Навядзі парадак на сваім падвор'і!

10:02 / 31.08.2011

За апошнія гады наш горад моцна змяніўся, папрыгажэў, стаў чыстым і дагледжаным. Гэта – вынік паўсядзённай работы раённага выканаўчага камітэта, камунальнай службы, прадпрыемстваў і арганізацый пасёлка. Сёння ёсць дзе адпачыць, не сорамна запрасіць гасцей і з гонарам правесці іх па вуліцах роднага горада.


Многія арганізацыі – РЭС, раённы вузел паштовай сувязі, падатковая інспекцыя, гаргаз і многія іншыя ўласнымі сіламі стварылі непаўторную ўтульнасць і прыгажосць на сваіх тэрыторыях. Сюды і на працу прыходзіць – у радасць!
З кожным годам мы бачым усё больш прыгожых, добраўпарадкаваных домаўладанняў у райцэнтры. Вось дзе кожны гаспадар можа рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Якіх толькі кампазіцый не ствараюць і малых архітэктурных форм не ўстанаўліваюць уладальнікі на сваіх падвор’ях, радуючы сэрца дамашніх і вока прахожых! Калі бачыш гэтыя прыгажосць і неўтаймаваны палёт фантазіі, душа радуецца за нашых суграмадзян – нібы знаходзішся на выставе прысядзібнага дызайну.
Але, як часта бывае, прыгажосць і занядбанне знаходзяцца побач. Часам – у літаральным сэнсе гэтага слова. І ў нашым горадзе таксама нярэдка дагледжаныя газоны, маляўнічыя кветнікі і парадак суседнічаюць з запусценнем, зараснікамі бур’яну і дэманстратыўнай абыякавасцю да стану дома, у якім жывуць так званыя “гаспадары”. Такія “сядзібы” нагадваюць верш Някрасава “Нязжатая паласа”. Памятаеце – “Только не сжата полоска одна – Грустную думу наводит она»… Але з класікам, акрамя агульнай сумнай тэматыкі, стан гэтых падвор’яў нічога не аб’ядноўвае. У большасці сваёй іх гаспадары фізічна абсалютна здаровыя. А вось духоўна, эстэтычна сур’ёзна хворыя – на ляноту, абыякавасць у адносінах як да сябе, так і да навакольных.
Калі ў чарговы раз рабілі аб’езд Астраўца з санітарнай камісіяй, вырашылі паказаць на старонках раённай газеты два бакі адносін грамадзян да свайго дома. З удзячнасцю – творчасць і працалюбства адных, з сумам і асуджэннем – іншых домаўладальнікаў. І нагадаць, што ўнутраны стан чалавека поўнасцю адлюстроўваецца ў стане, у якім утрымліваецца яго дом і падвор’е. Перафразіраваўшы вядомую ісціну, можна сказаць: пакажы мне свой дом – і я скажу, хто ты.
Сёння мы вырашылі пакуль не называць вуліц, не ўказваць нумароў дамоў і прозвішчы іх уладальнікаў. Няхай кожны пазнае сябе сам – а калі ў каго ўзнікнуць сумненні, то, думаецца, суседзі падкажуць правільны адрас. Яшчэ ёсць час і магчымасць усё змяніць, прыкласці некаторыя намаганні, абудзіць у сабе мастака. А найперш – навесці парадак у сваім доме і ў самім сабе…


Валерый СЯНЮЦЬ, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.