Cядзіба Сенюцёў з Астраўца

14:10 / 25.05.2010

Здароўе сям’і Сянюць


У кожнай сядзібы свой твар, сваё характэрнае, непаўторнае аблічча, якое, калі так можна сказаць, з’яўляецца матэрыяльным увасабленнем ідэалаў і поглядаў на жыццё самой сям’і. Нехта шчыруе на ніве ўласнага агарода, для некага сэнс паўсядзённай працы – у доглядзе за жывёлай, а хтосьці галоўным лічыць дэкаратыўнае аздабленне прысядзібнага ўчастка. Для Сенюцёў жа важней за ўсё — здароўе. Прычым як фізічнае, так і духоўнае. А энергію, сілы да жыцця яны чэрпаюць у сваім сямейным жытле. Гэтай звышмэце падпарадкаваны і яе змест.



Асабовая справа


Ірына Францаўна і Валерый Эдуардавіч з маленства жылі па суседству, цераз дарогу.
—“І таму каханне іх пачалося яшчэ ў дзяцінстве!” Так думаеце? – усміхнуліся абодва. — Мусім расчараваць: зусім не!
Іскрынка кахання паміж маладымі людзьмі праскочыла, здаецца, у самы непадыходзячы для гэтага пачуцця час – акурат на праводзінах маладога чалавека ў армію. Колькі рамантычных гісторый закончылася на гэтай урачыстасці! А ў Валеры і Ірыны ўсё толькі пачалося.
Затым былі пяшчотныя лісты, тэлефонныя размовы ледзь не праз усю ноч… Менавіта так! Дзёрзкасць маладога байца, “параненага” стралой Амура, не ведала межаў. Каб пазваніць каханай, ён ноччу прабіраўся ў кабінет камандзіра і па аператыўнай сувязі заказваў размову з Астраўцом! Ірына ж, дачасна пакінуўшы на дыскатэцы сябровак, сярод ночы праз увесь горад імчалася дадому, каб пачуць любімы голас. І так – усе гады армейскай службы.
Ну а пасля вяртання з арміі маладыя людзі згулялі вяселле.
Праз два гады — “сярэбраны” юбілей сумеснага жыцця! Па тым, як да гэтага часу зіхацяць у абодвух вочы, можна не сумнявацца – не апошні!



Хатні стадыён







Па першай адукацыі Валерый Эдуардавіч – спартыўны трэнер. І хоць лёс пакідаў яго па розных месцах працы ў розных сферах, сваю любоў да фізічнай культуры ён пранёс праз усё жыццё. Таму калі больш за дваццаць гадоў таму пачаў будаваць уласны дом, адразу задумаў у ім месца для спартыўнай залы. І размясціў яе ў… падвале.

Адразу мушу расчараваць тых, хто паспеў скептычна скрывіць вусны: маўляў, няма “гарадскім” чым сябе заняць. Склеп у звычайным разуменні ў доме таксама ёсць. І ў склепе ўсё, што трэба – плён рук гаспадароў – таксама прысутнічае. Што ж тычыцца спартыўнай залы, а дакладней, пакоя, то яго Валерый Эдуардавіч уладкаваў у другой частцы падвальнага памяшкання. Уваход сюды – проста з дома. Па стромкай, але даволі зручнай лесвіцы.

Першае, на што звяртаеш увагу, гэта сцены. Не проста сцены, а старонкі казкі пра Беласнежку і сем гномаў. Тое, што засталося на ўспамін аб дзяцінстве сына і дачкі. Некалі гэта была іх вотчына. Потым дзеці выраслі, а роспіс застаўся. Дарэчы, выканаў яго бацька. Так-так, ёсць у гаспадара імкненне і здольнасці да творчасці. Захапляўся некалі – і не беспаспяхова, трэба прызнаць – гравюрай. Сёння ў вольны час стварае невялікія пано з… вінных коркаў. Атрымліваецца смела, цікава і арыгінальна.

А яшчэ ў асаблівыя моманты душэўнага палёту, натхнення бярэцца Валерый Эдуардавіч за пяро.

Зрэшты, гэта – іншая гісторыя і асобная тэма. А ў імправізаваным спартыўным пакоі Сянюцёў, пакуль аўтар гэтых радкоў вывучаў сядзібу, пачыналі збірацца наведвальнікі. Кожны дзень па спецыяльнай праграме, распрацаванай гаспадаром – трэнер ён і ёсць трэнер – тут займаюцца яго сябры і суседзі. Усё досыць сур’ёзна. Раз у месяц – своеасаблівая справаздача: кантрольнае ўзважванне, замер аб’ёму мускулаў. Як у сапраўдным фітнес-цэнтры. Вынік, што называецца, на твары, дакладней на целе — ад “піўных жывоцікаў” не засталося і следу, затое з’явіліся мужчынская стаць, упэўненасць у сабе, бадзёрасць і сіла. Спартыўны інвентар, па большасці выраблены ці пераабсталяваны ўласнымі рукамі: гантэлі, штанга, гіры, нахільная дошка для развіцця мышцаў брушнога прэсу… У дадатак на вуліцы – перакладзіна і брусы. Звычайныя, даступныя кожнаму рэчы. Толькі ці так распаўсюджаныя ў нашых сядзібах?

