"Северный вектор" приходит в Островец

13:32 / 21.08.2012

Трэці год запар тры паўночныя раёны Гродзеншчыны – Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі – прадэманструюць свае напрацоўкі ў эканамічнай сферы на выстаўцы-кірмашы “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. Сёлета ўдзельнікаў і гасцей гэтага мерапрыемства будзе прымаць Астравец. Выстаўка адбудзецца 8 верасня. Традыцыйным стане і Міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы развіцця”.


Як праходзіць падрыхтоўка і што чакае ўдзельнікаў і гасцей рэгіянальнай выстаўкі, нам расказаў намеснік старшыні райвыканкама па эканамічных пытаннях Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі:
– Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Астравецкі райвыканкам і Гродзенскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Для падрыхтоўкі да выстаўкі-кірмашу і міжнароднага эканамічнага форуму створаны аргкамітэт, які ўзначальвае старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Прадпрыемствы і арганізацыі раёна – камбінат бытавога абслугоўвання, аддзел культуры, раённы вузел паштовай сувязі, аддзел адукацыі – распачалі выраб прэзентацыйнай і сувенірнай прадукцыі.
Выстаўка-кірмаш прадукцыі вытворцаў паўночных рэгіёнаў Гродзеншчыны будзе праходзіць у зале “Галактыкі”, адкрытая экспазіцыя размесціцца па вуліцы К. Маркса – ад лесапаркавай зоны да цэнтра.
Ужо вызначаны ўдзельнікі выстаўкі – гэта 43 прадпрыемствы Смаргонскага раёна, 16 прадпрыемстваў Ашмянскага раёна і 25 – Астравецкага. Адметнасцю сёлетняй рэгіянальнай выстаўкі стане тое, што ў ёй прымуць удзел усе сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна, а таксама “Дырэкцыя будаўніцтва Беларускай АЭС” і падрадныя арганізацыі, занятыя на будаўніцтве атамнай станцыі. Традыцыйна сваю прадукцыю на выставе прадставяць Астравецкі завод “Радыёдэталь”, камбінат бытавога абслугоўвання, Астравецкае райспажыўтаварыства, фермерскія гаспадаркі “Світанак-Л”, “Астравецкая” і ТАА “Тэхнапласт”, “Верас”, “Бел-ЭЛСА”, ПВПУП “ДзяткоБуд”, Астравецкі лясгас. Падзеляцца сваімі напрацоўкамі ВГПУП “Эта-ком” (праграмнае забеспячэнне), ПВГУП “ТавіфаШык” (тэкстыльныя вырабы), кардонная фабрыка “Альхоўка”, ААТ “Еўрабрыкет”, “ВіслаБуд”, МПМК-158, РВПС і РВЭС.
Разасланы запрашэнні ганаровым гасцям, якія прымуць удзел у мерапрыемстве – гэта каля 200 чалавек, уключаючы прадстаўнікоў міністэрстваў, Дзяржаўных камітэтаў, Гродзенскага аблвыканкама і ўсіх раёнаў вобласці. Чакаецца прыезд замежных гасцей з Літвы, Расіі, Польшчы, Славакіі, Італіі, Азербайджана. Запрошаны Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі Уладзімір Дражын, старшыня гарадской акругі г. Сасновы Бор Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пуляўскі, прэзідэнт Фонду “Белыя росы” Расійскай Федэрацыі Ірына Рогава, консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Мікіта Мацкоўскі, нашы даўнія сябры і партнёры – прадстаўнікі Швянчонскага раённага самакіравання з Літоўскай рэспублікі і супрацоўнікі Лідзбаркска-Вармінскага павета з Польшчы.
Ужо падрабязна распрацаваны план і праграма правядзення рэгіянальнай выстаўкі. Па традыцыі, падчас яе адбудзецца Міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”. Акцэнт форума ў гэтым годзе будзе зроблены на пытаннях будаўніцтва Беларускай АЭС, а таксама – на турыстычных і рэкрэацыйных магчымасцях рэгіёна. Акрамя таго, будзе арганізавана работа кантактна-кааперацыйнай біржы, падчас якой будуць весціся перагаворы паміж прадстаўнікамі прадпрыемстваў, старшынямі райвыканкамаў і дзелавымі коламі, якія выкажуць зацікаўленасць удзельнічаць у сумесных праектах.
Плануецца правядзенне прэс-канферэнцыі для журналістаў з удзелам арганізатараў, прадстаўнікоў раёнаў, Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства эканомікі, пасольстваў, дыпламатаў.
Напрыканцы мерапрыемства запланавана сустрэча старшынь раёнаў з кіраўнікамі дэлегацый і ганаровымі гасцямі, падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве ў розных сферах дзейнасці, а таксама ўзнагароджанне ўдзельнікаў рэгіянальнай выстаўкі.
Дарэчы, “Паўночны вектар Гродзеншчыны” стане і культурным святам для гараджан і гасцей горада, якіх чакае насычаная забаўляльная праграма: канцэрт арганнай музыкі, конкурсная праграма “Песні памежжа”, паказальныя выступленні Гродзенскага аэраклуба, канцэрт зоркі беларускай эстрады Ірыны Дарафеевай і святочны феерверк.
Так што сумна не будзе нікому – ні дзелавым людзям, ні адпачываючым.



---------------------------

Вольга ШОЎКУН.