У Астраўцы ўпершыню ў Беларусі наладжаны выпуск агрэгатаў новага пакалення

09:56 / 29.08.2011

Створанае 3 гады назад ТАА “Бел-ЭЛСА” упэўнена заявіла аб сабе не толькі на беларускім рынку, але і ў Літве, Расіі і Казахстане. Менавіта на гэтым невялікім прадпрыемстве ўпершыню ў нашай рэспубліцы быў наладжаны выпуск дызельных зварачных агрэгатаў новага пакалення тыпу АДД.


А пачыналася ўсё з ідэі: Часлаў Віктаравіч Арлоўскі захацеў стварыць тое, што не выпускаецца ні ў Беларусі, ні ў краінах СНД. І спыніўся на новым для нашай краіны накірунку – вытворчасці электразварачных агрэгатаў тыпу АДД. Тры гады ён прысвяціў рэалізацыі гэтай ідэі: зрабіў першы ўзор агрэгата, запатэнтаваў яго. Затым новае абсталяванне прайшло прамысловую апрабацыю на прадпрыемствах Беларусі і атрымала сертыфікат адпаведнасці, выдадзены Інстытутам зваркі і абаронных пакрыццяў. Новы выраб быў зарэгістраваны ў дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, што дае права на масавую вытворчасць.
Часлаў Віктаравіч не ўтойвае, што ў пачатку арганізацыі ўласнай справы было “не соладка”. Справіцца з цяжкасцямі дапамаглі яго тры вышэйшыя адукацыі – дзве інжынерныя і адна – палітычная, а таксама такія рысы характару, як мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, настойлівасць і дзелавая жылка.
Тры гады існавання прадпрыемства былі прысвечаны вывучэнню вырабу на практыцы. Зварачныя агрэгаты прайшлі выпрабаванні не толькі ў Беларусі, але і на поўначы Расіі, у Казахстане, Літве. І сёння з упэўненасцю можна сказаць, што прадпрыемства вырабляе сапраўды якасную і даўгавечную прадукцыю. Партнёры задаволены якасцю зварачных агрэгатаў – гарантыя на абсталяванне даецца на 24 месяцы, у той час, як на імпартнае – 12 месяцаў. Ды і цана прымальная – у два разы ніжэй за заходнія аналагі.
Зварачныя агрэгаты новага пакалення адрозніваюць электронная сістэма кіравання, малая металаёмістасць, высокая эканамічнасць, устойлівасць гарэння дугі, мінімальнае распырскванне металу, чысціня і высокая якасць шва, магчымасць выконваць зварачныя работы ў любым прасторавым становішчы, не змяняючы рэжыму зваркі. Акрамя таго, у агрэгаце выкарыстоўваецца беларускі рухавік, які не толькі просты ў абслугоўванні, але і пры паломцы можна будзе купіць да яго недарагія запчасткі.
Дзякуючы высокай якасці і сучаснаму абсталяванню, прадпрыемства знайшло і сваіх пастаянных кліентаў – электразварачныя агрэгаты новага пакалення шырока выкарыстоўваюць “Беларуськалій”, “Нафтан”, “Беларусьнафта”, Міністэрства энергетыкі, шматлікія будаўнічыя арганізацыі. Шэсць агрэгатаў зараз задзейнічаны на будаўніцтве інфраструктуры для беларускай АЭС.
“Бел-ЭЛСА” – прадпрыемства са станоўчай дынамікай нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Калі ў 2008 годзе было выпушчана прадукцыі на суму 237 мільёнаў рублёў, ад экспарту атрымалі 96 тысяч долараў, то за 7 месяцаў бягучага года – 365 мільёнаў, ад экспарту – 15 тысяч долараў ЗША.
– Як бачыце, экспарт знізіўся, – расказвае Часлаў Віктаравіч, – але не таму, што мы не можам знайсці рынкі збыту за мяжой. Заказчыкаў шмат. Толькі пакуль што мы ледзьве паспяваем асіліць беларускі рынак. У сувязі з гэтым збіраемся пашыраць вытворчасць. У планах – набыць дадатковую плошчу і стварыць новыя рабочыя месцы.
Акрамя таго, зараз з-за адсутнасці высокатэхнічнага абсталявання няма магчымасці на месцы вырабляць некаторыя важныя дэталі да зварачных агрэгатаў – даводзіцца заказваць іх на іншых прадпрыемствах Беларусі. Да прыкладу, плату – “мозг” агрэгата – “Бел-ЭЛСА” набывае на механічным заводзе “ЭНЭФ” у Маладзечне. А пры пашырэнні вытворчасці можна будзе замяніць цяперашняе абсталяванне на больш прадукцыйнае і эфектыўнае.
Дарэчы, на прадпрыемстве вырабляюцца не толькі электразварачныя агрэгаты, але і прычэпы аднавосевыя, электрастанцыі для рэзервовага сілкавання сеткі, малагабарытныя зварачныя агрэгаты вагай да 100 кілаграмаў. У планах – стварыць беларускі інвектар – таксама зварачны апарат, толькі з другой тэхналогіяй зваркі. Ужо ідзе яго распрацоўка.
Працаваць і развівацца – менавіта такой палітыкі прытрымліваецца ААТ “Бел-ЭЛСА”.


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.