Сядзіба Корзунаў з Альхоўкі

17:05 / 23.03.2010
Добры дзень, шаноўныя гаспадары і гаспадыні!
Ці дачакаемся мы з вамі ўрэшце вясны? Надакучылі снег, холад... Так ужо хочацца выйсці з грабелькамі на вуліцу, прыбрацца ў двары, ля дома!
Не за гарамі гэты час. Вясна абавязкова возьме сваё. А пакуль не пачаўся новы агародны сезон, прапануем вашай увазе чарговы выпуск нашай “Сядзібы”.
Сёння ён будзе не зусім звычайны. Новыя ідэі, рубрыкі падказала наведванне сям’і Корзунаў з Альхоўкі. У “Асабовай справе” мы мяркуем расказваць вам аб гісторыі ўтварэння сем’яў нашых герояў. “Сад-агарод” паведаміць аб іх дапаможнай гаспадарцы. А “Партрэт у інтэр’еры”, маем надзею, падкажа новыя ідэі ў ажыццяўленні рамонту.
Разам з тым і ад традыцыйных нашых рубрык адмаўляцца мы не збіраемся і таму абавязкова яшчэ сходзім у лазню, падлічым нашы выдаткі ў “Дамашняй эканоміцы”, змайструем нешта ў “Сам сабе майстар” і, канешне, будзем разгадваць чарговыя загадкі “Дзедаўскай прылады”.

З павагай – вядучы “Сядзібы” Эдуард Свірыд.



Вытокі дружнай сям'і



Зоя Мікалаеўна і Алег Эдуардавіч Корзуны – урачы.  Больш дваццаці гадоў таму, не без удзелу блізкага родзіча, нядаўняя выпускніца медыцынскага вучылішча трапіла ў Астравецкі раён. “Канец свету”, хоць і з маляўнічай прыродай, не мог уразіць дзяўчыну. Разумеючы гэту акалічнасць, тагачасны галоўны ўрач раённай бальніцы В.А. Ражко “саслаў” маладога фельчара хуткай дапамогі на замену дэкрэтнага водпуску ў Міхалішкі, дзе акурат у гэты час прыступіў да выканання абавязкаў такі ж малады стаматолаг. У чарговы раз рука чыноўніка звяла ў адно цэлае два лёсы. Праўда, нечаканая перспектыва доўгатэрміновай замежнай камандзіроўкі Зоі Мікалаеўны магла зблытаць усе карты, але тут сваё мужнае, рашучае і, што вельмі важна, своечасовае слова сказаў Алег Эдуардавіч. Замест савецкага ваеннага гарнізона ў Заходняй групе войск дзяўчына апынулася спачатку ў ЗАГСе, а затым у Альхоўцы, дзе ў мясцовым садку ёй прапанавалі месца працы, а маладой сям’і — недабудаваны сядзібны дом-каробку. Сталі пакрысе яго дабудоўваць, а разам з ім будаваць і ўласнае жыццё.



Партрэт у інтэр'еры

Сонца ў пакоях


Паблукаўшы па прысядзібных участках нашых герояў, нагледзеўшыся там розных цудаў ландшафнага дызайну і малых архітэктурных форм, знахабіліся мы да таго, каб з дазволу гаспадароў паблукаць з фотаапаратам у руках яшчэ і па пакоях. Зоя Мікалаеўна Корзун была не супраць, чым неймаверна нас узрадавала і падказала тэму новай рубрыкі.
Мала хто з гаспадароў, пачаўшы будаваць дом у двух узроўнях, даводзіў справу да канца. Спачатку, як правіла, не хапае часу, затым грошай, а калі з’явіцца і тое і другое – калі, канешне, з’явіцца – высвятляецца, што ўладкоўваць другі паверх няма для каго – дзеці выраслі і пакінулі сваё гняздо. А для дваіх і тых пакояў, што ёсць, залішне. Так і дажываюць свой век на гарышчы непатрэбныя рэчы ды сушыцца бялізна.
Дом Корзунаў – рэдкае выключэнне. Кожны куточак тут даведзены да ладу, абжыты і аблашчаны рукамі гаспадароў. Нават другі паверх, з якога і пачалося наша знаёмства з домам. Пакуль падымаемся па лесвіцы, гаспадыня не без гонару паведамляе, што інтэр’ер – плён яе фантазіі. Ідэі з’яўляюцца самі сабой. Праўда, да гэтага досыць доўга выспяваюць. Галоўная умова – праект не павінен быць сумным, банальным, няўтульным. Дзіцячы пакой гэтым патрабаванням адпавядае цалкам. Яркія, але цёплыя, не тыя, што рэжуць вока, фарбы ў афармленні сцен. Бялюткае, рознаўзроўневае сталяванне з кропкавымі галагенавымі свяцільнікамі.
Насупраць – спальня. Паколькі знаходзіцца яна ў паддахавым памяшканні, ад прысутнасці контураў даху пазбавіцца цяжка. А Корзуны і не сталі гэтага рабіць, штучна выраўніваючы памяшканне. Атрымалася незвычайна, арыгінальна і нават неяк футурыстычна. Частку карыснай плошчы спальні ахвяравалі на уладкаванне прасторнай мансарды. Затое цяпер тут можна не толькі пасядзець за столікам з кубачкам гарбаты, а і адпачыць з кампаніяй сяброў.
Сябрам Корзуны заўсёды рады. Таму адвялі для іх нават асобны пакой – гасцявую. Ён мае асобны выхад на вуліцу, каб ніхто нікому не перашкаджаў і не адчуваў сябе ад гэтага няўтульна. А ў афармленні пакоя гаспадыня выкарыстала ўсё тую ж блізкую ёй сонечную тэму. Сцены абклеены аднатоннымі шпалерамі апельсінавага колеру, да якіх вельмі дарэчы дабаўлены некалькі рулонаў з вялікімі, яркімі летнімі кветкамі.



