Тыдзень postfactum: адсвяткавалі!

08:58 / 11.01.2012
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Калі б аб глыбіні эканамічнага крызісу меркавалі па святочных сталах і феерверках, то можна было б зрабіць выснову, што Астравец ён абмінуў.


Росквіт піратэхнічных агнёў над горадам у навагоднюю ноч, па меркаванню некаторых, нават пераўзышоў мінулагодні! Між тым, сярэдні па магутнасці набор святочнага салюта каштаваў перад святамі больш за 300 тысяч рублёў. Застаецца толькі пачухаць лоб, падлічваючы, колькі грошай узляцела ў астравецкае неба адразу пасля келіха шампанскага ў першыя хвіліны новага года. Ды і пасля навагодняй ночы асобныя святочныя выбухі яшчэ доўга сатрасалі паветра над горадам.
Ці трэба казаць, што на такую “дробязь”, як святочны стол, наш народ тым больш не паскупіўся, традыцыйна спустошыўшы перад святам паліцы прадуктовых магазінаў, а заадно – і ўласныя кашалькі.
Парадавала надвор’е. Слотная зіма нібы па загаду чароўнай палачкі перапынілася лёгкім марозікам і дробным снегам акурат на святы!
Некаторае незадавальненне – прынамсі, у пэўнай часткі насельніцтва – выклікала толькі арганізацыя навагодняй дыскатэкі на цэнтральнай плошчы раённага цэнтра. Нават не столькі арганізацыя, колькі дзеянні ахоўнікаў правапарадку, якія не дазвалялі прыносіць на месца народнага гуляння спіртныя напоі і дазвалялі сабе злёгку папляскаць далонямі на кішэнях людзей, што намагаліся трапіць у межы святочнага перыметра. Трэба заўважыць, што паводзіны міліцыянераў былі карэктнымі і абсалютная большасць людзей аднеслася да іх, як да вымушанай неабходнасці. Аднак некаторых гэта моцна абурыла. Хтосьці нават угледзеў абмежаванне ўласных правоў і абразу асабістай годнасці.
Мажліва, гэта ад таго, што з падобным праяўленнем забеспячэння правапарадку нашы землякі сутыкнуліся ўпершыню. А вось, напрыклад, пасажыры мінскага метро да неабходнасці паказаць праваахоўнікам змесціва асабістых сумачак, чамаданаў і валізак адносяцца цяпер з разуменнем.
На шэрагу стадыёнаў забараняецца праносіць на спартыўныя ці культурныя мерапрыемствы нават запальнічкі. Таму што бяскрыўдным, на першы погляд, прадметам можна лёгка нанесці балючую траўму.
На сталічнай “Мінск-Арэне” пасля вядомых кожнаму хакейнаму балельшчыку падзей, калі з-за кінутых на лёд пустых бутэлек быў перарваны хакейны матч, цяпер забараняецца браць з сабой ваду нават у пластыкавых бутэльках.
Пра меры бяспекі ў замежных аэрапортах і іншых месцах масавага скаплення людзей і гаварыць не прыходзіцца.
На шчасце, Астравец не з’яўляецца мэтай сусветных тэрарыстаў. Аднак у п’яным дурмане пляснуць па галаве бутэлькай могуць і ў нас.
А ўвогуле ў такіх вось выпадках і праяўляецца, як гэта ні дзіўна, спеласць грамадскай свядомасці, калі дзеля агульназначнай мэты – у дадзеным канкрэтным выпадку дзеля забеспячэння парадку – грамадзянін свядома і добраахвотна адмаўляецца ад часткі ўласных, асабістых правоў.
Завяршыўся шэраг святочных, хоць і працоўных, дзён выдатным музычным падарункам. Яшчэ і двайным! Спачатку 7 студзеня на сцэну кінаканцэртнай залы “Астравец” выйшлі ўдзельнікі рок-фестывалю хрысціянскай музыкі. А на наступны дзень у Міхалішках і Астраўцы “калядавалі”, спявалі, танцавалі музыканты фальклорнага ансамбля “Грамніцы”.
Але ўсё ж двух запар музычных відовішчаў для Астраўца, напэўна, замнога. Таму, калі “рокеры” сабралі ў “Астраўцы” аншлаг, то на канцэрце “Грамніц” гледачоў у зале было не нашмат больш, чым артыстаў. Шкада…
Апісваць выступленне ансамбля з дапамогай традыцыйных газетных штампаў тыпу “артысты парвалі залу” — няправільна і недарэчна. Ніхто залу не “рваў” і не “запальваў”. Гэта была неверагодна прачулая, душэўная і трапяткая дзея з удзелам як саміх артыстаў, так і нешматлікай глядацкай аўдыторыі. Выкананне старадаўніх твораў, абрадаў, песень нашых бабуль – а для некага і прабабуль — у выкананні маладых, прыгожых людзей так кранулі сэрцы гледачоў, што ў многіх на вачах заблішчэлі слёзы. Слёзы радасці і захаплення!