Рыгор Долгi: “У нас і пілавінне ў дэфіцыце”

07:27 / 20.09.2010

19  верасня сваё прафесійнае свята адзначалі работнікі лесу. Напярэдадні свята наш карэспандэнт сустрэўся з дырэктарам ДЛГУ "Астравецкі лясгас" Рыгорам Мечыслававічам Долгім.


–Рыгор Мечыслававіч, дайце, калі ласка, азначэнне Астравецкаму лясгасу як прадпрыемству.
–Гэта комплексная гаспадарка, дзейнасць якой развіваецца ў двух асноўных накірунках. Першы і галоўны носіць, так бы мовіць, аднаўленча-вытворчы характар і тычыцца непасрэдна лесу: яго пасадка, праполка, асвятленне, прачыстка, ахова ад пажараў і нядобрасумленных карыстальнікаў і гэтак далей. Другі бок дзейнасці – выключна гаспадарчы: рубка лесу, тралёўка, вывазка, сушка і апрацоўка драўніны ў нашым цэху.





–Вырошчванне лесу і догляд за ім – задача агульнарэспубліканская. Гэты від дзейнасці датуецца дзяржавай?
–У даперабудовачныя часы датаваўся поўнасцю. Потым нам сталі аплачваць 80 працэнтаў, затым 60, 50… Сёння дзяржава пакрывае нашы затраты на пасадку і догляд за лесам толькі на 30 працэнтаў. Тым не менш штогод мы саджаем па 300 гектараў лесу.
–Кажуць, у сасновым лесе трэба маліцца, у бярозавым – любіцца, у дубовым – волю каваць, а ў яловым – душу д’яблу прадаваць. А які лес найбольш да душы асабіста вам?
–Без сумнення, сасновы бор. Такіх шмат у Міхалішкаўскім лясніцтве, на беразе Віліі. Чыстыя, напоеныя сонцам… Ідзеш па ім – і сам становішся святлейшым. Нібы сосны выдаляюць з цябе ўвесь назапашаны негатыў.
–Але лясоў, калі можна так сказаць, адной культуры ў нас няшмат. Чаму?
–Таму што мы ставім перад сабой задачу вырошчваць змешаныя – саджаем сасну, елку, бярозу, дуб… Такія пасадкі бліжэй да прыродных. Разнастайнасць стрымлівае развіццё шкоднікаў і хвароб, якія, як правіла, прыстасаваны да аднаго віду дрэў. А яшчэ змешаныя лясы – гэта супрацьпажарная прафілактыка. Таму што верхавы пажар, які коціцца па верхалінах хвойных дрэў, наляцеўшы на рады лісцевых, спыняецца.
–Дарэчы, наконт пажараў… Сёлетнім рэкордна гарачым летам палалі лясы Расіі, Украіны… А нам свае ўдалося зберагчы. Якім цудам?
–У гэтага цуду цалкам празаічная назва: сістэма прафілактыкі і строгі нагляд за станам лесу. Супрацоўнікі лясгасу рэгулярна наведваюць школы і працоўныя калектывы, праводзяць тлумачальную работу. Мы паўсюдна ўстанавілі аншлагі з указаннем тэлефонных нумароў нашых службаў. Нават аўтобус аформілі на агітацыйны манер! Лясы раёна пакрывае сетка пажарных вежаў – на іх у пажара-небяспечны перыяд пастаянна дзяжураць леснікі, якія фіксуюць нават невялікі дымок. Плануем устанавіць на вежах камеры відэанагляду. Распрацаваны маршруты патрулявання.
А самае галоўнае, думаю, у тым, што Беларусь змагла захаваць свае традыцыі вядзення лясной гаспадаркі і адпаведнае міністэрства з усімі яго разгалінаваннямі. Тая ж Расія, да прыкладу, зруйнавала ўсе свае шматвекавыя напрацоўкі, распусціла міністэрства лясной гаспадаркі, цалкам адмовілася ад паслуг леснікоў… І што? Перахрысціцца ўсё ж давялося – праўда, толькі пасля таго, як грымнуў гром.
–Але і беларускай лясной гаспадарцы, у прыватнасці, Астравецкаму лясгасу, мяркуючы па рэзкаму зніжэнню дзяржаўнай датацыі, прыходзіцца не салодка – вы самі павінны шукаць магчымасці зарабіць. Дрэваапрацоўчы цэх, наколькі я разумею, – асноўная з падобных магчымасцей?
