На Астравеччыне ў гэтым годзе ўрадзілі цукровыя буракі

14:31 / 13.09.2011

Трэцюю – бронзавую – прыступку абласнога табеля рангаў па ўраджайнасці цукровых буракоў Астравецкі раён дзеліць са Смаргонскім раёнам – пакуль суседзі ідуць “наздра ў наздру”, накапваючы з кожнага гектара па 502 тоны клубняплодаў. У сярэднім па вобласці ўраджайнасць “цукровікаў” складае 458 тон, узначальвае абласную зводку Гродзенскі раён (594 тоны), на другім месцы – Мастоўшчына (513 тон).


Як расказаў дзяржінспектар па нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі райсельгасупраўлення М.М. Верамейчык, план здачы цукровых буракоў, у адпаведнасці з якім наш раён павінен паставіць на Слуцкі цукровы завод 22 тысячы тон караняплодаў, будзе перавыкананы, як мінімум на 8 тысяч тон.
–Буракі сёлета атрымаліся цудоўнымі, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – На асобных участках іх ураджайнасць даходзіць да 600 тон з гектара. І гэта пры павышанай – вышэй базавых 16 працэнтаў – цукрыстасці. Адгрузка караняплодаў распачалася з пятага верасня. Штодня мы адпраўляем у Слуцк па шэсць вагонаў якаснай сыравіны. Можна было б і больш, але вытворчыя магчымасці перапрацоўшчыка стрымліваюць. Паколькі вырошчваннем цукровых буракоў у раёне займаюцца тры гаспадаркі (СВК “Гервяты”, “Гудагай” і “Міхалішкі”), распрацаваны зменны графік адгрузкі караняплодаў, які ўлічвае інтарэсы кожнага сельгаскааператыву. Так што вялікіх праблем з продажам цукровых буракоў быць не павінна.


Францішка КРАСКО.