Ворнянская продукция: спрос превышает предложение

12:30 / 14.09.2012
1

У сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Варняны” шмат абліччаў. Для мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі ён – правафланговы ў вытворчасці свініны, якой у сярэднім за год рэалізуе больш за дзве тысячы тон. Для нарыхтоўшчыкаў “другога хлеба” – выдатны бульбавод, у бульбасховішча якога кожную восень трапляе больш за тысячу тон клубняў. Для малочных заводаў – выток малочнай ракі, аб’ём якой за год складае 10 тысяч тон. Аматары старажытнасці захапляюцца ўнікальным архітэктурным ансамблем Варнян, прыхільнікі сучаснага дызайну – стыльным афармленнем адміністрацыйнага будынка СВК, маладажоны і закаханыя прызначаюць рандэву на востраве кахання ля чырвонай варнянскай вежы…


Яшчэ адно аблічча, і разам з тым накірунак дзейнасці гаспадаркі – перапрацоўка.
Мясаперапрацоўчы цэх у “Варнянах” пачаў выпуск прадукцыі сем гадоў таму. Спецыялізаваўся ён на выпуску кансерваў “Свініна па-хатняму”. Былі спробы разнастаіць асартымент, але “Свініна” аказалася па-за канкурэнцыяй. Гэтаму кансерваванаму прадукту, як кажуць яго вытворцы, рэклама не патрэбна – попыт перавышае прапанову. А сакрэт папулярнасці – у рэцэптуры: у той час, як, у адпаведнасці са стандартамі, колькасць тлушчоў не павінна перавышаць 60 працэнтаў змесціва бляшанкі, у варнянскай “Свініне па-хатняму” іх – не больш 20-ці працэнтаў. Такія кансервы – і ў суп, і ў смажанку, і – проста ў прыкуску з хлебам.
За змену мясаперапрацоўчы цэх выпускае 2 тысячы бляшанак свініны.
Нядаўна з’явіўся на рынку, але ўжо паспеў заваяваць яго – варнянскі шашлык “Смачны”. А ўсё таму, што, купляючы гэты прадукт, пакупнік сапраўды набывае натуральнае мяса – без кавалкаў сала, жылаў, без соі і іншых напаўняльнікаў. У залежнасці ад сітуацыі і тэрмінаў спажывання шашлычок можна набыць на выбар: ахалоджаны або замарожаны.
Спецыяльна для тых, хто любіць не столькі есці, колькі ласавацца, варнянцы выпускаюць рабрынкі “Каўказскія”, якія, як і шашлык, расфасаваны па кілаграму ў празрыстыя вядзерцы.
Гурманы Астравеччыны “ганяюцца” за варнянскімі каўбаскамі-грыль “Купецкія”, аднойчы паспытаўшы якія, адразу ж унеслі іх у разрад “незвычайна смачна”.
Асобны накірунак дзейнасці цэха – фаршы. Яны выпускаюцца двух відаў: “Свіны” і “Сталовы” (свініна плюс ялавічына). Гаспадыні набываюць іх з задавальненнем – буйны размол мяса дазваляе ўпэўніцца ў адсутнасці сухажылляў, соі і іншых прымесяў.
А яшчэ варнянцы прадаюць мясную разрубку, салёныя сала і грудзінку, а таксама субпрадукты. І ў бліжэйшы час збіраюцца распачаць выпуск купатаў “Панскіх”…
Частка прадукцыі, якую выпускае мясаперапрацоўчы цэх гаспадаркі, выкарыстоў-ваецца ў якасці аплаты за запчасткі, мінеральныя ўгнаенні, насенне і інш. Але ў першую чаргу прадукцыя СВК “Варняны” паступае ва ўласную гандлёвую сетку, якая складаецца з чатырох стацыянарных магазінаў (у Астраўцы, Варнянах, Трокеніках і Вароне), а таксама крамы на калёсах, якая па спецыяльна складзенаму графіку адну за другой аб’язджае вёскі Астравеччыны з такім разлікам, каб раз на тыдзень наведаць кожную з іх, нават самую аддаленую.
Асартымент варнянскіх магазінаў можа паспрачацца з гарадскімі – тут шырока прадстаўлены не толькі мясныя, але і малочныя прадукты, бакалея, напіткі, тытунёвыя вырабы, садавіна і гародніна…
Для насельніцтва варнянскія крамы – гэта якасныя і свежыя прадукты, а для самой гаспадаркі – магчымасць заўсёды мець у касе кааператыва наяўныя грошы.
Вось так шчасліва супадаюць у СВК “Варняны” інтарэсы вытворцаў і спажыўцоў.


---------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.