Тыдзень postfactum: прысуд рублю выносіць рана

13:01 / 18.10.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Не паспеў кошт долара на мінулым тыдні калыхнуцца ў бок павелічэння, як у народзе загаманілі: “Ну вось, а абяцалі, што 5 тысяч рублёў каштаваць будзе…”.


Асабліва абураўся прадавец рыбы ля Дома быту. Хоць і заўважаў пры гэтым, што асабіста яму долары “сто гадоў не патрэбныя”.
Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што ні “па тры”, ні “па пяць” долары ніхто нікому не абяцаў. Ва ўмовах рынку жывём, як-ніяк.
Хоць, па праўдзе кажучы, людзей таксама зразумець можна. Вельмі ўжо хочацца нейкай упэўненасці з гэтай валютай.
Падзеі апошніх тыдняў, здаецца, абнадзеілі. Пачынаючы з першых таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель дзень за днём умацоўваў свае пазіцыі. Не так хутка, як хацелася, пакрысе, але падымаўся ў цане.
Аднак на мінулым тыдні замежныя валюты сталі імкліва адваёўваць страчаныя было пазіцыі. За адзін толькі чацвер долар падаражэў на 3,4%, еўра – на 5%, а расійскі рубель ажно на 9 %. Слабым суцяшэннем стала толькі тое, што ў пятніцу цана валют не змянілася, а з пачатку таргоў 14 верасня курс долара вырас толькі на 4%.
Некаторыя аналітыкі, асабліва з ліку незалежных, якія на фоне росту курса рубля ледзь было не засталіся без работы, убачылі ў тым сумную тэндэнцыю і без долі сумнення прадраклі чарговую дэвальвацыю.
А вось кіраўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь захоўвала маўчанне і толькі напрыканцы тыдня пракаменціравала сітуацыю, што склалася на валютным рынку.
На думку намесніка старшыні ўпраўлення галоўнай банкаўскай установы краіны Тараса Надольнага, нічога асаблівага не здарылася і павелічэнне кошту долара на дадатковай валютнай сесіі не можа сведчыць аб сістэмным паніжэнні вартасці беларускага рубля.
“Для сусветнага рынку рэзервовых валют таксама характэрны калыханні – яны даходзяць да 10-12%, іншым разам – да 15%. Таму нічога страшнага тут няма. З такой жа ўпэўненасцю курс можа развярнуцца і зваротна”, — заўважыў фінансіст.
Падставай да аптымізму з’яўляецца, па меркаванні намесніка старшыні Нацбанка, і згортванне таргоў на дадатковай сесіі. Ужо з гэтага чацвярга будзе праводзіцца адзіная валютная сесія, якая і стане фарміраваць курс замежнай валюты. Не сакрэт, што сёння многія экспарцёры не спяшаюцца прадаваць валюту якраз з-за наяўнасці двух сесій і двух курсаў, з рознасці якіх ім прыходзіцца выплачваць падатак на прыбытак.
У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас у інтэрв’ю аднаму з тэлеканалаў выказаў меркаванне, што “тая валацільнасць (статыстычны фінансавы паказчык, які характарызуе зменлівасць цаны – Э.С.), якая ёсць сёння на дадатковай сесіі, гаворыць аб тым, што ўрад і Нацбанк даюць курсу намацаць раўнаважкае значэнне, пры якім попыт і прапанова будуць роўнымі, каб экспарцёрам было цікава прадаваць валюту, а імпарцёрам – купляць”.
Тым больш, што і прадаваць, і купляць на валютна-фондавай біржы ёсць што.
Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, апублікаваных на мінулым тыдні, экспарт Беларусі за студзень-жнівень гэтага года вырас у 2,2 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў амаль 10 мільярдаў долараў.
Характэрна, што нягледзячы на ўсе санкцыі з боку Еўрасаюза, тавараабарот з яго краінамі павялічыўся на 76,4%. Доля беларускага экспарту ў ЕС склала 38,1%. І гэта пры тым, што на Расію — нашага галоўнага эканамічнага партнёра — прыходзіцца толькі 35,3% экспарту беларускіх тавараў. Атрымліваецца, што насуперак палітычнаму пахаладанню ў адносінах эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Заходняй Еўропай развіваецца імклівымі тэмпамі.
Сярод краін Еўрапейскага Саюза, з якімі Беларусь гандлявала найбольш актыўна, – Германія, Нідэрланды і Польшча. Экспарт прадукцыі ў Германію, да прыкладу, павялічыўся больш чым у 4 разы.
Беларускі імпарт таксама вырас, але не так значна – толькі на 28, 5%. У выніку станоўчае знешнегандлёвае сальда склала 4 млрд. 344,7 млн. долараў ЗША.
Так што перспектывы ў нацыянальнай валюты ёсць і выносіць прысуд беларускаму рублю пакуль рана.