“У астравецкіх камунальнікаў ёсць чаму павучыцца” – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі абласнога семінара

13:50 / 04.10.2011

Ёсць дзве галіны ў народнай гаспадарцы, якія не крытыкуе толькі лянівы – гэта гандаль і камунальная служба. Яны заўсёды знаходзяцца пад самай пільнай увагай і самым прыцэльным абстрэлам крытыкаў, бо абедзве займаюцца абслугоўваннем насельніцтва, і тут дагадзіць кожнаму не тое, што цяжка – часам проста немагчыма.
І ўсё ж, як паказвае вопыт апошніх гадоў, камунальнікаў можна не толькі крытыкаваць – усё часцей у нашай рэдакцыйнай пошце з’яўляюцца пісьмы са словамі ўдзячнасці ў іх адрас ад жыхароў горада і раёна. А калегі з іншых рэгіёнаў едуць да нас вучыцца і пераймаць вопыт.


Так адбылося і на мінулым тыдні, калі ў Астраўцы прайшоў абласны семінар па тэме “Выкарыстанне мясцовых відаў паліва з механізаванай палівападачай. Укараненне энергазберагаючых мерапрыемстваў на прыкладзе Астравецкага РУП ЖКГ” і выязное пасяджэнне калегіі упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама.
Падобны семінар ужо праходзіў у нашым раёне ў 2009 годзе. Такая ўвага калег да Астравецкага раёна абумоўлена тым, што ў апошні час жыллёва-камунальная гаспадарка ў нас развіваецца не толькі па метаду “латання дзірак”, як гэта было некалі, а паспяхова асвойвае новыя накірункі дзейнасці, не забываючы пра асноўныя свае задачы, працуе рэнтабельна і эфектыўна. Дастаткова сказаць, што ў параўнанні з 2007 годам даходы ад дзейнасці прадпрыемства павялічыліся амаль у паўтара разы – з 6098 мільёнаў рублёў да 14901 у мінулым, за восем месяцаў гэтага года яны склалі 13436 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць гэтай не вельмі прыбытковай першапачаткова галіны – ды яна і не можа быць высокарэнтабельнай пры сацыяльна арыентаванай эканоміцы нашай дзяржавы! – усё ж склала ў мінулым годзе 4,02 працэнта, за 8 месяцаў гэтага года – 2 працэнты.
Але апошнім часам цікавасць гасцей да Астравецкага раёна абумоўлена яшчэ і тым грандыёзным праектам па будаўніцтву першай у Беларусі атамнай электрастанцыі, які плануецца ажыццявіць у нашым раёне. Гэта, дарэчы, стала адной з тэм знаёмства ўдзельнікаў семінара з раёнам. Госці наведалі інфармацыйны цэнтр АЭС, дзе ім расказалі пра асноўныя прынцыпы дзейнасці водна-вадзянога рэактара ВВР, які плануецца ўстанавіць на першай беларускай АЭС, яго адрозненнях ад сумнавядомага рэактара РБМК, які ўзарваўся на Чарнобыльскай АЭС, аб ступенях абароны рэактара ад усіх магчымых і нават малаверагодных катаклізмаў і навакольнага асяроддзя і насельніцтва ад уздзеяння радыяцыі.
Наведалі ўдзельнікі семінара таксама першыя аб’екты інфраструктуры АЭС, якія ўжо з’явіліся ў нашым раёне – піянерную прамысловую базу, раён забудовы жылля для будаўнікоў АЭС, першы мікрараён Астраўца. Апошні, да слова сказаць, уяўляў цікавасць і як месца прымянення сіл раённых камунальнікаў: яны выйгралі тэндэр і прымалі ўдзел у будаўніцтве інжынерных сетак. Работу гэтую плануюць працягваць і на будаўніцтве другога мікрараёна.
І ўсё ж асноўнай тэмай работы семінара было азнаямленне з работай астравецкіх камунальнікаў па выкарыстанню мясцовых відаў паліва, укараненню энергазберагаючых тэхналогій і падрыхтоўкі да работы ў зімовых умовах. Удзельнікі семінара наведалі цэнтральную гарадскую кацельню, дзе паглядзелі, як на мясцовых відах паліва – драўніннай шчапе – працуюць два новыя сучасныя катлы. Раней для гэтага быў задзейнічаны толькі адзін кацёл — адходы драўніны ішлі на падагрэў гарачай вады для насельніцтва. Цяпер, з уводам у строй другога, больш магутнага катла, з дапамогай мясцовых відаў паліва можна не толькі падаграваць ваду, але і падаваць цяпло ў кватэры пры не вельмі нізкіх тэмпературах. Драўнінную шчапу камунальнікі выпускаюць самі, нарыхтоўваючы лес на спецыяльна адведзеных для гэтага дзялянках – з арганізацыяй гэтага працэсу дырэктары РУП ЖКГ усіх раёнаў вобласці таксама змаглі пазнаёміцца падчас семінара. А недастаючую частку яе набываць у лясгаса, дзе вытворчасць так званых мясцовых відаў паліва вядзецца з размахам і мае добрыя перспектывы.
Пазнаёміліся ўдзельнікі семінара і з тым, як захоўваюцца мясцовыя віды паліва – для гэтага каля цэнтральнай кацельні пабудаваны склад на 1500 кубічных метраў: гэта дазваляе не толькі павысіць каэфіцыент карыснага дзеяння паліва, але і зберагчы дорага каштуючае абсталяванне ад заўчаснага выхаду са строю.
Укараненне энергазберагаючага абсталявання дае немалы эканамічны эфект – у гэтым госці маглі пераканацца, наведаўшы цэнтральны цеплавы пункт і станцыю абезжалезвання вады. Там устаноўлены сучасныя энергазберагаючыя помпы, электронныя датчыкі, кіраванне працэсам поўнасцю камп’ютарызавана – усё гэта дазваляе эканоміць да 30 працэнтаў электраэнергіі.
—Эканомія магла б быць і большай, калі б пошук энергазберагаючага абсталявання вёўся не на вока, а эфектыўнасць яго разлічвалася вучонымі, — сказаў, закранаючы гэтую тэму падчас пленарнага пасяджэння, дырэктар Астравецкага РУП ЖКГ А.Б. Стурліс. – А пакуль што кожны з нас вынаходзіць уласную мадэль веласіпеда.






