Жывёлагадоўля: дзе якія плюсы – і ў чым

12:15 / 27.12.2011

Cемінар-нарада, прысвечаны вынікам работы жывёлагадоўлі за 11 месяцаў бягучага года, ходу зімоўкі жывёлы і іншым злабадзённым пытанням жыцця-дзейнасці жывёлагадоўлі, як галіны сельскай гаспадаркі, адбыўся ў раёне. У яго рабоце прынялі ўдзел кіраўнікі, галоўныя ветурачы і заатэхнікі гаспадарак, кіраўнікі падведамасных служб і спецыялісты райсельгасхарчу на чале з яго начальнікам В.А. Славінскім. Узначаліў нараду старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька.


Базавай гаспадаркай для правядзення семінара на гэты раз быў абраны СВК “Варняны”, а аб’ектамі для наведання – фермы “Кярняны”, “Беразоўка” і “Варона”. Жывёлаводы фермы “Кярняны” прадэманстравалі ўдзельнікам нарады ўвесь спектр тэхналагічных цэхаў: сухастою, радзільны, раздою, вытворчасці малака. Дойны статак тут раздзелены па перыядах лактацыі. Асаблівым чынам гэта тычыцца новацельных кароў.
–Па сваёй фізіялогіі карова ўстроена так, што 50 працэнтаў гадавога надою яна дае ў першыя 100 дзён пасля расцёлу, – пракаменціравала стан спраў намеснік начальніка райсельгасхарчу Марыя Іосіфаўна Бушмовіч. – Таму такое важнае значэнне мае перыяд раздою. У гэтыя 100 дзён рацыён каровы павінен быць асабліва багатым. У цэху раздою фермы “Кярняны” рагулям выдаецца ўзмоцненае харчаванне, а шрот наогул выдзяляецца – індывідуальна. Усё гэта спрыяе максімальнай лактацыі новацельных кароў, а значыць, у многім вызначае канчатковы ўзровень іх надояў.
На ферме “Беразоўка” арганізатары семінара засяродзілі ўвагу яго ўдзельнікаў у першую чаргу на тэхналогіі ўтрымання сухастойных кароў у зімовы перыяд, якія тут падзелены ў залежнасці ад часу расцёлаў на дзве групы. І за 20 дзён да расцёлу рагуляў пачынаюць карміць па рацыёну новацельных кароў, г.зн. з дадаваннем канцэнтратаў. Падобны прыём дазваляе своечасова прызвычаіць страўнік жывёлы да поўнага рацыёну, што зводзіць так званы “пераходны” перыяд адаптацыі каровы да новых умоў кармлення пасля ацёлу да мінімуму.
Ферма “Варона” прыемна здзівіла “семінарыстаў” бытавымі ўмовамі, створанымі для яе працаўнікоў – утульна, цёпла, прыгожа. Вытворчы бок наведання “Вароны” тычыўся вырошчвання цялушак і маладняку буйной рагатай жывёлы.
На падвядзенні вынікаў семінара ў якасці асноўнага дакладчыка выступіла Марыя Іосіфаўна Бушмовіч, якая расказала, што за 11 месяцаў у раёне атрымана 38554 тоны малака, што складае 106,6 працэнта да ўзроўню мінулага года. Самую вялікую прыбаўку атрымалі жывёлаводы саўгаса “Падольскі” (120 працэнтаў), СВК “Гудагай” (113) і СВК “Міхалішкі” (112). Зніжэнне вытворчасці малака дапушчана ў СВК “Варняны” (96,7).
Планавае заданне па вытворчасці малака выканана на 94,5 працэнта, толькі дзве гаспадаркі за 11 месяцаў выканалі даведзеныя заданні – СВК “Гудагай” і саўгас “Падольскі”.
Вытворчасць малака на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў склала 716 цэнтнераў (106,1 працэнта да ўзроўню 2010 года). Самы высокі гэты паказчык атрымаўся ў СВК “Гудагай” – 1061 цэнтнер (113 працэнтаў).
Сярэдні надой ад каровы склаў 4761 кілаграм, што на 84 кілаграмы больш мінулагодняга. Лідзіруюць у надоях СВК “Гудагай” (5312 кілаграмаў) і СВК “Гервяты” (5053).
Таварнасць малака па раёне склала 85,4 працэнта, за лістапад – 86,1 (у саўгасе “Падольскі” – 90,1).
Гаспадаркі раёна атрымалі за 11 месяцаў 2011 года 4652,7 тоны валавай прывагі буйной рагатай жывёлы (104 працэнты да мінулагодняга ўзроўню). Самы вялікі прырост у жывёлаводаў СВК “Гервяты” (111 працэнтаў), СВК “Міхалішкі” (109). Сярэднясутачная прывага БРЖ за 11 месяцаў склала 691 грам, што менш мінулагодняга на 4 грамы. Усе гаспадаркі раёна, акрамя “Гервят” і “Міхалішак” спрацавалі ў вытворчасці ялавічыны з мінусам.
Валавая прывага свіней склала 2024,1 тоны або 107 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Сярэднясутачная прывага – 591 грам (+13). У СВК “Варняны” – 620 грамаў.
За справаздачны перыяд атрымана 9209 галоў цялят (+278 галоў да мінулагодняга ўзроўню). На 58 галоў менш атрымана ў СВК імя Гашкевіча, на 76 – у СВК “Варняны”, на 38 – у СВК “Гудагай”.
З цікавай інфармацыяй выступіў дырэктар “Сельгастэхнікі” М.П. Харкуноў, які расказаў аб новым падыходзе да арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання даільнага і халадзільнага абсталявання. Замест аўральных выклікаў на чарговую паломку або парыў, як гэта практыкавалася на працягу многіх гадоў, спецыялісты “Сельгастэхнікі” будуць наведваць фермы ў адпаведнасці з даведзеным графікам і праводзіць прафілактычныя работы па абслугоўванні абсталявання: правяраць ціск у малакаправодзе, вакуумнай помпе, замяняць сасковую гуму і г.д., што абавязкова станоўча адаб’ецца на стане молочных залоз дойнага статка.
Канчатковы вынік нарады падвёў А.Д. Кавалька, які хоць і ўказаў на шэраг пралікаў у арганізацыі зімне-стойлавага перыяду жывёлагадоўлі раёна, усё ж яе работу ацаніў як здавальняючую. Адам Дзмітрыевіч таксама паставіў некалькі задач перад жывёлагадоўчай галіной. Адна з іх – падрыхтоўка да абласнога семінара, які ў нашым раёне адбудзецца ў пачатку студзеня будучага года.


Францішка КРАСКО.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.