–Для нашай “глыбінкі” – так. Лясгасы раёнаў, што прылягаюць да вялікіх гарадоў, адмовіліся ад падобных міні-прадпрыемстваў. На іх тэрыторыі працуюць магутныя дрэваапрацоўчыя фабрыкі, канкурыраваць з якімі лясгасаўскаму цэху не па сілах. Ды і навошта рабіць нейкія высілкі, калі пад дзвярыма стаіць чарга жадаючых набыць у цябе лес?! У 2007 годзе прайшла цэлая кампанія па закрыццю дрэваапрацоўчых цэхаў у лясгасах. Думалі над гэтым і мы, але параіліся з раённым кіраўніцтвам – і вырашылі не спыняць вытворчасць. Галоўным аргументам падобнага рашэння былі людзі – 70 чалавек пасля закрыцця цэху засталіся б без працы. Ды і, калі б мы зачынілі сваю вытворчасць, дзе яшчэ жыхар Астравеччыны мог бы набыць патрэбныя яму дошкі, брус і г.д.?
–Вы не толькі не спынілі работу перапрацоўчай галіны, а сталі актыўна ўкладаць грошы ў яе развіццё…
–Так. Пабудавалі новую сучасную сушылку драўніны, набылі больш эфектыўнае абсталяванне, арганізавалі яшчэ адну, поўнасцю механізаваную лінію распілоўкі лесу, а таксама лінію паганажных вырабаў – вагонкі, плінтусу і інш. Нарэшце мы заасфальтавалі тэрыторыю цэха.
–Укладанні асвоены салідныя. А якую аддачу яны даюць?
–Без перабольшання скажу, што перажыць наступствы сусветнага крызісу нашаму лясгасу ўдалося ў многім дзякуючы цэху. У 2008-2009 гадах попыт і цэны на драўніну ўпалі ледзь не да нуля – зацікаўленыя ў яе набыцці прадпрыемствы самі сядзелі ў “ботах”. А драўніна – тавар з разраду тых, што хутка псуецца – напітваецца вільгаццю, цямнее. Мы трымаліся на плыву амаль выключна на рэалізацыі піламатэрыялаў.
–Сёння сітуацыя змянілася?
–Так. Пачынаючы з канца папярэдняга года, цэны на лес паднялася амаль удвая. Зноў з’явіўся попыт. Сёння ў галіне продажу лесу мы актыўна супрацоўнічаем з вядучымі беларускімі вытворцамі мэблі – заводамі “Пінскдрэў”, “Мастадрэў”, “Вілейкабуддэталь” і іншымі. Яны набываюць у нас нарыхтаваны лес. Некаторыя кліенты купляюць лес на корані і потым рубку праводзяць сваімі сіламі.
–Лес прадаецца на аўкцыёне?
–Так, прычым за яго набыццём мы стаім у адной чарзе з іншымі кліентамі – на дзяржаўным узроўні вырашана, што лясгасы не павінны мець ніякіх пераваг. І часам здараецца сітуацыя… На апошнім аўкцыёне мэблевыя заводы так узвінцілі цэны, што мы і шэраг іншых дробных пакупнікоў засталіся “з носам”. З аднаго боку, нам выгадна, што цана на наш лес падскочыла ўтрая, а з другога…
–Але, Рыгор Мечыслававіч, ваша прадпрыемства гандлюе не толькі на ўнутраным беларускім рынку. Вы займаецеся яшчэ і актыўным экспартам драўніны.
–Будзе больш дакладным сказаць – экспартам піламатэрыялаў, таму што прадаём за мяжу прадукцыю свайго перапрацоўчага цэха. Для гэтага адсочваем сітуацыю на міжнародным рынку, вывешваем свае абвесткі ў інтэрнэце… Да нас звяртаюцца і фірмы-“аднаднеўкі”, якія набываюць разавую партыю лесу, але асноўную стаўку ў экспарце драўніны мы робім на пастаянных кліентаў.
–Асартымент вырабаў вы пастаянна пашыраеце. Цяпер вось распачынаеце выпуск паліўных брыкетаў з прасаванага пілавіння. Іншымі словамі, лясгас будзе зарабляць грошы на тым, што яшчэ нядаўна выкідваў вон?
–О, не! Часы, калі мы былі рады, каб у нас за “дзякуй” забіралі пілавінне, даўно мінулі. Прыватныя прадпрымальнікі, якія знайшлі яму прымяненне, даўно паднялі цэны на адходы апрацоўкі лесу. Тона пілавіння каштуе 30 тысяч рублёў. А за тону прасаваных брыкетаў нам даюць 95-100 еўра. Адчуваеце розніцу? Грэх было б не выкарыстаць такую магчымасць. Так што пілавінне ў нас становіцца дэфіцытам. Дарэчы, абрэзкі, што застаюцца пасля распілоўкі лесу, мы да нядаўняга часу рэалізоўвалі насельніцтву. Зараблялі на гэтым капейкі, абрэзкі назапашваліся, загрувашчвалі тэрыторыю. Цяпер набылі станок для іх здрабнення, дзякуючы якому сыравіны для вытворчасці брыкетаў у нас дабавілася.