Асаблівую цікавасць удзельнікі семінара праявілі да работы комплексу па бестраншэйнай пракладцы камунікацый метадам гарызантальнага напрамку бурэння. Яшчэ б – машына, якую нядаўна набылі астравецкія камунальнікі, — пакуль адзіная падобная не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў суседняй Брэсцкай. Яна дазваляе пракладваць камунікацыі, не разбураючы пры гэтым асфальтавае пакрыццё вуліц і дарог, не псуючы зробленае добраўпарадкаванне. Напэўна, не варта гаварыць пра эканамічны эфект комплексу, магутнасці якога дазваляюць прабурыць пад дарогай, тратуарам, газонам свідравіну для пракладкі любых камунікацый дыяметрам 500 міліметраў і даўжынёй 400 метраў. Праўда, каштуе навінка нятанна – 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў. Але А.Б. Стурліс лічыць, што за тры гады комплекс акупіцца. Пацвярджэнне гэтаму – той факт, што ён не толькі задзейнічаны на работах у нашым раёне – ён ужо працаваў у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, у Мінску – і заказы на паслугі эфектыўнай машыны паступаюць і цяпер.
Закончыўся абласны семінар пасяджэннем калегіі абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На ёй была дадзена высокая ацэнка падрыхтоўкі да семінара і ўвогуле работы астравецкіх камунальнікаў, а таксама разгледжаны асноўныя пытанні падрыхтоўкі да работы ў зімовых умовах ва ўсіх раёнах вобласці.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.