Сумесны праект "Астравецкай праўды" і Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю

08:09 / 18.01.2012
Інвестыцыйны навігатар

сумесны праект “Астравецкай праўды” і Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю. Лідскі міжраённы камітэт дзяржкантролю курыруе шэсць раёнаў – Астравецкі, Смаргонскі, Лідскі, Воранаўскі, Іўеўскі, Ашмянскі. Спецыялісты дзяржкантролю нярэдка наведваюць розныя арганізацыі і прадпрыемствы нашага і суседніх раёнаў. Яны ў курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца на месцах, а значыць, могуць падзяліцца сваімі назіраннямі за развіваючымі і імпартазамяшчальнымі тэхналогіямі.
ЯК ЗАРАБІЦЬ МІЛЬЯРД?

Не сакрэт, што не ўсе прадпрыемствы жывуць сёння на шырокую нагу: некаторыя не ў стане забяспечыць людзей дастойнай зарплатай, а іншыя ўвогуле ледзь зводзяць канцы з канцамі, тым самым падрываючы мясцовы бюджэт, а значыць, і жыццезабеспячэнне бюджэтнікаў – настаўнікаў, урачоў, пенсіянераў.
Задача, якая стаіць перад усімі раёнамі – за пяцігодку знайсці і рэалізаваць праекты з высокай прадукцыйнасцю для забеспячэння збалансаванасці бюджэту з улікам спецыфікі кожнага раёна.
Наша сённяшняя размова са старшынёй Лідскага міжраённага камітэта дзяржкантролю Іванам Анатольевічам КЛІМОВІЧАМ.


