Ураджай-2011: прэміі з дастаўкай на жніво

09:25 / 22.08.2011






Ну вось ёсць жа ў жніве нейкі асаблівы магнетызм – яго ходам цікавяцца нават гарадскія людзі. Як там намалоты? Ці будзем з хлебам? А шмат яшчэ ўбіраць засталося?




Адкажам кампетэнтна: няшмат. Па стану на 19 жніўня абмалочана 84 працэнты збожжавага кліна. Асобныя гаспадаркі – СВК імя Гашкевіча, СВК “Гудагай” – жніво, лічы, завяршылі, засталіся толькі позняспелыя грачыха ды проса. І без хлеба не застанемся: у раённым амбары – 59103 тоны валавога намалоту.
На сёлетнім жніве працуюць 97 камбайнаў, а значыць – амаль дзве сотні камбайнераў. Кожны новы дзень, калі дазваляе надвор’е, адмінусоўвае ад неабмалочаных пакуль плошчаў па 5-6 працэнтаў уборачнага кліна.
І зусім не будзе перабольшваннем сказаць: жнеяры працуюць – ад душы. І таму што – ХЛЕБ. І таму што – магчымасць зарабіць добрыя грошы. А яшчэ таму, што існуе ва ўборачнай кампаніі выразны элемент спаборніцтва. Кожнаму з камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў сушылак хочацца першым намалаціць, перавезці, дасушыць праславутую тысячу тон – дадаць на свой “борт” яшчэ адну зорачку, убачыць уласнае імя на першай старонцы “раёнкі”. А яшчэ – атрымаць падарункі.
У гаспадарках раёна распрацавана сістэма ўзнагароджвання лідараў жніва. Большасць вытворчых кааператываў адзначае сваіх удзельнікаў жніва за дасягненне менавіта тысячнага рубяжу. Хаця ў СВК “Варняны” – свая сістэма адліку. Тут грашовымі прэміямі адзначаюцца працаўнікі, якія пры высокай якасці працы выканалі спачатку трыццаць, а потым пяцьдзесят даведзеных ім дзённых норм.
На пульсе жніва трымае сваю руку і прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Сёлета, як і кожны год, яго райкам (старшыня Мікалай Канстанцінавіч Грыцкевіч) уручыў Ганаровыя граматы і прэміі першым “тысячнікам” раённага жніва.
Ініцыятыву раённага прафсаюза падтрымала і вобласць – старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Валянцін Мікалаевіч Пракопік асабіста прыбыў на Астравеччыну, каб сваё персанальнае “дзякуй” лепшым удзельнікам жніва падмацаваць прэміямі і памятнымі падарункамі ад прафсаюза аграрнікаў Гродзеншчыны.






Так склалася, што лідарства ў намалотах з самага пачатку жніва адзінаўладна захапілі камбайнеры СВК “Варняны”, таму старшыні абкама аграпрамысловага прафсаюза давялося падарожнічаць па палях менавіта гэтай гаспадаркі. Нельга не адзначыць, што, сустракаючыся з удзельнікамі жніва, ён не проста ўручаў узнагароды, але і цікавіўся ўмовамі і арганізацыяй уборкі, станам тэхнікі бяспекі працы, распытваў камбайнераў і вадзіцеляў аб праблемах, з якімі ім даводзіцца сустракацца і ў жыцці, і на рабоце, даваў парады і нават рабіў заўвагу, калі заўважаў на абмалочаным полі агрэхі.
А вось старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў аргапрамысловага комплексу Мікалаю Канстанцінавічу Грыцкевічу давялося паездзіць па раёне – “тысячнікі” “прапісаліся” ўжо не толькі ў СВК “Варняны”, але і ў “Міхалішках”, “Гервятах”, “Гудагаі” і ў СВК імя Гашкевіча.


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.