Раённая спажыўкааперацыя: дасягненні, недапрацоўкі, перспектывы

14:40 / 19.04.2012
5

Сакавіцкае пасяджэнне раённага выканаўчага прадстаўніцтва прайшло з шырокім удзелам высокіх гасцей з Гродна і Мінска. У ім прынялі ўдзел намеснік міністра гандлю Рэспублікі Беларусь Э.Б. Матуліс, намеснік старшыні Белкаапсаюза Г.Г. Галімаў, намеснік начальніка ўпраўлення гандлю Гродзенскага аблвыканкама А.А. Гавук, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гродзенскай вобласці М.К. Кендыш, старшыня праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварства С.А. Мікша.


Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька адзначыў, што яго актуальнасць вызначаецца нават не сённяшнім станам раённай спажыўкааперацыі, а тымі перспектывамі, які адкрываюцца перад ёй у сувязі з будаўніцтвам у Астраўцы горада энергетыкаў і недастатковай, на думку кіраўніка раённай вертыкалі, разваротлівасцю ў сувязі з гэтым кааператараў.
– Так, у спажыўкааперацыі шмат зроблена, асабліва ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнага стану, – сказаў Адам Дзмітрыевіч. – Абноўлены многія гандлёвыя кропкі – і ў горадзе, і на вёсцы. Санітарны стан дзяржаўных магазінаў у большасці сваёй не параўнаць з прыватнымі. Прадаўцы навучыліся ўсміхацца пакупнікам. Астравецкая спажыўкааперацыя займае высокія месцы ў вобласці. Усё гэта добра, але трэба дбаць пра перспектыву. Бо калі не падумаць пра яе сёння, то заўтра канкурэнты выцясняць кааператараў з гэтага рынку – ужо сёння яны працуюць у гэтым накірунку, прыходзяць з канкрэтнымі прапановамі, выкупляюць на аукцыёнах месцы пад будучыя гандлёвыя аб’екты. А дзяржаўны гандаль здае адну пазіцыю за другой. Да нас прыедуць тысячы людзей, і ўсіх іх трэба будзе накарміць, абагрэць, прадаставіць магчымасць набыць неабходныя тавары. А мы пакуль не гатовы да гэтага.
Яшчэ адна пазіцыя, па якой адбываецца падзенне паказчыкаў у раённай спажыўкааперацыі, – вытворчасць уласнай прадукцыі.
– Яшчэ пяць гадоў назад у структуры раённай выручкі амаль роўныя долі – прыкладна па 30 працэнтаў – займалі сельская гаспадарка, прамысловасць і гандаль. Па выніках мінулага года гандаль адстаў ад сельгасвытворцаў больш чым у два разы, ад прамысловасці – амаль у паўтара раза. І спасылкі на крызіс тут беспадстаўныя. У раёне ідзе такое будаўніцтва, а ў структуры тавараабароту райспажыўтаварыства толькі 17 працэнтаў займаюць нехарчовыя тавары. Сёння нашы людзі за кожным цвіком ці замком вымушаны ехаць за межы раёна. Так што кааператарам ёсць над чым падумаць і працаваць.
Такая “ўводная” старшыні райвыканкама, ды яшчэ прысутнасць высокіх гасцей з Гродна і Мінска настроіла прысутных на сур’ёзны тон размовы.
Намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі ў сваёй інфармацыі пастараўся ахарактарызаваць работу райспажыўтаварыства па ўсіх пазіцыях. Уладзіслаў Станіслававіч, у прыватнасці, адзначыў, што рознічны тавараабарот Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства за 2011 год склаў 69671 мільён рублёў – 104,4 працэнта да ўзроўню папярэдняга года ў супастаўных цэнах, за два месяцы гэтага года – 14398 мільёнаў рублёў, ці 100,5 працэнта. Сярэднемесячная рэалізацыя тавараў на аднаго жыхара за два месяцы года складае 286,2 тысячы рублёў – па гэтаму паказчыку раённыя кааператары трывала ўтрымліваюць другое месца ў вобласці.
Тавараабарот грамадскага харчавання ў мінулым годзе склаў 105,4 працэнта да ўзроўню папярэдняга года, а за два месяцы 2012 года – усе 132,4 працэнта ў супастаўных цэнах. Такому росту садзейнічае найперш тое, што грамадскае харчаванне раёна ўжо сёння корміць будаўнікоў АЭС у сталовай на 40 пасадачных месцаў на пляцоўцы будаўніцтва АЭС і, па словах старшыні праўлення райспажыўтаварыства М.Р. Блашкевіч, збіраецца пашыраць гэтую дзейнасць – ужо ў жніўні гэтага года плануецца адкрыць на будаўнічай пляцоўцы сталовую на 160 пасадачных месцаў, а ў перспектыве – на 500 месцаў, і карміць будаўнікоў на гэтых аб’ектах таксама маюць намер нашы кааператары.
Аднак Уладзіслаў Станіслававіч адзначыў, што пры гэтым удзельная вага рознічнага гандлёвага абароту астравецкіх кааператараў у агульным тавараабароце працягвае зніжацца. У 2011 годзе ён складаў 28,3 працэнта – гэта было на 1,8 працэнта ніжэй узроўню папярэдняга года, за два месяцы гэтага года – толькі 26,7 працэнта. Гэта звязана, па словах У.С. Ластоўскага, з павелічэннем рэалізацыі нафтапрадуктаў на аўтазаправачных станцыях раёна.
Была адзначана на пасяджэнні райвыканкама і вялікая работа райспажыўтаварыства па паляпшэнні матэрыяльнай базы. Так, у мінулым годзе былі праведзены рамонтныя работы і мадэрнізацыя ў 25 гандлёвых аб’ектах, у тым ліку ў пяці з іх – з заменай гандлёвага абсталявання, пераведзены на самаабслугоўванне 2 гандлёвыя аб’екты. У цяперашні час праводзіцца рэканструкцыя сталовай “Лаванда” ў пасёлку Гудагай, увод якой у эксплуатацыю запланаваны на ліпень гэтага года. Працягваецца будаўніцтва новага міні-магазіна па вуліцы Валадарскага ў Астраўцы, адкрыццё якога плануецца ў маі. У многіх магазінах заменена і абноўлена гандлёвае абсталяванне, і работа гэтая працягваецца.
Для таго, каб прыцягнуць пакупнікоў, райспажыўтаварыства пастаянна праводзіць акцыі для пакупнікоў, які дазваляюць набыць тавары са скідкай. У тым ліку з выкарыстаннем дысконтных карт – у мінулым годзе ва ўніверсаме “Гермес” іх было 300 штук. Павелічэнню аб’ёмаў продажу садзейнічанне продажу тавараў у крэдыт, правядзенне выставак, кірмашоў, ажыццяўленне выязнога гандлю ў раёны як Гродзенскай, так і іншых абласцей.


