"Чысты чацвер" жывёлагадоўлі: вынікі і планы

07:40 / 18.04.2012

У раёне адбыўся семінар-нарада, прысвечаны вынікам работы жывёлагадоўлі за першы квартал і мерах, неабходных для выканання прагнозных паказчыкаў у 2012 годзе.


У яго рабоце прынялі ўдзел кіраўнікі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў і саўгаса, галоўныя заатэхнікі, ветурачы і эканамісты гаспадарак, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на чале з яго начальнікам, кіраўнікі падведамасных служб. Узначаліў гэтую рабочую сустрэчу старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька.
У гэтага семінара былі дзве адметнасці. Па-першае, упершыню ў ролі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі выступіў нядаўна прызначаны на гэтую пасаду А.У. Янчэўскі. Па-другое, маршрут наведвання ферм не быў папярэдне вызначаны. Толькі пасля таго, як удзельнікі нарады селі ў аўтобус, было аб’яўлена, што першым “прыпынкам” стане ферма “Палушы” СВК “Гудагай”. І хаця, выказваючыся мовай бухгалтараў, “рэвізія была налётнай”, у жывёлагадоўчых памяшканнях фермы госці сустрэлі парадак і добра ўкормленую жывёлу. Хаця прычыну для заўвагі семінарысты ўсё ж знайшлі: на думку спецыялістаў, памяшканне, дзе ўтрымліваюцца цялушкі аднаўлення, трэба разбіць на секцыі – гэта дапаможа работнікам удасканаліць догляд за жывёлай і аблегчыць работу па выяўленні стану “ахвоты” ў цялушак і іх асемяненні.
Чысціня і парадак сустрэлі ўдзельнікаў семінара і на наступнай незапланаванай для наведвання ферме – “Ізабяліна” СВК “Гудагай”. Сярэдняя прывага бычкоў на адкорме за апошні месяц тут склала кілаграм. Як расказала загадчыца фермы І.І. Баўр, павышэнню вытворчых паказчыкаў паспрыяў той факт, што ў рацыён жывёлы ўвялі шрот – кожны дзень бычкі сталі атрымліваць па кілаграму багатага бялком корму. Заўвагі семінарыстаў тычыліся нізкай якасці сена, якое на ферме “Ізабяліна” ляжала ў кармушках цялушак.
А вось на ферме “Дайлідкі” СВК “Гервяты” і прычапіцца не было да чаго. Поўсць жывёлы, што знаходзілася ў выгулах, сваёй чысцінёй і пушыстасцю нагадвала хіба што аксаміт мяккіх дзіцячых цацак.
Бездакорны парадак панаваў і на ферме “Міхалішкі” аднайменнага СВК: падмецена, пабелена, развешаны лапнік, на кармавых сталах – свежы корм. Прэтэнзіі з боку спецыялістаў тычыліся незахавання ўсіх неабходных элементаў тэхналогіі ўтрымання грамадскага статка.
Ферма “Талюшаны” саўгаса “Падольскі” – наступны аб’ект “нашэсця” ўдзельнікаў семінара – знаходзіцца ў баку ад цэнтральных дарог, але стан спраў ад гэтага ніколькі не церпіць: паточна-цэхавая сістэма ўтрымання жывёлы вытрымана – ёсць цэхі сухастою, “радзілка”, прафілакторый і г.д. У клетках маленькіх цялят прысутнічаюць усе неабходныя інгрыдыенты кармлення. Самі цяляткі жвавыя і добрай укормленасці. Такой шматграннай насценнай інфармацыі, якая існуе ў “чырвоным кутку” “Талюшанаў”, на іншых фермах раёна бачыць не даводзілася.
Малочна-таварны комплекс “Рытань” саўгаса “Падольскі” ўражвае сваімі маштабамі і сучасным абсталяваннем – па сутнасці, ён з’яўляецца своеасаблівым прамысловым прадпрыемствам па вытворчасці малака. За час яго дзейнасці жывёла паспела прывыкнуць да “гарадскіх” парадкаў, прынамсі, аўтаматачны скрабок, які выдаляе гной, ніякіх праблем не стварае – каровы спакойна пераступаюць праз яго, нават не спыняючы “жуйку”.
Спрэчкі разгарэліся ў камп’ютарнай зале фермы пры азнаямленні з фарміраваннем груп, на якія падраздзяляецца дойны статак. У якасці трэцейскага суддзі выступіў галоўны заатэхнік СВК “Гервяты” Андрэй Бушмовіч. Ён расказаў, як падобная работа ажыццяўляецца на аналагічным комплексе “Рымдзюны”:
– Першую групу мы камплектуем з кароў, так бы мовіць, з праблемамі: пасля ацёлу, пасля перанесеных хвароб і г.д. У іх рацыён уводзім канцэнтраты, узбагачаныя дадатковымі кампанентамі – гэта дапамагае жывёле аднавіць свае кандыцыі. Пасля таго, як карова прыходзіць у норму, пераводзім яе ў другую групу, дзе яна прадаўжае атрымліваць узбагачаны камбікорм да таго часу, пакуль не дасягне піка сваёй прадукцыйнасці. Тады пераводзім яе ў трэцюю групу – тут жывёліна атрымлівае ўжо звычайны, больш танны корм – але і на ўдзешаўлённым рацыёне правільна раздоеныя каровы працягваюць даваць максімальную для іх колькасць малака.
У “дзіцячым аддзяленні” комплексу арганізатары семінара пастараліся звярнуць увагу прысутных на зручнасць індывідуальных пластмасавых домікаў для ўтрымання цялят самага малодшага ўзросту – гэтыя домікі можна выкарыстоўваць многія гады, іх лёгка чысціць і пераносіць з месца на месца. Хаця не абышлося і без нараканняў – ветурач СВК “Гервяты” сказала, што, па яе назіраннях, летам у гэтых доміках занадта горача і цяляты становяцца вялымі. Пасля абмеркавання спецыялісты прыйшлі да высновы, што на вуліцы ў спякотны перыяд года домікі трэба размяшчаць пад спецыяльнай павеццю.
На ферме “Варона” СВК “Варняны” ўдзельнікі семінара азнаёміліся з утрыманнем дойнага статка, а таксама пацікавіліся, як захоўваюцца кармы ў сіласных і сянажных ямах.
Падвядзенне вынікаў нарады адбылося ў актавай зале канторы СВК “Варняны”.
Яно распачалося выступленнем інжынера па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Р.І. Яфімавай, якая расказала аб стане аховы працы ў гаспадарках раёна, аб выяўленых недахопах і шляхах іх выкаранення. Галоўны спецыяліст па кадрах Г.І. Тумашчык азнаёміла прысутных са змяненнямі заканадаўства ў кадравай палітыцы. Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні яна надала рабоце з маладымі спецыялістамі.
– З гэтага года райсельгасхарчу і абласному камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні забаронена заключаць кантракты з паступаючымі ў сельскагаспадарчыя ВНУ, – у прыватнасці, расказала Галіна Іосіфаўна. – Таму гаспадаркі самі павінны паклапаціцца аб сваёй будучай змене: заключыце кантракты сёння – праз чатыры-пяць гадоў атрымаеце спецыяліста. Спецыфіка працы ў сельскай гаспадарцы не асабліва прыцягвае моладзь – усе стараюцца замацавацца ў горадзе, але ёсць і такія маладыя людзі, якія з задавальненнем гатовы працаваць у аграрным сектары. Наша задача знайсці іх і падтрымаць.
Аб выніках работы жывёлагадоўлі раёна за першы квартал 2012 года расказала намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання М.І. Бушмовіч. Па яе словах, за першыя тры месяцы бягучага года ў раёне атрымана 10694 тоны малака, што складае 111 працэнтаў да мінулагодняга перыяду. Самая вялікая прыбаўка да валавага надою атрымана ў РУП “Саўгас “Падольскі” – 120,3 працэнта, у СВК “Міхалішкі” – 111,5 працэнта. СВК “Гервяты” – 110,5 працэнта. Планавае заданне па вытворчасці малака выканана на 102 працэнты.