–Пэўныя грошы вы маеце і ад рэалізацыі саджанцаў, якія вырошчвае ваш гадавальнік. Якую задачу ставіце перад яго працаўнікамі?
–У першую чаргу – забяспечыць лясніцтвы нашага лясгасу сеянцамі сасны, елкі, бярозы, дуба, клёна, лістоўніцы… Усё ж кожны год мы высаджваем каля двух мільёнаў сеянцаў. Але павінны расці ў ім і “дзівосы” – жыхары будучага дэндрапарку, на разбіўку якога мы рыхтуем праектную дакументацыю. Дарэчы, пакуль вялікі парк яшчэ толькі ў планах, пры кожным лясніцтве разбіты міні-дэндрапарк, у якім пад наглядам вопытных спецыялістаў растуць розныя экзатычныя дрэвы і кустарнікі.
–Давайце спынімся на лістоўніцы. Яшчэ нядаўна адшукаць яе ў нашых лясах было немагчыма. Адкуль узнікла ідэя ўкараніць сібірскую прыгажуню ў астравецкія лясы?
–Усё новае – добра забытае старое. У тым сэнсе, што лістоўніца расла ў нашых лясах, але была вынішчана з-за высокай якасці сваёй драўніны. Вы ведаеце, што яна не гніе ад празмернай вільгаці? Толькі “камянее” яшчэ мацней. А які прырост! Сваіх равеснікаў елку-сасну лістоўніца абганяе па прыросту ў 3 разы. І садзім у свае лясы мы не сібірскую, а еўрапейскую прыгажуню. Некалькі гадоў запар куплялі ў Польшчы па 5-6 кілаграмаў насення. Сёння ўжо збіраем сваё.
–Купляеце насенне, вырошчваеце сеянцы, высаджваеце, даглядаеце… Не шкада потым выпеставанае, вырашчанае амаль з нуля дрэва пускаць пад пілу?
–Усё ў жыцці мае свае пачатак і канец. Дрэва таксама расце, сталее, старэе і памірае. Драўніна бярозы становіцца “дзелавой” ва ўзросце 50-ці гадоў, хвойных – у 80. У сто гадоў дрэвы ўжо старыя і патрабуюць замены. Гэта натуральны працэс. І потым, чалавецтва пакуль не навучылася абыходзіцца без дроў, піламатэрыялаў, без паперы, у рэшце рэшт.
–Які план вырубкі даводзіцца Астравецкаму лясгасу на год?
–160 тысяч кубічных метраў дрэва. На сённяшні дзень мы ўжо нарыхтавалі 100 тысяч кубоў. А далейшую нарыхтоўку нам дазволена спыніць.
–???
–Лепшыя сілы нашых вальшчыкаў і асноўная частка адпаведнай тэхнікі працуюць у Шчучынскім раёне на ліквідаванні буралому. У апошнія гады ўраганныя ветры сталі сапраўдным бічом лясной гаспадаркі Беларусі. У 1998 годзе ўраган нарабіў бяды ў нашым раёне – тады справіцца з яго наступствамі нам дапамаглі спецыялісты з іншых лясгасаў. Мы таксама не стаім у баку ад чужой бяды – у 2008 годзе разбіралі буралом у Беразіно, у 2009 – у Чавусах. Сёлета моцна пацярпелі Шчучынскі, Лідскі, Слонімскі раёны. Настолькі, што калі ў мінулыя гады наша лясніцтва адкамандзіроўвала па дзве брыгады вальшчыкаў, то сёлета прыходзіцца пасылаць па 4-5. Сёння ў Шчучынскім раёне працуюць 65 чалавек са Спондаўскага, Кямелішкаўскага, Падольскага і Астравецкага лясніцтваў.
–Рыгор Мечыслававіч, нельга не ўзгадаць і тую вялікую работу, якую вашы падначаленыя вядуць па добраўпарадкаванню месц масавага адпачынку…
–Шмат зроблена ў гэтым сэнсе на Янаўскім вадасховішчы (Астравецкае лясніцтва), на возеры Кайміна (Спондаўскае лясніцтва). Ды практычна кожнае лясніцтва працуе над добраўпарадкаваннем сваёй тэрыторыі.
–Як да гэтага ставіцца мясцовае (і праезджае) насельніцтва? Часта даводзіцца мяняць паламаныя лаўкі і разграбаць горы смецця?