У мінулым годзе прамысловасць Астравецкага райспажыўтаварыства выпусціла прадукцыі на суму 7443,6 мільёна рублёў, што склала ў супастаўных цэнах 115,2 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Аб’ём выпуску хлебабулачных вырабаў пры гэтым знізіўся і склаў 96,5 працэнта да ўзроўню папярэдняга года, выпуск кандытарскіх вырабаў упаў да 86,8 працэнта, затое макаронных павялічыўся на 41,6 працэнта. У мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім павялічыўся выпуск мясных паўфабрыкатаў – 125,1 працэнта і знізіўся каўбасных вырабаў – 65,5 працэнта.
Прадукцыя Астравецкага хлебазавода неаднаразова станавілася пераможцам і прызёрам розных конкурсаў. Так, у мінулым годзе з рэспубліканскага конкурсу “Ласунак 2011” астравецкія хлебапёкі прывезлі два залатыя і тры сярэбраныя медалі.


– На гэты год сектару прамысловасці Астравецкага райспажыўтаварыства пастаўлены сур’ёзныя задачы па ўсіх накірунках дзейнасці, – сказаў У.С. Ластоўскі. – З улікам хуткага прыросту насельніцтва раёна і неабходнасці забеспячэння жыхароў смачнай і якаснай прадукцыяй прынята рашэнне аб рэканструкцыі і тэхнічным пераўзбраенні хлебазавода. У выніку плануецца ўвесці лініі па вытворчасці подавага хлеба, белабулачных вырабаў, правесці мадэрнізацыю кандытарскага цэха. Плануецца прывесці ў адпаведнасць сучасным патрабаванням каўбасны цэх.
Закрануў у сваім выступленні Уладзіслаў Станіслававіч і тэму санітарнага стану ўстаноў гандлю райспажыўтаварыства. Тут таксама не ўсё гладка: санітарна-тэхнічны стан некаторых гандлёвых аб’ектаў, па словах намесніка старшыні райвыканкама, не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням, прадпісанні санітарнай службы не заўсёды выконваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны.
З асноўных недахопаў па гэтай частцы Уладзіслаў Станіслававіч адзначыў адсутнасць у магазіне “Івушка” сістэм водазабяспячэння і каналізацыі, падобныя праблемы ў большай ці меншай ступені існуюць і ў магазінах “Алеся” пасёлка Гудагай, у крамах аграгарадкоў Малі, Трокенікі, Дайлідкі, Міхалішкі, Варняны, Кямелішкі. Ва ўніверсаме па вуліцы Фізкультурнай патрэбна правесці рамонт гандлёвай залы, складскіх і санітарна-бытавых памяшканняў, там не дзейнічае каналізацыя. Практычна нідзе не абсталяваны ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі кантэйнерныя пляцоўкі. У магазінах недастаткова тэхналагічнага абсталявання – шаляў, разделачных дошак, нажоў, халадзільнага абсталявання.
Не пазбавіліся нашы кааператары і ганебнай практыкі продажу тавараў са скончанымі тэрмінамі годнасці. У 2012 годзе супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выявілі 32 такія выпадкі і вынеслі адпаведныя прадпісанні, з пачатку 2012 года іх зафіксавана ўжо 12.
Намеснік старшыні Белкаапсаюза Г.Г. Галімаў, які прысутнічаў на пасяджэнні райвыканкама і выступіў пры разглядзе гэтага пытання, прапанаваў астравецкім кааператарам распрацаваць спецыяльную праграму развіцця з улікам значнага росту насельніцтва раёна, які адбудзецца ў самай бліжэйшай будучыні. Ён зазначыў, што трэба неадкладна вырашаць пытанне рэканструкцыі хлебнага завода – а між тым, на гэты аб’ект яшчэ нават не зроблена праектна-каштарысная дакументацыя. Так, райспажыўтаварыства забяспечвае асноўныя прагнозныя паказчыкі – за выключэннем двух, але самых важных: рознічнага тавараабароту і грамадскага харчавання. І, нягледзячы на пэўныя станоўчыя вынікі, як зазначыў прадстаўнік Белкаапсаюза, раённая спажыўкааперацыя здае пазіцыі і прайграе ў канкурэнтнай барацьбе прыватніку. Скарачаецца колькасць гандлёвых аб’ектаў – яшчэ нядаўна іх было 101, застаўся 81. Такое скарачэнне можна было б кампенсаваць за кошт аўталавак – але пры ўмове, што яны стануць выязджаць у вёскі, дзе закрыліся магазіны, не два, а мінімум тры разы на тыдзень, што машыны будуць забяспечаны сучасным абсталяваннем, у тым ліку і халадзільным. У дакладах адзначалася, што райспажыўтаварыства не дапрацоўвае ў забеспячэнні насельніцтва нехарчовай групай тавараў – але і ў харчовай рэалізацыя зменшылася па 15 асноўных пазіцыях.
Г.Г. Галімаў адзначыў у сваім выступленні, што Астравецкае райспажыўтаварыства – не самае горшае, што на яго рахунку шмат дасягненняў, але з улікам перспектыў развіцця горада работу сваю раённыя кааператары павінны арганізоўваць на якасна новым узроўні.
Гэтую ж думку яшчэ раз падкрэсліў, падводзячы вынік разгляду гэтага пытання, старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька.
А канкрэтныя задачы, прапановы, патрабаванні і тэрміны іх выканання вызначаны ў прынятым па гэтым пытанні рашэнні.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.