Завод “Радыёдэталь”: крызіс зацягнуўся

09:07 / 07.04.2010
Яшчэ ў 2008 годзе работа завода “Радыёдэталь” не выклікала нараканняў: прагнозныя паказчыкі выконваліся, прадпрыемства працавала з прыбыткам. Хоць з’яўляліся і пэўныя трывожныя “званкі”: ўзніклі праблемы са збытам прадукцыі, асваеннем новых канкурэнтаздольных яе відаў, зарплата рабочых заставалася невысокай.
У мінулым годзе, ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу, які не абмінуў і нашу краіну, сітуацыя на прадпрыемстве рэзка пагоршылася. Дастаткова сказаць, што прагнозны паказчык па тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў толькі 84,9 працэнта пры прагнозе 110, выпуск тавараў народнага спажывання – 93,1 працэнта пры прагнозе 108 працэнтаў.
Усё гэта стала прычынай таго, што на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта вырашана было заслухаць справаздачу дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Астравецкі завод “Радыёдэталь” В.Б. Гульбіновіча аб прымаемых мерах па павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, перспектывах развіцця прадпрыемства.


Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька нацэліў прысутных на сур’ёзную размову аб прычынах зацяжнога крызісу на заводзе “Радыёдэталь”. Аб гэтым неаднаразова гаварылася на розных узроўнях: пасяджэннях савета кіраўнікоў, вытворчых нарадах, падчас абароны мерапрыемстваў, але станоўчых вынікаў гэтыя размовы не прынеслі. Больш таго: па выніках работы за два месяцы гэтага года тэмп росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыі застаўся на ўзроўні мінулага года пры прагнозе 110 працэнтаў, дапушчана зніжэнне выпуску тавараў народнага спажывання на 34,2 працэнта, запасы гатовай прадукцыі перавышаюць даведзены нарматыў і нават упершыню за апошнія гады дапушчаны страты ад вытворчасці, хоць і невялікія – 3 мільёны рублёў.
Астравецкі завод “Радыёдэталь”, якому сёлета споўнілася 40 гадоў, за час сваёй дзейнасці знаходзіўся ў рознай ведамаснай прыналежнасці і зведаў у сваім развіцці розныя перыяды: у 80-х, калі ён з’яўляўся цэхам Вільнюскага буйнога аб’яднання, гэта было адно з самых прэстыжных і стабільных прадпрыемстваў у раёне. У 90-я гады, наадварот, прадпрыемства пераходзіла з рук у рукі і “дыхала на ладан”. У 2008 годзе завод быў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства.
Валянцін Баляслававіч напачатку свайго выступлення расказаў, што на працягу шэрагу апошніх гадоў завод “Радыёдэталь” мае станоўчую дынаміку развіцця. Пачынаючы з 2004 года, вытворчасць павялічылася ўтрая. У 2007 годзе тут было выпушчана прадукцыі на 1459 мільёнаў рублёў, што склала 111,2 працэнта да ўзроўню папярэдняга года, у 2008 годзе – на 2074 мільён рублёў – тэмп росту 124,3 працэнта. Усе гэтыя гады завод працаваў з прыбыткам.
Але ў мінулым годзе, як ужо адзначалася, ад былых поспехаў не засталося і следу. Дырэктар звязвае гэта ў першую чаргу з негатыўнымі працэсамі ў сусветнай эканоміцы і цяжкасцямі ў пошуках пастаянных заказаў. Колькасць іх на электраразмеркавальныя вырабы, якія ў агульным аб’ёме вытворчасці займаюць 28 працэнтаў, зменшылася на 36 працэнтаў, на агульнамашынабудаўнічыя вузлы і дэталі – на 7 працэнтаў: іх доля ў агульным аб’ёме яшчэ большая — 29 працэнтаў. І да сённяшняга дня, як зазначыў В.Б. Гульбіновіч, на прадпрыемстве няма стабільнай наменклатуры тавараў, устойлівага попыту, пастаяннага дзяржаўнага заказу – гэта, на думку кіраўніка, і з’яўляецца асноўнай прычынай падзення аб’ёмаў вытворчасці і пагаршэння фінансава-эканамічных вынікаў працы.
