У Астравецкім раёне створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу

14:14 / 23.03.2012

Мінулы год у нашай краіне прайшоў пад знакам стымулявання дзелавой ініцыятывы і развіцця прадпрымальнасці. Наколькі ён стаў прадуктыўным у гэтых адносінах для нашага раёна? Аб гэтым – у інтэрв’ю з намеснікам старшыні Астравецкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Уладзіславам Станіслававічам Ластоўскім.













– Якая работа была праведзена мясцовымі органамі ўлады па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы ў мінулым годзе?
– У мэтах выканання запланаваных мерапрыемстваў у мінулым годзе была арганізавана нарада кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў раёна, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, з кіраўнікамі аптовых баз Гродзенскай вобласці, прамысловых прадпрыемстваў па пытаннях заключэння дагавораў. У сакавіку праведзена сустрэча “дзелавых” жанчын раёна з кіраўніцтвам райвыканкама. Свой вытворчы патэнцыял наш раён дэманстраваў на выстаўцы-кірмашы “Паўночны вектар Гродзеншчыны” ў Смаргоні.
У сувязі з плануемым будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі і горада энергетыкаў Астравецкі райвыканкам прапаноўвае ўкладваць інвестыцыі ў развіццё сферы гандлю, абслугоўвання, сэрвісу, малых вытворчасцяў, банкаўскую сферу. Нядаўна райвыканкам рэалізаваў тры зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў і пунктаў грамадскага харчавання ў двух новых мікрараёнах горада. Там запланавана рэалізаваць яшчэ 10 зямельных участкаў для будаўніцтва аб’ектаў гандлю і сэрвісу.
Для стварэння ў раёне спрыяльных умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, прыцягнення інвестыцый наладжаны дзелавыя партнёрскія адносіны са Швянчонскім раёнам Літоўскай рэспублікі, Лідзбарска-Вармінскім паветам Рэспублікі Польшча, з якімі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы эканомікі, культуры, турызму, сацыяльнага развіцця.
За мінулы год на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна асвоена 371,7 мільярда рублёў інвестыцый. У параўнанні з 2010 годам аб’ём інвестыцый павялічыўся ў супастаўных цэнах на 6,9 працэнта.
На кардоннай фабрыцы “Альхоўка” з мэтай тэхнічнага пераўзбраення праводзяцца мерапрыемствы па развіцці ўчастка лесанарыхтоўкі, лесапілавання і дрэваапрацоўкі. Тут набылі стацыянарную шчапарубільную машыну, ажыццявілі мантаж сушыльных камер.
На заводзе “Радыёдэталь” уведзены ў эксплуатацыю новы цэх па вырабу металапрофілю і металачарапіцы. Аб’ём асвоеных інвестыцый склаў 400 мільёна рублёў.
Акрамя таго, у мінулым годзе служба занятасці аказала падтрымку ў выглядзе бязвыплатных субсідый 8 беспрацоўным для адкрыцця свайго бізнесу.
– Якія новыя аб’екты адкрыліся ў раёне ў 2011 годзе?
– Варта адзначыць, што ў Астравецкім раёне зарэгістраваны і працуюць 90 малых камерцыйных арганізацый і 309 індывідуальных прадпрымальнікаў.
За 2011 год у раёне адкрыты 17 новых аб’ектаў гандлю, з якіх 6 аб’ектаў – за кошт новага будаўніцтва: гастраном “На вуглу”, гандлёвыя павільёны “Алладин”, “Карандаш”, “Ё-бельё”. Таксама адкрыты 4 новыя аб’екты грамадскага харчавання на 132 пасадачныя месцы – кафетэрый “Кірмаш”, кафэ “Ветразь” у Варнянах, “Млын” у Гервятах, кафетэрый на новай аўтазаправачнай станцыі.
Выканана праграма ўводу ў раёне аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. У мінулым годзе ўведзена 10 такіх аб’ектаў – 3 пляцоўкі для адпачынку, 2 пункты тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, 2 аўтазаправачныя станцыі, 2 кафэ і адзін магазін.
– Ці атрымліваюць людзі прапановы аб прадастаўленні пустуючых зямельных участкаў і будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца?
– Такая работа пастаянна вядзецца. У 2011 годзе ў Астравецкім раёне на аўкцыёне прададзены 2 аб’екты камунальнай уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца – будынак магазіна ПУП “НАІНА-сервіс”, недабудаваны будынак ТАА “ВіслаБуд”. Таксама ў мінулым годзе на аўкцыёнах прадалі права арэнды двух зямельных участкаў у Астраўцы: пад гандлёвыя аб’екты ЧУП “Геастандарт” і ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”.
У бягучым годзе райвыканкам ужо рэалізаваў 2 зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў і пунктаў грамадскага харчавання ў двух новых мікрараёнах горада. Ужо вядома, што ў мікрараёне №1 будзе будавацца буйны мнагамэтавы гандлёвы цэнтр, дзе размесцяцца ўніверсам, кафэ, разлікова-касавы цэнтр, аптэка, салон сотавай сувязі, цырульня, аддзяленне сувязі, пункт бытавых паслуг.
– Сфера малога і сярэдняга бізнесу паступова займае ўсё большую нішу ў народнагаспадарчым комплексе краіны. Скажыце, наколькі значны яго ўклад у эканоміку раёна?
– Акрамя развіцця канкурэнцыі, укаранення новых тэхналогій і папаўнення рынку таварамі і паслугамі, прадпрымальніцтва здымае напружанасць на рынку працы, а таксама забяспечвае папаўненне бюджэту раёна. За 2011 год прадпрымальнікі забяспечылі паступленняў у раённы бюджэт на суму 5,9 мільярда рублёў – а гэта 15,8 працэнта ад агульнага паступлення.
– У каго з нашых камерцыйных арганізацый ці індывідуальных прадпрымальнікаў можна павучыцца прадпрымальнасці?
– Адным з найбольш буйных плацельшчыкаў падаткаў у раёне (з сумай больш за 1 мільярд рублёў) з’яўляецца прыватнае прадпрыемства “ДзяткоБуд”. Прадпрыемства актыўна займаецца вырабам жалезабетонных агароджаў, малых архітэктурных формаў з бетону, тратуарнай пліткі, фундаментных блокаў, бартавога каменя, дэкаратыўных бетонных вырабаў. У 2010-2011 на прадпрыемстве пабудавана новая вытворчая база, што дазволіла адмовіцца ад арэнды. З мэтай развіцця вытворчасці набыты растворабетонны вузел, формы для вырабу жалезабетонных вырабаў для круглых калодзежаў водаправода і каналізацыі, накрывак да іх, фундаментных сценавых блокаў.
Прадпрыемства пачало дзейнасць у сферы будаўніцтва і рамонту будынкаў, узяло сабе ў дапамогу іншае прадпрыемства “Клёнпласт”, якое займаецца вытворчасцю вокнаў і дзвярэй з ПВХ.
Такім чынам, “ДзяткоБуд” можна лічыць адным з прыкладаў паспяховага вядзення бізнесу ў нашым раёне.
Таксама есць чаму павучыцца ў фермерскіх гаспадарках “Астравецкая”, “Світанак-Л”, замежным прадпрыемстве “Тэхнапласт”, прадпрыемстве “Бел-ЭЛСА” і іншых.
– Падводзячы вынікі 2011 года, напэўна, трэба сказаць, што работа па стымуляванні дзелавой актыўнасці будзе прадоўжана?
– Безумоўна, і ў бягучым годзе развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы застаецца ў ліку прыярытэтных накірункаў дзейнасці.

Гутарыла Вольга ШОЎКУН.