Жонка, Ірына Францаўна, захапленне мужа падтрымлівае. І не толькі на словах. Час ад часу сама спускаецца ў залу, каб форму падтрымаць. Праўда, у такія моманты клапатлівы муж кладзе патрабавальнага трэнера на абедзве лапаткі: “Ты ў мяне і так прыгажуня, каханая!”



Іван-чай – і не толькі...



Ужо некалькі гадоў сям’я не ўжывае “магазінны” чай. Прадукцыю модных замежных брэндаў паспяхова замяняе тое, што расце на ўласным агародзе. Напрыклад, бадан – не толькі прыгожая кветка, якая радуе вока гаспадароў, а яшчэ з’яўляецца выдатнай сыравінай для карыснай, духмянай гарбаты. Лісты гэтай расліны Валерый Эдуардавіч сушыць, здрабняе і выкарыстоўвае як дабаўку да травянога настою.
—Знарок не падкошваю сад у гэтым месцы, – звяртае маю ўвагу гаспадар і паказвае проста пад ногі. – Тут у нас расце чабрэц – выдатная, карысная расліна. Цудоўны дадатак да гарбаты.
Калі не ведаеш, непрыкметныя светла-зеленаватыя раслінкі і не заўважыш.
Аб прыгатаванні травянога чаю Валерый Эдуардавіч можа гаварыць гадзінамі. Кожнае лета ён адпраўляецца ў лес і абярэмкамі нарыхтоўвае неабходныя расліны. У выніку пасля перапрацоўкі з легкавога прычэпа сыравіны атрымліваецца невялікая торбачка гаючай гарбаты. Вось, да прыкладу, эксклюзіўны рэцэпт прыгатавання Іван-чаю, які каштаваў сам і аб выдатных якасцях якога – не толькі смакавых, а і таварных – у сэнсе знешняга выгляду, колеру, водару – маю гонар сведчыць.
Сцябліны раслін у чай не ідуць. Абабранае з іх лісце на тры дні кладуць у сухое, цёплае і зацемненае месца. Зверху накрываюць вільготным рушніком. Пасля заканчэння азначанага тэрміну сыравіну прапускаюць праз мясарубку, а атрыманую масу адпраўляюць у духоўку, разагрэтую да максімальнай тэмпературы. Пасля сушкі Іван-чай упакоўваецца і захоўваецца ў звычайным для любой гарбаты месцы.
Можна – і нават патрэбна! – камбінаваць розныя травы. Напрыклад дадаваць зверабой, тысячаліснік, той жа чабрэц…
Гэта для цела. А для здароўя душы на ўчастку Сенюцёў безліч кветак. Ці трэба казаць, што гэта клопат гаспадыні — Ірыны Францаўны? Колькі відаў і гатункаў кветак прысутнічаюць на яе ўчастку, яна і сама адразу не ўспомніла. Балазе, якраз цвілі цюльпаны. Іх сумеснымі намаганнямі налічылі больш за дзесятак сартоў. Прыйдзе час – і падораць сям’і сваю прыгажосць астры, гладыёлусы, хосты, леатрысы, вегелы і асаблівы гонар гаспадыні – лілеі. Толькі вось сёлетняй вясной стан іх здароўя Ірыну Францаўну моцна непакоіць. Зрэшты, не яе адну. Суровую зіму прыгожая, але далікатная расліна перажыла вельмі цяжка.
Дзіўна, але большасць пладовых дрэў Сянюці прывезлі з беларускага поўдня – Брэстчыны. І нічога! У сэнсе нічога дрэннага з паўднёвымі гасцямі ў нашых шыротах не адбылося. Расліны адчуваюць сябе досыць камфортна. Штогод з іх галінак гаспадары здымаюць салодкія, сакавітыя грушы ажно чатырох гсартоў і духмяны паўдневы вінаград. Вось і вер пасля гэтага размовам, што на нашай поўначы можна паспяхова вырошчваць толькі адаптаваныя да мясцовага пераменлівага клімату расліны!
Натхнёны такім поспехам, Валерый Эдуардавіч замахнуўся на больш дзёрзкую задачу. Вырашыў прыжыць на сваім участку грэцкі арэх! Сцвярджае, што першыя прыкметы абнадзейваюць, ну а што ў выніку атрымаецца – час пакажа.
Ёсць на ўчастку і куточак для адпачынку. Праўда, гаспадар якраз задумаў яго рэканструкцыю. Таму дачасна фатаграфаваць яго не сталі. А ў перспектыве сярод маладзенькіх пакуль яблынь, груш, тысу, самшыту і каўказскай парэчкі размесцяцца столік і крэслы, вырабленыя са ствалоў дрэў, пройдуць камяністыя дарожкі. Дрэўцы падрастуць і накрыюць іх сваім ценем. Вось і будзе месца адпачынку для душы.


Падрыхтаваў Эдуард СВІРЫД.