Сад-агарод

Таматны рай


Аб тым, што Корзуны – адны з лепшых агароднікаў у Альхоўцы, тут ведае кожны.
— І хто ж нас так рэкамендаваў? – ледзь не з парога пацікавілася гаспадыня.
— Мы ж аматары, а не прафесіяналы – сціпла хмыкнуў гаспадар.
А мы прафесіяналаў і не шукаем. Госці нашай “Сядзібы”, дакладней, гаспадары нашых сядзіб – самыя звычайныя людзі, якія сваёй паўсядзённай працай, уменнем і выдумкай ствараюць на сваіх участках невялікія аазісы творчасці і плёну. Сядзіба Корзунаў, як пацвердзілася пазней – самы дакладны адрас.
Участак у сям’і – каля шаснаццаці сотак. Для вёскі кшталту Газы – дробязі, а для Альхоўкі ці Міхалішак, заціснутых вадаёмамі і лясамі – багацце. Зрэшты, каб давесці гэта багацце да ладу, прыйшлося нямала поту праліць. Пяскі – гэта вам не суглінак. Таму, перш чым заняцца агародніцтвам, гаспадару прыйшлося не адну машыну чарназёму на агарод прывезці.
Дэрэчы, добры гаспадар заўсёды ў курсе пра тепловые насосы для отопления; яму не трэба казаць, где купить тепловые насосы.
Агародныя доследы маладая сям’я пачала, як і мае быць, з бульбы, адвёўшы пад яе большую частку тэрыторыі. З часам гэты занятак стаў не вельмі цікавым, і ля дома з’явіліся невялікі садзік, прасторная цяпліца, агарод і месца, дзе можна проста басанож пахадзіць па траве, падыхаць водарам кветак і цалкам расчыніць душу насустрач прыродзе. Дарэчы, і агарод, па прызнанню Зоі Мікалаеўны, для яе – не крыніца дадатковага прыбытку, а месца... адпачынку. Тут, корпаючыся ў зямлі, яна забывае аб дробных непрыемнасцях, здымае стрэс, калі такі здараецца – увогуле чэрпае сілы для жыцця і здароўя. Па цвёрдаму яе перакананню, расліны таксама адчуваюць энергетыку таго, хто іх даглядае. Таму і не надае вялікай увагі месяцоваму календару. Пераканалася неаднойчы – ёсць настрой, жаданне – смела падыходзь да раслін. Калі ж на душы туга – не дапаможа і астралогія!
Гледзячы на вынікі працы Корзунаў, можна зрабіць выснову, што адпаведны настрой тут прысутнічае пастаянна. Без уласных памідораў, агуркоў, перцаў сям’я не заставалася ніколі. Існуе строгі падзел працы. Таматы – справа мужа, агуркамі і перцамі займаецца жонка. На двары сакавік, больш падобны на люты, а ў Корзунаў ужо спланаваны севазварот на будучы сезон. Усё дакладна, па навуцы. Інтуіцыі, як і вопыту бывалых людзей, тут не асабліва давяраюць. Адбіваецца, напэўна, медыцынская адукацыя. Такія ж уважлівыя, можна нават сказаць – паважлівыя адносіны да пасяўнога матэрыялу. Калі нехта на насенне выдаткоўвае 30-40 тысяч рублёў, набываючы яго на рынку у бабулек, то Зоя Мікалаеўна за тую ж колькасць, купленую ў спецыялізаваных гаспадарках – 130-140 тысяч. Выдаткі з году ў год акупляюцца выдатным ураджаем.
Насенне – аснова поспеху агародніка, але не меншае значэнне мае тэхналогія вырошчвання расады. Уласна кажучы, за гэтым сакрэтам я і ехаў да гэтай сям’і ў госці. Ведаю, што многія гаспадары пачынаюць вырошчваць расаду таматаў яшчэ ў лютым. Дзе ж гэтыя стройныя, моцныя расліны на тоўстай ножцы ў Корзунаў? Аказваецца, толькі ў планах! 23 -- 25 сакавіка — і не раней! —Зоя Мікалаеўна і Алег Эдуардавіч закладуць аснову будучага ўраджаю памідораў. Таму што не аднойчы пераканаліся — няма горшай бяды, чым пасадзіць у зямлю перарослую расліну! Значна важней добра падрыхтаваць расаду для самастойнага жыцця ў цяпліцы. А таму штодзень яна знаходзіцца пад самай пільнай увагай. Важна не прапусціць ніводнага значнага моманту ў яе развіцці. Своечасова выканаць пікіроўку, правесці загартоўванне, не перагрэць на сонцы, не дапусціць пераўвільгатнення. А калі сыдзе снег, калі ўсталююцца больш-менш цёплыя дні, гаршчочкі з раслінамі выносяцца ў цяпліцу. Там яна, дадаткова накрытая спанбондам і плёнкай, на драўляных насцілах – зямля ж яшчэ халодная – будзе чакаць свайго часу, калі гаспадары нарэшце дазволяць ёй сустрэцца з глебай. Звычайна гэта здараецца 8-9 мая. А ужо ў пачатку ліпеня на стале з’яўляюцца першыя плады. Духмяныя, сакавітыя і, самае галоўнае, без ніякай хіміі. Зрэшты, маючы на ўвазе сям’ю двух медыкаў, аб гэтым можна было і не гаварыць.