–Рэгулярна. Але не можа не радаваць, што культура насельніцтва ўсё ж расце – з кожным годам актаў вандалізму здараецца ўсё менш. А са смеццем… У пачатку лета мы вырашылі ў месцах адпачынку ўстанавіць мяшкі для смецця. Праз пару дзён прыехалі – і былі прыемна здзіўлены: людзі сталі складаць смецце ў расстаўленыя мяшкі. Відаць, вышыня асабістай культуры чалавека ў многім вызначаецца абуладкаванасцю яго быцця. Вось мы і вырашылі даплачваць леснікам за тое, што яны два разы на тыдзень у зонах адпачынку будуць мяняць мяшкі для смецця.
–Яшчэ адзін накірунак дзейнасці Астравецкага лясгасу – паляўнічая гаспадарка. Раскажыце, калі ласка, крыху пра яе.
–У гэтай галіне наш лясгас лічыцца паказальным у Гродзенскай вобласці. З замежнымі кліентамі мы пачалі працаваць з 2003 года. Нельга сказаць, што старт быў асабліва шматабяцаючым, але паступова сталі набіраць абароты. Аб’ёмы растуць. З’явіліся пастаянныя кліенты, якія заказваюць цэлыя туры. Сёння ў нас адпачываюць і ходзяць на паляванне госці з Іспаніі і Германіі, з Бельгіі і Італіі. Расія і Украіна прадстаўлена асабліва шырока – прыязджаюць да нас з Адэсы, Піцера, Масквы, Пермі… Вядома, мы стараемся стварыць адпаведныя ўмовы і для пражывання, і для адпачынку, і для баўлення часу. На базе таго ж паляўнічага доміка ў Задворніках існуе цір, дзе можна папрактыкавацца ў стральбе па “бягучаму кабану”, па лятаючых талерках і г.д. Попыт нараджае прапанову – сёлета мы набылі яшчэ адзін невялічкі домік на беразе Віліі – думаем адрамантаваць яго і таксама прымаць гасцей.
–Паток жадаючых паляваць не адаб’ецца адмоўна на колькасці звяроў у нашых лясах?
–Ніякім чынам. Колькасць звяроў у лясах прыкметна расце, а гэта значыць, што ліміт адстрэлу павялічваецца. Адкуль прырост? Па-першае, дзякуючы таму, што мы паступова пачынаем выпускаць у лес ланей і аленяў, якія жывуць і размнажаюцца ў нашых вальерах. Па-другое, правільная работа, накіраваная на выкараненне браканьерства. Па-трэцяе, добрая кармавая база і адсутнасць драпежнікаў.
–Рыгор Мечыслававіч, ці ўсе напрамкі дзейнасці лясгасу мы разгледзелі ў сённяшняй размове?
–Прынамсі, пераважную большасць. Можна было б расказаць яшчэ пра нарыхтоўку бярозавага соку, лекавых траў і дзікарастучых пладоў. Пра ўласную лясгасаўскую пасеку. Пра… Добра-добра, перагружаць газету не будзем. Але можна, карыстаючыся выпадкам, праз газету выказаць усім работнікам Астравецкага лясгасу падзяку за стараннасць і надзейнасць? Асабліва хочацца падзякаваць ляснічым Аляксандру Гайсе, Вайцеху Лукашэвічу, Яўгену Волкаву, Аляксею Мазырку. Ды і ўсім астатнім – большасць працаўнікоў нашай арганізацыі ставіцца да сваіх абавязкаў сумленна, з душой.
З прафесійным вас святам, дарагія сябры!


Гутарыла Ганна ЧАКУР.



ДЛЯ ДАВЕДКІ:

84 тысячы гектараў лесу, падзеленых на дзевяць лясніцтваў;
496 працуючых, 87 з якіх – работнікі дрэваапрацоўчага цэху;
Аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах – 5,655 мільярда рублёў;
Рэнтабельнасць вытворчасці – 14 працэнтаў;
Прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі – 1,202 мільярда рублёў;
Чысты прыбытак – 723 мільёны рублёў;
За 8 месяцаў інвесціравана ў лесагаспадарчую вытворчасць 178 мільёнаў рублёў,
У тэхнічнае пераабсталяванне лесанарыхтовак – 224 мільёны рублёў,
У развіццё дрэваапрацоўчага цэху – 192 мільёны рублёў;
Сярэдняя зарплата па прадпрыемству за восем месяцаў бягучага года – 977 тысяч рублёў,
За жнівень – 1,183 мільёна рублёў.