Золата самай высокай пробы

16:08 / 19.07.2011

Усё. Здзейснілася. Здарылася. Дачакаліся: хлеб саспеў!!! Каласы напіліся ўдосталь вільгаці неба – дажджоў, наталіліся зямнымі сокамі, зерне выгадавалі буйное, цяжкавагавае. Такое, што і самім цяпер галовы роўна не ўтрымаць – хіляцца долу. А можа, яны спецыяльна? Кланяюцца гаспадару за клопат, аддзячваюць за руплівасць – хіба вырас бы хлеб такім без пяшчоты сялянскіх мазолістых рук? А скупаваты на словы і эмоцыі (знешняе іх праяўленне) селянін гэтых паклонаў і не заўважае – хлеб для яго, як для святога – малітва: адбяры і сэнс у жыцця знікне…


Першымі выйшлі на хлебную ніву жнеяры СВК “Варняны”. 5015 гектараў збожжавых і зернебабовых на палях гэтай гаспадаркі чакаюць свайго зоркавага часу. Дваццаць чатыры камбайны будуць працаваць на іх абмалоце.


Вядома, першы дзень пробны - сур’ёзных вынікаў ад яго ніхто не чакае. А вось па важнасці – адзін з галоўных. Таму што пачатак. Таму што, хоць і спрадвеку, а ўсё роўна – да соленага камяка ў горле.


“Хлеб даражэй за золата, – даведаўшыся пра пачатак жніва, хвалюецца мая 80-гадовая мама. – Хоць бы не задажджыла. Каб страт не было. Але ж калі пачынаць з Богам…”


У “Варнянах” жніво пачалося з Богам.


…На ўскрайку трыцікалевага поля выстраіліся ў лінейку жалезныя монстры – камбайны. Стаяць спакойныя, грунтоўныя, упэўненыя ва ўласных сілах. Хвалююцца толькі іх гаспадары–механізатары – бегаюць навокал сваёй тэхнікі: там падкруцяць, тут падстукнуць, а вось у гэтым закуточку – хоць вокам глянуць…


І на дарозе цёмна ад тэхнікі – палова канторы прыбыла на зажынкі. Эканаміст раздае свежа распрацаваныя расцэнкі – каб жнеяры ведалі, што пачым. Інжынер па тэхніцы бяспекі (пасля скрупулёзнай праверкі) – спецыяльныя допускі. А яшчэ – памяткі пажарнай бяспекі, правілы паводзін на жніве і г.д.


Агульная мітусня сціхла, калі на поле прыехаў мясцовы пробашч – ксёндз Здзіслаў Пікула. Людзі акружылі святара шчыльным колкам і ўважліва слухалі словы яго віншавання: з новым хлебам! А блаславенне ксёндз удзяліў кожнаму з прысутных персанальна – праз ускладанне рук на галаву і кароценькую малітву. А самую галоўную малітву хрысціяніна “Ойча наш” прачыталі ўсе разам.


Пасля акраплення машын і людзей святой вадой айцец Здзіслаў узяў у рукі самы першы “камбайн” селяніна – серп і нажаў невялікі сноп, які ўрачыста ўручыў старшыні гаспадаркі Аляксандру Часлававічу Вярбовічу.


–Які ўраджай вырас на полі? – пытаюся ў кіраўніка.


–Які? – асцярожная паўза. – Па-мойму, лепшы, чым у мінулым годзе. А за дакладнымі лічбамі прыязджайце ў канцы ўборкі.


Галоўны аграном на гэтае пытанне адказаў крыху больш канкрэтна:


–Яравыя нядрэнныя, але на запланаваныя 48 цэнтнераў з гектара, баюся, не зможам выйсці. Азімыя падвялі канкрэтна. Рапс азімы вось абмалацілі: 56 тон валавога збору з 80 гектараў – толькі на насенне, ніякай рэалізацыі. Хаця яравыя збожжавыя, па-мойму, выспелі нядрэнныя.


–Выдатныя! – не вытрымліваюць, уступаюць у размову камбайнеры. – Вось пакуль чакалі зажынкаў, абмалацілі край поля, каб было дзе паставіць камбайны на “лінейку” –дык сыпле, дай Бог! Паўкруга пройдзеш – бункер поўны! Зерне буйное, налітае. Абы так на ўсіх палях было.


–Абы так было на ўсіх палях раёна – дададзім ад сябе. Так і яшчэ лепш!


Ганна ЧАКУР.