Аднак старшыня райвыканкама лічыць, што справа не толькі ў гэтым: на прадпрыемстве прывыклі да ранейшага стабільнага попыту на сваю прадукцыю, а ва ўмовах крызісу не здолелі хутка пераарыентавацца, не навучыліся шукаць спажыўцоў, асвойваць выпуск новых відаў прадукцыі, на заводзе фактычна не працуе маркетынгавая служба. З гэтым вымушаны быў пагадзіцца і дырэктар: “Выпускаць прадукцыю мы ўмеем, а вось прадаваць яе – пакуль не,”— самакрытычна прызнаў Валянцін Баляслававіч.
Што ж плануецца зрабіць на прадпрыемстве, каб хутчэй справіцца з наступствамі крызісу – як сусветнага, так і свайго, “дамарошчанага”? В.Б. Гульбіновіч назваў галоўнай канцэпцыяй развіцця завода на 2010 год працяг работы па пераўтварэнню яго ў шматпрофільнае прадпрыемства з адначасовым павелічэннем аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі, у тым ліку і па асноўнай спецыялізацыі.
Што стаіць за гэтымі “добрымі намерамі”? Валянцін Баляслававіч расказаў пра гэта даволі падрабязна, з дэманстрацыяй на мультымедыйнай устаноўцы гатовых відаў прадукцыі. Так, у 2009 годзе асвоены выпуск корпуса металічнага для 8-меснага падаўжальніка і выпуск прыборнай вілкі з зазямляючым кантактам – гэта дазволіла знізіць сабекошт і павялічыць канкурэнтаздольнасць. У гэтым годзе плануецца пачаць выпуск падаўжальнікаў мнагамесных з зазямляючым кантактам – гэта дазволіць пашырыць кола спажыўцоў і патэнцыяльных пакупнікоў.
Шырокае распаўсюджанне атрымалі вырабы з металу рознага профілю. Для паўнацэннай работы па апрацоўцы металу набыта высокапрадукцыйнае абсталяванне – гэта дазволіла вырабляць больш складныя канструкцыі з рознымі дэкаратыўнымі элементамі і знізіць працаёмкасць вытворчага працэсу. У мінулым годзе на заводзе быў асвоены выпуск складаных па канструкцыі металавырабаў: уваходных дзвярэй, агароджы са шматлікімі дэкаратыўнымі элементамі, ліхтароў для вулічнага асвятлення, боксавай агароджы і металаканструкцый для ферм.
У гэтым годзе плануецца працягваць работу па нарошчванню аб’ёмаў на ўчастку металаапрацоўкі. Кіраўніцтва завода ставіць задачу будаўніцтва асобнага будынка для размяшчэння бляхава-зварачнага цэха, у які павінен перарасці сённяшні ўчастак металаапрацоўкі. На тэхнічнае перааснашчэння гэтага ўчастка сёлета плануецца накіраваць 379 мільёнаў рублёў інвестыцый. Мяркуемыя крыніцы фінансавання – інавацыйны фонд Міністэрства прамысловасці, крэдыты банкаў, уласныя сродкі. Дарэчы, шмат каго можа зацікавіць паслуга ипотека сбербанк. У гэтым годзе на заводзе плануецца асвоіць выпуск паштовых скрынак і элекраразмеркавальных шафаў розных відаў з выкарыстаннем палімернага пакрыцця.
Акрамя таго, прадпрыемствам распачата работа па тэхнічнаму пераўзбраенню на іншых тэхналагічных працэсах вытворчасці, укараненню сучасных тэхналогій. Завод набыў два станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, якія дазваляюць пашырыць асартымент выпускаемых дэталяў, прычым больш складаных і высокай якасці.
Дырэктар прадпрыемства запэўніў членаў райвыканкама, што дзякуючы ўсім гэтым мерапрыемствам, якія праведзены і працягваюць ажыцяўляцца на заводзе, ёсць усе магчымасці выканаць даведзеныя на гэты год паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця: тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі дасягне 110 працэнтаў, вытворчасці спажывецкіх тавараў – 112, доля сертыфікаванай прадукцыі ў агульным аб’ёме вытворчасці складзе 30 працэнтаў, новых відаў прадукцыі – 27.
Аднак, абмеркаваўшы справаздачу дырэктара завода “Радыёдэталь”, раённы выканаўчы камітэт прызнаў работу дырэкцыі па выканню ў 2009 годзе паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця недастатковай, указаў дырэктару на шэраг упушчэнняў у рабоце і запатрабаваў няўхільнага выканання прагнозных паказчыкаў, намечаных на 2010 год.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.