Щедрый на "второй хлеб" год для Островетчины

17:00 / 21.09.2012

Надыход восені для беларусаў непазбежна асацыіруецца з уборкай “другога хлеба”. Куды б ні ехаў, куды б ні ішоў – паўсюдна цябе, нібы гірлянды святочных фэставых сцяжкоў, вітаюць раўнюткія рады белых бульбяных мяхоў, вакол якіх, не звяртаючы ўвагу на болі ў згорбленых спінах, завіхаецца рой “скарбашукальнікаў”– людзі капаюць бульбачку.


Асабліва шматлюдна ў гэтыя дні на калгасных бульбянішчах – на дапамогу земляробам прыходзяць гараджане. Гаспадаркі разлічваюцца з памагатымі галоўным чынам “натурай”: бульбай, кансервамі, крупамі або мукой. Найчасцей гарадскі “дэсант” выбірае бульбу – сабе на зіму засыпаць, а калі застанецца, то лішак рэалізаваць тым, хто не можа ці не хоча зарабляць “дармовую” бульбачку.
На палях СВК “Гервяты” “скарбашукальніцтвам” займаюцца пасланцы раённага цэнтра занятасці, працаўнікі жыллёва-камунальнай службы, вучні Гервяцкай, Дайлідскай і абедзьвюх Рымдзюнскіх школ.
Дарэчы, сёлетні ўраджай “другога хлеба” сапраўды можна параўнаць са скарбам: у сярэднім па раёне з кожнага гектара бульбянішча збіраюць па 319 цэнтнераў клубняў, а ў СВК “Гервяты” – па 329 цэнтнераў.






– 329 цэнтнераў з гектара – гэта ў сярэднім па гаспадарцы, – гаворыць намеснік загадчыка вытворчага ўчастка СВК “Гервяты” Мікалай Дудук. – Сорт “сантана”, да прыкладу, даў каля 600 цэнтнераў на круг. Бульбіны выраслі такімі гіганцкімі, што на Гальшанскім крухмальным заводзе, куды мы паставілі частку сабранага ўраджаю, абсталяванне не змагло здрабніць клубні – не пралазілі скрозь тэхналагічныя адтуліны.
Беларускія сарты “журавінка” і “брыз” у памерах прайграюць галандскай “сантане”– затое выгляд клубняў у іх значна больш таварны. “Сантанаўскую” бульбіну вагой да двух кілаграмаў можна выкарыстоўваць у прамысловых або тэхнічных мэтах – на харчовыя патрэбы лепш выбіраць нашы, айчыннай селекцыі, сарты.
Па стане на 19 верасня ў СВК “Гервяты” бульба выкапана на 24 гектарах. Прычым, не толькі рукамі людзей – літаральна напярэдадні пачатку ўборкі “другога хлеба” гаспадарка набыла бульбаўборачны камбайн. Як расказаў Віталіюс Гудойцюс, які працуе на новым агрэгаце, за змену камбайн выкопвае бульбу з плошчы ў два гектары. Дапамагаюць Віталіюсу чатыры паляводы, якія, стоячы на спецыяльнай пляцоўцы камбайна, займаюцца выдаленнем камянёў з транспарцёра, па якому перасоўваецца паток клубняў.



– Нашы палі багаты камянямі, – лічыць Гудойцюс. – І гэта ўскладняе працэс уборкі. А яшчэ адмоўна адбіваецца на вузлах камбайна, якія кантактуюць з сабранай масай. Таму перасоўвацца па полі даводзіцца на паніжанай скорасці.
…А бульбяныя горы на пляцоўцы ля бульбасховішча, нягледзячы на ўсе складанасці падчас уборкі, растуць.



Па стане на 17 верасня на перапрацоўчыя заводы Астравеччына паставіла 230 тон бульбы. Агульнараённы план яе пастаўкі – 1100 тон. Але, мяркуючы па ўраджайнасці, гаспадаркі Астравеччыны накапаюць больш за 7 тысяч тон. Паўтары тысячы тон клубняў будзе засыпана ў якасці пасадачнага матэрыялу. Лёс яшчэ чатырох з паловай тысяч тон пакуль невядомы. Як і закупачная цана на бульбу. Зрэшты, як паведаміў галоўны спецыяліст па нарыхтоўках сельгаспрадукцыі М.М. Верамейчык, у раён пачалі паступаць прапановы аб супрацоўніцтве ў галіне нарыхтоўкі бульбы. Так, літаральна днямі сваё жаданне закупіць астравецкую бульбу выказалі прадстаўнікі Казахстана. Штогод набываюць яе і расійскія мегаполісы Піцер і Масква. Частка будзе рэалізавана праз сетку прыватных прадпрымальнікаў.
Словам, пакуль капачы капаюць, кіраўнікі галовы ламаюць: куды збыць багаты ўраджай “другога хлеба”?

-------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.