Нежеланный островецкий лен

18:00 / 23.09.2012

Той, што яшчэ нядаўна яснымі сінімі вочкамі ўглядаўся ў нябёсы… Што пад подыхам ветру гуляў па прасторы амаль марскімі хвалямі… Той, што цягнуўся да сонца скрозь непагадзь незадаўшагася на надвор’е лета…


Ён паспеў не проста вырасці, сфарміраваць і даспеліць свае галоўкі – рассцелены руплівай рукой гаспадара ў роўныя радкі, даўгунец напіўся жнівеньскіх цяжкакроплевых росаў, размяк у абдымках бялёсых туманаў і, не дачакаўшыся кастрычніка, скінуў з сябе лубок кастры, каб стаць валакном. Будучай кашуляй, сукенкай або абрусам…
Раённае льняное поле, якое некалі прасціралася на пару-тройку тысяч гектараў, сёння скукожылася да трох соцень – нізкія закупачныя цэны на лён і цяжкасці, звязаныя з яго вырошчваннем, вывелі “блакітнавокі” з разраду так званых выгадных культур кшталту пшаніцы, рапсу ці цукровых буракоў. Ён стаў нерэнтабельным – і таму нежаданым.
Сёлета ў СВК “Варняны” было пасеяна 170 гектараў лёну, у саўгасе “Падольскі” – 150. Па тэхнічных прычынах 70 гектараў варнянскага даўгунцу давялося спісаць, на астатніх гектарах ён падняты і звезены ў Варонскія шохі – часовае льносховішча Смаргонскага льнозавода. Падольцы паднялі трасту на 118 гектарах. Абедзьве гаспадаркі здалі на льнопрыёмныя пункты амаль аднолькавую колькасць льновалакна – 57 і 58 тон адпаведна. Сярэдняя нумарнасць невысокая – 0,8. Прычым падольскі лён аказаўся больш якасным – перапрацоўшчыкі прысвоілі яму нумарнасць 0,91, у той час, як варнянскаму лёну – толькі 0,75.






План продажу лёну, даведзены гаспадаркам Астравеччыны на 2012 год, складае 320 тон. Па стане на 17 верасня ён выкананы на 36 працэнтаў. Паколькі варнянцы свае “льнокатышкі” завезлі на прыёмны пункт амаль што ў поўным аб’ёме, надзея толькі на ільнаводаў саўгаса “Падольскі”.
Ужо і не верыцца, што яшчэ з дзясятак гадоў таму лён падымалі ўручную. Цяпер пад’ём трасты – цалкам механізаваны працэс. І замест невялічкіх снапкоў пакаціліся па ільнянішчах здаравенныя рулоны.

—————————————-
Ганна ЧАКУР.