Островецкий завод "Радиодеталь" не стоит на месте

16:40 / 13.09.2012

Астравецкі завод “Радыёдэталь” – гэта прадпрыемства з больш як 40-гадовай гісторыяй. Зборачна-мантажны ўчастак займаецца вытворчасцю электраразмеркавальнай і рэгулюючай апаратуры, участак металаапрацоўкі спецыялізуецца на выпуску агульнамашынабудаўнічых вузлоў і дэталей. А як робяцца вароты, агароджы, металічныя дзверы, рашоткі і многае іншае, можна ўбачыць на ўчастку зварных металаканструкцый.


На ўчастку металаапрацоўкі метал у руках прафесіяналаў ператвараецца ў карысныя рэчы – агульнамашынабудаўнічыя вузлы і дэталі, крапёжныя вырабы, вырабы з дроту. Практычна ўся электрамантажная група тралейбусаў, якія выпускаюцца заводам “Белкамунмаш”, – вытворчасці цэху металаапрацоўкі Астравецкага завода “Радыёдэталь”. Акрамя таго, прадукцыя ўчастка пастаўляецца на такія буйныя прадпрыемствы рэспублікі, як ААТ “МАПІД” г. Мінск, ААТ “Радыётэхніка” г. Ашмяны, СП “Тантал” г.Мінск, УП “Мінатор-Сэрвіс”. Аснашчанасць цэха станкамі з лічбавым праграмным кіраваннем дае магчымасць асвойваць новыя камплектуючыя для сельскагаспадарчай тэхнікі: перахаднікі, штуцэры, восі і іншыя дэталі з больш складанай канфігурацыяй і высокадакладнымі памерамі. Адным з перспектыўных накірункаў работы з’яўляецца выраб металаканструкцый. Участак зварных металаканструкцый быў створаны ў 2004 годзе. Пачыналі з простых скрынак для кабеляў. Сёння ж гэта самы высокааснашчаны ўчастак – некалькі гадоў назад былі набыты плазмарэз і профілегіб.





– Сюды мы прыклалі шмат сіл і сродкаў, – расказвае дырэктар прадпрыемства Валянцін Баляслававіч Гульбіновіч. – Але ўжо сёння мы бачым аддачу. Так, асваенне вырабу стойлавага абсталявання для ферм з ацынкаванай сталі дапамагло нам выйсці з крызісу ў 2009 годзе. Акрамя таго мы вырабляем вароты, агароджы, кантэйнеры для смецця, паштовыя скрынкі. За 7 месяцаў бягучага года на ўчастку выраблена прадукцыі прыкладна на 1,8 мільярда рублёў.
Работа на зборачна-мантажным участку таксама не стаіць на месцы. З усёй рэспублікі на прадпрыемства паступаюць заяўкі на выраб электраразмеркавальнай і рэгулюючай апаратуры. Падаўжальнікі з электраразеткай, з провадам ПВС рознай даўжыні, трохжыльныя шнуры з заліўкай вілкі з зазямляючым кантактам для еўрападаўжальнікаў, вулічныя ліхтары і ўнутраныя лямпы асвятлення на аснове светладыёдаў, якія спажываюць у тры разы менш электраэнергіі – асартымент прадукцыі тут пастаянна абнаўляецца. З пачатку года выраблена прадукцыі прыкладна на 1,9 мільярда рублёў.
Аднак самай важнай падзеяй гэтага года стала адкрыццё новага цэха па вырабу металапрофілю і металачарапіцы. Праект удалося рэалізаваць за адзін год. Аб’ём інвестыцый у вытворчасць склаў каля 0,5 мільярда рублёў, створана 5 новых працоўным месцаў. Мяркуецца, што магутнасць лініі дазволіць поўнасцю пакрыць патрэбнасці раёна ў гэтым відзе вырабаў.
– Гэты праект мы распачалі з мэтай удзелу завода ў будаўніцтве новага горада, – расказвае Валянцін Баляслававіч. – У мінулым годзе пабудавалі ангар, дзе размясціліся дзве лініі па вырабу металапрофілю і металачарапіцы. Дарэчы, заводам асвоены серыйны выпуск такіх ангараў памерам 12 на 36 метраў – іх можна выкарыстоўваць у якасці складскіх памяшканняў у сельскай гаспадарцы і будаўніцтве, цэхаў і станцый тэхабслугоўвання, сховішчаў для дроў.
Заказчыкаў доўга чакаць не давялося. Ужо сёння прадукцыю цэха па вырабу металапрофілю і металачарапіцы заказвае насельніцтва і прадпрыемствы нашага раёна – кардонная фабрыка “Альхоўка” і РУП ЖКГ. Акрамя таго, былі заказы ад ААТ “Гомельскі радыёзавод” і фірмы ТАА “Седнат”.


-------------------------
Вольга ШОЎКУН.
Фота аўтара.