– Іван Анатольевіч, вашы спецыялісты, напэўна, неаднойчы праводзілі аналіз спраў у розных сферах народнай гаспадаркі?
– Гэта сапраўды так. Згодна з главой 8 артыкула 129 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь асноўнай функцыяй дзяржкантролю з’яўляецца кантроль за прытрымліваннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце”. Адна з задач дзяржкантролю – кантроль за работай па стварэнні эфектыўных падаткаплацельшчыкаў. Да прыкладу, у Смаргонскім раёне даход у 2011 годзе склаў 96 мільярдаў рублёў, а расход – 165, у Воранаўскім раёне даходная частка склала 41 мільярд рублёў, а расходная – 87, у Іўеўскім раёне гэтыя лічбы склаліся таксама не на карысць даходу: сабралі 38 мільярдаў рублёў, а патрацілі 80. У Астравецкім раёне паступіла 39 мільярдаў, а зрасходавана 78. У Ашмянскім раёне паступіла 55 мільярдаў, зрасходавана 97.
Па выніках 9 месяцаў 2011 года Лідскі раён з’яўляецца самадастатковым (даход – 288 мільярдаў, расход – 250). Аднак па выніках 2011 года ўпершыню ў раёне затраты перавысілі даходы (паступіла 343 мільярды рублёў, а зрасходавана – 353).
У выніку па нашаму “кусту” дэфіцыт бюджэту складае каля 250 мільярдаў рублёў. Таму сёння стаіць задача зрабіць усе раёны бездатацыйнымі.
Акрамя таго, асобна фарміруецца пенсійны фонд з адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. І тут назіраецца дэфіцыт сродкаў, які склаў за 9 месяцаў 2011 года 109 мільярдаў рублёў.
Каб бюджэт і далей папаўняўся і расходаваўся эфектыўна, неабходна прааналізаваць цяперашні стан спраў у сябе і ў суседзяў, намеціць перспектывы развіцця. Усе павінны працаваць так, каб у “кашальку” раёна заўсёды былі грошы. Іншымі словамі, жыць па сродках.
– За кошт чаго гэта можна зрабіць? Прадпрыемства ж не можа вырабіць прадукцыі больш, чым дазваляюць тэхнічныя сродкі, а новае прадпрыемства не можа з’явіцца на “голым” месцы.
– Для гэтага і неабходны аналіз. Новае прадпрыемства павінна з’яўляцца менавіта там, дзе яно будзе забяспечана работай.
Вялікія магчымасці можна выкарыстоўваць у міжраённай кааперацыі.
У Астраўцы будуецца АЭС, куды на працягу 5-7 гадоў многія будаўнічыя арганізацыі могуць адпраўляць сваіх работнікаў і не чакаць, пакуль тыя паедуць на заробкі ў Маскву. У 2012 плануецца інвесціраваць у будаўніцтва АЭС 250 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў і 10 мільярдаў долараў ЗША на працягу 6 гадоў. А кіраўнікі прадпрыемстваў ужо сёння могуць прааналізаваць, якія матэрыялы будуць неабходнымі ў бліжэйшым будучым і пераарыентаваць пры неабходнасці сваю вытворчасць ці распачаць новую.
У Смаргоні зараз будуецца сучаснае прадпрыемства па вырабу ДСП, ламіната і іншай аналагічнай прадукцыі. Інвестар з Аўстрыі, уласнік заводаў у 18 краінах свету, ужо 4 разы на працягу года наведаў Смаргонь. Аб’ём інвестыцый у наступны годзе складзе больш за 160 мільёнаў еўра. Вакол гэтага прадпрыемства таксама магчыма развіццё іншай вытворчасці, да прыкладу, мэблевай.
У Лідзе здаецца ў эксплуатацыю завод гарачага ацынкавання. Ужо можна думаць аб будаўніцтве новых прадпрыемстваў, прадукцыя якіх патрабуе ацынкавання. Яшчэ адзін інвестар (адзін з сусветных лідараў па вырабу металатканых сетак “Хавер”) будуе ў Лідзе завод. Іншыя ж могуць скарыстаць гэта, прааналізаваць, дзе выкарыстоўваецца такая прадукцыя, заявіць свой інвестыцыйны праект і пабудаваць прадпрыемства, якое будзе працаваць у кааперацыі з гэтым заводам. У Бярозаўцы на ААТ “Шклозавод “Нёман” у 2012 годзе ўвядуць магутнасці па вырабу ўцяпляльніка – шклаваты.
У Іўі развіваюцца тры новыя прадпрыемствы з замежным капіталам. Рэгіён цікавы тым, што значная частка насельніцтва ў ім – татары. Таму “татарскі вектар” таксама трэба ўлічваць у праектах пры стварэнні новай вытворчасці. Напрыклад, пабудаваць экспартаарыентаваны забойны цэх па выпуску мяса па тэхналогіі “халяль”.
У Воранаўскім раёне вырасцілі больш за 26 тысяч тон бульбы высокай якасці, пабудавалі 6 бульбасховішчаў. Але ж няма перапрацоўкі. У той час, як захаваўся добры будынак, які належыць мясцоваму спажыўтаварыству – недабудаваная пякарня.
Ашмяны ў гэтым годзе прызнаны лепшым горадам па развіцці бізнесу, а райвыканкам летась стаў ініцыятарам правядзення прамысловай выставы трох раёнаў – Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага – “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. У 2012 годзе гэтая выстава пройдзе ў Астраўцы.
Многія раёны зараз добра развіваюцца, але ж не заўсёды дзеляцца сакрэтамі сваіх поспехаў. Дарэмна!
– Можа, гэта адбываецца з-за боязі, што іншыя перахопяць ініцыятыву?
– Хацелася б, каб райвыканкамы выконвалі аб’ядноўваючую ролю. Хаця б для таго, каб добрыя спецыялісты не выязджалі за мяжу, а заставаліся ў нас. Таму неабходна шукаць такія праекты, якія могуць стаць прывабнымі дастойнай зарплатай. Добрым прыкладам з’яўляецца вытворчасць радыятараў ацяплення, наладжаная на ААТ “Лідсельмаш”, дзе выпрацоўка на аднаго рабочага складае 20-30 тысяч долараў ЗША ў месяц. І гэта нармальная еўрапейская практыка. Хацелася б, каб такіх вытворчасцяў было больш, а інвестарамі былі не толькі замежныя, але і мясцовыя бізнесмены. Прыватны бізнес сёння можа праяўляць большую ініцыятыву і ствараць высокапрадукцыйныя прадпрыемствы. Часам нават не трэба думаць, які праект рэалізаваць – дастаткова “падгледзець” у іншых і прывязаць да мясцовых умоў. Ад іх ажыццяўлення выйграюць і бюджэты раёнаў, і жыццезабеспячэнне бюджэтнай сферы.
Дарэчы, па выніках года Лідскі міжраённы камітэт дзяржкантролю плануе правесці калегію па рабоце мясцовых органаў улады, дзе ў кіраўнікоў райвыканкамаў будзе магчымасць не толькі зрабіць справаздачу аб праведзенай рабоце, але і падзяліцца вопытам па ўкараненні новых тэхналогій.


Вольга ШОЎКУН.