Сахарная свекла с Островетчины

06:00 / 24.09.2012

Як бы ні страшылі нас дактары наступствамі празмернага ўжывання цукру, яго рэалізацыя з кожным годам павялічваецца. І значыць, цукровыя буракі (сыравіна для яго вытворчасці) з’яўляюцца стратэгічнай культурай. Да таго ж іх вырошчванне прыносіць земляробам грунтоўны прыбытак.







Да ўборкі цукровікаў СВК “Гервяты” і “Гудагай” прыступілі 1 верасня. Канешне-канешне, – адразу адкажам абураным знатакам бурачных тэхналогій, – буракі маглі паспяхова расці яшчэ добры месяц. Але і тэрмін іх уборкі скараціўся б роўна настолькі ж. А вывазка?! Пачынаючы з 1-га верасня, кожны дзень на чыгуначную станцыю Гудагай Слуцкі цукровы завод прысылае за сыравінай па 10 вагонаў, якія тут жа запаўняюцца салодкімі караняплодамі і адпраўляюцца назад. Пагрузка нярэдка расцягваецца да надыходу цемры.
Па стане на 19 верасня земляробы СВК “Гудагай” сабралі 4,9 тысячы тон буракоў, СВК “Гервяты” – 2,1 тысячы. На Слуцкі завод паступіла 6,8 тысячы тон цукровікаў. І работа працягваецца.
СВК “Гудагай” свае салодкія караняплоды выкапаў на плошчы 100 гектараў (усяго ў гаспадарцы іх налічваецца 150 гектараў), СВК “Гервяты” – на плошчы 40 гектараў (пасеяна 400 гектараў).



Ураджайнасць нядрэнная – у сярэднім па раёне яна складае 508 цэнтнераў (у “Гудагаі” – 503, у “Гервятах” – 516). Але ў параўнанні з мінулым годам, калі астравецкія буракі аказаліся самымі важкімі ў вобласці, “мінус” атрымліваецца даволі салідным – амаль 200 цэнтнераў на круг.
Галоўнай прычынай недароду цукровых буракоў загадчык сектара раслінаводства райсельгасхарчу Алеся Іванаўна Вялічка бачыць у празмерных ападках сёлетняга лета, якія вымылі з глебы, перамясцілі ў недасягальныя для караняплодаў слаі бор і іншыя функцыянальна неабходныя мікраэлементы. А недахоп таго ж бору блакіруе паступленне ў расліны пажыўных рэчываў, г.зн. тармозіць іх рост.
Тым не менш па папярэдніх разліках, даведзенае раёну заданне продажу цукровых буракоў у памеры 35 тысяч тон будзе выканана.



А што тычыцца ранніх тэрмінаў іх уборкі, то міністэрствам сельскай гаспадаркі прадугледжана 20-працэнтная надбаўка да закупачнай цаны, якая дзейнічае ў перыяд з 1 па 25 верасня. Так што гаспадаркі, прадаючы буракі ў верасні, атрымліваюць упаўне адэкватную аплату.

—————————————-
Ганна ЧАКУР.