Хто можа разлічваць на льготны крэдыт?

08:37 / 20.01.2012

6 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў”.
Хто мае права на льготны крэдыт на жыллё? Пад які працэнт яго атрымаюць жыхары нашага раёна? Хто можа прэтэндаваць на льготны крэдыт без чаргі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Астравецкага райвыканкама Валерый Эдуардавіч Сянюць.


– Валерый Эдуардавіч, раскажыце, хто ў адпаведнасці з новым Указам мае права на атрыманне льготнага крэдыту на жыллё?
– Адразу хацелася б зазначыць, што новы Указ поўнасцю адмяняе Указ №185. Асноўная яго мэта – зняць нагрузку на бюджэт Рэспублікі Беларусь па крэдытаванні.
Сёння права на льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля маюць шматдзетныя сем’і (пад 1 працэнт); чаргавікі ў малых гарадах з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек (пад 4,5 працэнта) – мы трапляем пад гэту катэгорыю; ваеннаслужачыя, міліцыянеры, супрацоўнікі КДБ, аператыўна-аналітычнага цэнтра, службы бяспекі прэзідэнта, дэпартамента фінансавых расследаванняў КДБ, МНС, суддзі і пракурорскія работнікі (у малых гарадах – пад 3 працэнты, у вялікіх – пад 5 працэнтаў); ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; лаўрэаты фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі ва ўзросце да 31 года, таленавітыя маладыя вучоныя, якім былі назначаны стыпендыі Прэзідэнта.
Акрамя таго, ва Указе з’явілася такая катэгорыя грамадзян, як “пазачаргавікі”. На льготны крэдыт без чаргі могуць прэтэндаваць шматдзетныя сем’і; сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, а таксама інваліды з дзяцінства I і II групы; грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу, інваліды ў выніку аварыі на ЧАЭС; людзі, якія жывуць у аварыйных дамах; тыя, хто больш за 10 гадоў пражыў у інтэрнатах ці ў здымным жыллі (няважна, у прыватным ці дзяржаўным) па дагаворы найму; жонка (муж) і дарослыя дзеці памёршага наймальніка службовага жылля – пакуль дагавор найму дзейнічае; грамадзяне, якія маюць права на сацыяльнае жыллё.
– Які механізм прадастаўлення льготных крэдытаў?
– Умовы крэдытавання ў Астраўцы, які падпадае пад катэгорыю горада з насельніцтвам менш за 20 тысяч чалавек, наступныя: 10 працэнтаў кошту жылля ўносяць самі забудоўшчыкі і 90 працэнтаў крэдытуе банк на льготных умовах з разліку 20 метраў квадратных на чалавека з выдачай крэдыту на 20 гадоў пад 4,5 працэнта гадавых. Плошча звыш 20 квадратных метраў на чалавека аплачваецца забудоўшчыкамі.
Зробім прыкладны разлік. Кошт аднаго квадратнага метра жылля ў Астраўцы зараз складае 4 794 890 беларускіх рублёў. Уявім, што сям’я з 4-х чалавек будуе трохпакаёвую кватэру плошчай 80 квадратных метраў. Атрымліваецца, што іх кватэра будзе каштаваць прыкладна 383 мільёны рублёў. 10 працэнтаў ім неабходна ўнесці самім – гэта каля 38 мільёнаў рублёў. Астатнія 90 працэнтаў крэдытуе банк на льготных умовах.
Ёсць яшчэ адна важная ўмова: крэдытаатрымальнік, а таксама яго жонка (ці муж) павінны пражываць (быць зарэгістраванымі) і працаваць у Астраўцы ці іншым населеным пункце з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек.
– Якія льготы захаваліся для шматдзетных сем’яў?
– Для шматдзетных сем’яў умовы прадастаўлення льготных крэдытаў застаюцца ранейшымі – на 40 гадоў пад 1 працэнт. Пры гэтым субсідыя выдавацца не будзе, а памер крэдыту складзе 100 працэнтаў ад кошту нарматыву льготнакрэдытуемай плошчы. Акрамя таго, Указам прадугледжана павелічэнне памераў фінансавай падтрымкі, якая аказваецца шматдзетным сем’ям, у пагашэнні льготных крэдытаў: з 50 да 75 працэнтаў ад сумы запазычанасці па выдадзеным крэдытам для сем’яў з трыма непаўналетнімі дзецьмі і з 70 да 100 працэнтаў – для сем’яў з чатырма непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжана таксама першачарговае ўключэнне ў склад кааператыву шматдзетных сем’яў з чатырма і болей дзецьмі. Але нават шматдзетным сем’ям трэба будзе ўнесці сродкі за праектна-каштарысную дакументацыю – гэта 3-5 мільёнаў рублёў.
– Хто яшчэ можа разлічваць на падтрымку ў пагашэнні крэдыту?
– Істотная падтрымка аказваецца сем’ям, у якіх адзін з бацькоў знаходзіцца ў водпуску па догляду за другім і наступнымі дзецьмі да трох гадоў. Новым Указам прадастаўляецца адтэрміноўка ў пагашэнні крэдыту і выплаце працэнтаў па ім на перыяд знаходжання ў такім водпуску.
– Якія яшчэ змяненні адбыліся ў пытаннях прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля?
– Зараз пры разліку памеру крэдыту будзе ўлічвацца ўсё жыллё, якое ёсць ва ўласнасці ў крэдытаатрымальніка і членаў яго сям’і – і не толькі ў населеным пункце па месцы пражывання, а па ўсёй рэспубліцы.
– Ці будзе ўлічвацца жыллё, якое ёсць у бацькоў крэдытаатрымальніка ці яго жонкі (мужа)?
– Не, не будзе. Згодна з Указам, членамі сям’і крэдытаатрымальніка з’яўляюцца жонка (муж), непаўналетнія дзеці і дзеці да 23 гадоў, якія яшчэ не ўступілі ў шлюб і пражываюць сумесна з бацькамі.
– А які лёс чакае тых, хто ўжо пачаў будаўніцтва? Ці закрануць іх змяненні?
– Калі грамадзяне ўжо заключылі крэдытныя дагаворы з банкам, то яны будуць будаваць жыллё на ранейшых умовах. Тыя ж, каго ўключылі ў спіс жыллёва-будаўнічага кааператыва, але яны не паспелі заключыць крэдытныя дагаворы, будуць будавацца па новых правілах. Так, у Мінску і іншых вялікіх гарадах многія чаргавікі даведаліся, што на льготны крэдыт, згодна з новым Указам, яны ўжо разлічваць не могуць.
– Дзякуй за карысную інфармацыю!


Вольга ШОЎКУН.