СВК «Гервяты» на добрыя справы багаты

13:23 / 31.08.2011

СВК “Гервяты” – адна з буйнейшых гаспадарак Астравеччыны. Плошча яе ворыўных зямель складае 8,6 тысячы гектараў, сельскагаспадарчых угоддзяў – 13873 гектары. Прыярытэтны накірунак раслінаводства – вырошчванне збожжавых і зернебабовых культур, якія ў структуры пасяўных плошчаў займаюць 4320 гектараў.


Асноўная частка сабранага ўраджаю ў гаспадарцы, так бы мовіць, прапускаецца праз страўнік жывёлы – выкарыстоўваецца для кармлення 8000 галоў буйной рагатай жывёлы, 4000 галоў якой утрымліваецца на жывёлагадоўчым комплексе кааператыва.
Па выніках першага паўгоддзя 2011 года комплекс гаспадаркі займае шостае месца сярод аналагічных жывёлагадоўчых прадпрыемстваў рэспублікі. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы за 6 месяцаў бягучага года тут складаюць 960 грамаў, што на 10 працэнтаў больш мінулагодняга ўзроўню. Адметнай рысай Гервяцкага комплексу з’яўляецца ўмелае выкарыстанне кармоў – на вытворчасць адной тоны ялавічыны тут расходуецца 5 цэнтнераў кармавых адзінак, гэта – адзін з самых нізкіх паказчыкаў у краіне.
Гаспадарка імкнецца максімальна магчыма перапрацоўваць атрыманае мяса і рэалізоўваць яго ў выглядзе кансерваў або паўфабрыкатаў. У мясаперапрацоўчым цэху гаспадаркі ў год вырабляецца 300 тысяч бляшанак мясных кансерваў шасці найменняў па цане ад 6380 рублёў (“Каша пярловая з ялавічынай”) да 11440 рублёў (“Ялавічына тушаная” вышэйшага гатунку). 30 тон мяса рэалізоўваецца ў выглядзе паўфабрыкатаў (разрубка, фаршы і г.д.), яшчэ 12 тон – субпрадукты.
Дойны статак СВК “Гервяты” – гэта 1600 кароў, кожная з якіх за мінулы год дала ў сярэднім па 5873 кілаграмаў малака. Валавы надой склаў 8193 тоны. 14 працэнтаў агульнай колькасці малака рэалізуецца сортам “экстра”, яшчэ 80 – вышэйшым.
Зараз у гаспадарцы ўводзіцца ў строй новы сучасны малочна-таварны комплекс на 640 галоў.
–Першыя 320 кароў ужо знаходзяцца на новай ферме, – пракаменціраваў сітуацыю старшыня гаспадаркі Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. – Мы спадзяёмся, што, дзякуючы новым тэхналогіям утрымання жывёлы, валавая вытворчасць малака ў наступным годзе вырасце на 10 працэнтаў, а сорт “экстра” ў агульнай рэалізацыі малака дасягне 20 працэнтаў.
Не першы год СВК “Гервяты” займаецца вырабам пшанічнай мукі вышэйшага і першага гатункаў, рэалізуючы яе ў год да 500 тон.
–Сёння мы спынілі вытворчасць, – расказаў Андрэй Уладзіслававіч. – Закупачныя цэны на пшаніцу амаль што зраўняліся з цэнамі на муку – стала нявыгадна яе вырабляць. Але калі ўмовы зменяцца, гатовы зноў запусціць лінію. Актыўна займаемся рапсам – яравы на асобных участках даў сёлета па 30 цэнтнераў з гектара. Закупачная цана на крыжакветны завоблачная – 3300 рублёў за кілаграм, так што той, хто мае рапс, не застанецца без грошай.
На палях гаспадаркі даспявае грунтоўны ўраджай бульбы. З трыццаці гектараў кааператары плануюць сабраць каля 800 тон клубняў.
–Завяршаем будаўніцтва бульбасховішча ёмістасцю ў 3000 тон, – расказаў старшыня СВК. – Цяпер зможам рэалізоўваць клубні ўсю зіму. І з наступнага года пачнём паступова павялічваць плошчы бульбянішчаў, з такім разлікам, каб з часам запаўняць бульбасховішча па максімуму.
Вялікія спадзяванні ўскладаюць гервятцы і на цукровыя буракі, якія вырошчваюцца тут на 330 гектарах. Па папярэдняй ацэнцы, сёлетняя ўраджайнасць іх павінна “падскочыць” да адзнакі 650 цэнтнераў з гектара, а гэта – плюс чатыры мільярды рублёў у касу СВК.
–Цукровыя буракі, – лічыць Андрэй Уладзіслававіч, – абяцаюць “выцягнуць” на сабе эканоміку ўсяго раслінаводства. А наогул выручка ад рэалізацыі прадукцыі за год павінна перавысіць 32 мільярды рублёў, прыбытак, па разліках, – 3 мільярды, а ўзровень рэнтабельнасці – 8 працэнтаў.

Такое эканамічнае становішча дазваляе гаспадарцы не толькі пастаянна абнаўляць машына-трактарны парк, набываць насенне высокапрадуктыўных сартоў, мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін і г.д., але і ўкладаць сродкі ў культурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Да прыкладу, заняткі ў мясцовым фізкультурна-аздараўленчым комплексе для кожнага з работнікаў СВК бясплатныя – абанементную плату за яго ўносіць гаспадарка.


Ганна ЧАКУР.