Абслугоўванне пад кантролем

16:31 / 29.02.2012

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці былі разгледжаны вынікі аналізу мер, прынятых праўленнем Гродзенскага аблспажыўсаюза па выкананні патрабаванняў пастановы калегіі Камітэта дзяржкантролю “Аб выніках аналізу стану абслугоўвання насельніцтва і эфектыўнасці выкарыстання маёмасці арганізацыямі Гродзенскага абспажыўсаюза”.


Калегія адзначае, што праўленнем Гроднааблспажыўсаюза і арганізацыямі, якія ўваходзяць у яго склад, не выкананы даручэнні аб распрацоўцы і ўкараненні комплексу мер па ўдасканаленні тавараабароту, рацыянальным рэфармаванні аптовага звяна, асваенні новых формаў арганізацыі гандлю, забеспячэнні гандлёвай сеткі запатрабаванымі таварамі, удасканаленні нарыхтоўчай галіны, стварэнні новых перспектыўных вытворчасцяў па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі.
За 2005-2010 гады з 54 мерапрыемстваў, прадугледжаных Праграмай удасканалення дзейнасці спажывецкай кааперацыі Гродзенскай вобласці, не выкананы 11 (20,4 працэнта). У 2010 годзе не былі выкананы даведзеныя Белкаапсаюзам прагнозныя паказчыкі тэмпаў росту вытворчасці тавараў народнага спажывання, аказання платных паслуг і бытавых паслуг насельніцтву, а таксама па інвестыцыях у асноўны капітал. За 9 месяцаў 2011 года аблспажыўсаюзам не выканана заданне па забеспячэнні прыросту экспарту. Дапушчана зніжэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі бульбы, капусты, буракоў, морквы, цыбулі, яблык.
Не надзяляецца ўвага развіццю прамысловасці: за 2009 – 9 месяцаў 2011 года адкрыты толькі 3 новыя вытворчасці, а па прычыне зношанасці матэрыяльна-тэхнічнай базы і неадпаведнасці санітарным правілам закрыты 12 вытворчасцяў – 5 забойных, 2 каўбасныя цэхі, цэх па вырабу мясных паўфабрыкатаў Лідскага райспажыўтаварыства, хлебазавод Шчучынскага райспажыўтаварыства, цэх па перапрацоўцы рыбы і кандытарскі цэх Ашмянскага райспажыўтаварыства, Юрацішкаўскі ўчастак па вырабу пладова-агароднінных кансерваў Іўеўскага райспажыўтаварыства.
Большая частка парушэнняў заканадаўства дапускаецца ў сферы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўніцтва спажыўкааперацыі прымае недастатковыя меры па арганізацыі бесперабойнага гандлю таварамі першай неабходнасці. Не выкаранены факты рэалізацыі пратэрмінаванай прадукцыі. У ліпені 2009 года – верасні 2011 года Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці выявіў такой прадукцыі на агульную суму 23,1 мільёна рублёў у 311 аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання.
Па матэрыялах праведзеных Камітэтам дзяржкантролю Гродзенскай вобласці праверак за дапушчаныя парушэнні заканадаўства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 18 юрыдычных і 556 фізічных асоб у выглядзе штрафаў на агульную суму 211,4 мільёна рублёў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 701 чалавек, у тым ліку 11 вызвалены ад займаемых пасад.


Камітэт дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці.