўленых на фермах і комплексах гаспадарак. Большасць з іх тычылася незадавальняючага стану прыфермскіх выгулаў, парадак на якіх ва ўмовах асенніх ападкаў падтрымліваць няпроста.






Далей было абмеркаванне ўбачанага на семінарскіх аб’ектах, а таксама падвядзенне вынікаў вытворчасці малака і мяса за тры кварталы бягучага года. Як адзначыў у сваім выступленні начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, многіх негатыўных момантаў у жывёлагадоўчай вытворчасці можна было б пазбегнуць, калі б адносіны да справы і кіраўнікі гаспадарак і іх падначаленыя больш адказна ставіліся да сваіх абавязкаў. Але размова ішла ў канструктыўным (“Пакуль – у канструктыўным…” – зазначыў начальнік райсельгасхарчу) русле – адразу ж прапаноўваліся шляхі выкаранення выяўленых недахопаў і тэрміны для правядзення належнай работы.
Заключным этапам семінара, у рабоце якога прынялі ўдзел кіраўнікі гаспадарак, галоўныя заатэхнікі і ветэрынарныя ўрачы, а таксама спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і падведамасных службаў на чале з яго начальнікам А.У. Янчэўскім, і ўзначаліў які старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька, стаў навукова-папулярны фільм “Фізіялогія атрымання малака”, выпушчаны Гродзенскім аграрным універсітэтам і прысвечаны страўнікава-кішэчнаму шляху кароў і працэсам, якія ў ім адбываюцца.

--------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.