Сярэдні надой малака ад каровы склаў 1297 кілаграмаў, што дало прыбаўку на 101 кілаграм. Самы вялікі надой атрымалі жывёлаводы СВК “Гервяты” – 1378 кілаграмаў (+99), СВК “Гудагай” – 1354 (+104), саўгаса “Падольскі” – 1292 (+172).
Таварнасць малака па раёне склала 88,7 працэнта. Найлепш у гэтым накірунку працуе саўгас “Падольскі”, дзе таварнасць малака дасягнула 90,1 працэнта.
Па ўсіх каналах збыту гаспадаркамі раёна рэалізавана за першы квартал 9488 тон малака (116 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню). Прычым сортам “экстра” прададзена 9,8 працэнта, вышэйшым – 81,3, першым – 8,9 працэнта. Сярэдняя тлустасць малака склала 3,97 працэнта.
За гэты ж перыяд атрымана 1315 тон валавай прывагі буйной рагатай жывёлы (107 працэнтаў да мінулагодняга). Самы вялікі прырост атрымалі жывёлаводы СВК “Міхалішкі” – 112 працэнтаў. У СВК “Гервяты” прырост склаў 108 працэнтаў, у саўгасе “Падольскі” – 106. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы за тры месяцы 2012 года склала 700 грамаў – на ўзроўні мінулага года.



Валавая прывага свіней склала 560 тон або 103 працэнты. Сярэднясутачная прывага свіней – 577 грамаў, што на 40 грамаў ніжэй мінулагодняга. У СВК “Варняны” атрымана прывага свіней 619 грамаў (-32), у тым ліку па свінакомплексе – 635 грамаў (-4).
Далей слова было прадастаўлена намесніку начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі па эканоміцы Н.У. Волк-Леановіч. У сваім выступленні Наталля Уладзіміраўна на прыкладах даказала эфектыўнасць цеснага супрацоўніцтва тэхнолагаў вытворчасці і эканамістаў. Трэба толькі, каб жаданне супрацоўнічаць было двухбаковым, каб кожнае тэхналагічнае рашэнне базіравалася на строгім і дакладным эканамічным разліку.
Аб гатоўнасці да пасяўной кампаніі далажылі галоўны інжынер райсельгасхарчу У.І. Раманоўскі, аграном В.Б. Чума, начальнік насеннай інспекцыі В.Л. Бразевіч і дзяржінспектар С.В. Паляшчук.
Вынікі семінара падвёў Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Ганна ЧАКУР.