В хозяйствах Островецкого района приступили ко второму укосу

08:08 / 12.07.2017
1

kormapadolcy1.jpg

Сёлетняе лета, як капрызлівая паненка, то рэдкую сонечную ўсмешку пашле, то расплачацца праліўнымі дажджамі, то пранізлівым ветрам абдасць... Застаецца толькі спадзявацца, што нарэшце лета стане не толькі каляндарным – але і сапраўдным: з водарам зёлак і скошанай травы, буйствам красак і каласоў.

Сонца чакаюць і корманарыхтоўшчыкі. Залева напрыканцы чэрвеня перашкодзіла працаваць корманарыхтоўчай тэхніцы на ўсю магутнасць. Тым не менш, гаспадаркі раёна завяршылі першы і распачалі другі ўкос – пасля працяглых дажджоў атава не прымусіла сябе чакаць…

На мінулым тыдні на рытанскіх і кямелішкаўскіх палетках працаўнікі саўгаса «Падольскі» завяршалі першы ўкос.

kormapadolcy11.jpg

Расказаць і паказаць нарых­тоўку кармоў у сваёй гаспадарцы згадзіўся дырэктар РУП «Саўгас «Падольскі» Аляксандр Віктаравіч Шчука, які, да слова, займае гэтую пасаду менш года.

– Сёлета плануем закласці больш сянажнай масы, чым летась, хоць робім гэта  са спазненнем – тэхніка падводзіць: «ляцяць» рухавікі, паліўныя помпы. Запчасткі для імпартнай тэхнікі, па-першае, каштуюць дорага, па-другое, на склады гандлюючых фірм яны завозяцца толькі пасля папярэдняй аплаты. З запчасткамі для беларускай тэхнікі  праблем няма – былі б грошы, – расказвае Аляксандр Віктаравіч. – Увогуле травы сёлета нядрэнныя – больш унеслі азотных угнаенняў.

Першым укосам, які ў гаспадарцы завяршыўся на мінулым тыдні, працаўнікі саўгаса «Падольскі» паклалі ў траншэі 7 648 тон сянажнай масы, што складае 41 працэнт ад запланаванага, у тым ліку 6 040 тон – з кансервантамі.

– Для нарыхтоўкі сенажу пры высокай вільготнасці закупілі спецыяльныя кансерванты, –  працягвае Аляксандр Віктаравіч. – Самы лепшы і спажыўны корм, які выкарыстоўваем для кармлення цялят, атрымліваецца пры нарыхтоўцы травы ў стрэйч-плёнку. Яго назапашана  каля 623 тон, другім укосам плануем нарыхтаваць яшчэ 900.

kormapadolcy2.jpg

kormapadolcy3.jpg

kormapadolcy4.jpg

На полі непадалёк ад малочнай фермы «Дуда» два кормаўборачныя комплексы падымалі, здрабнялі і адпраўлялі ў кузавы трактароў і МАЗаў падвяленую траву, якая трапіць на кармавыя сталы рагуль у выглядзе духмянага сенажу.

kormapadolcy5.jpg

kormapadolcy6.jpg

kormapadolcy7.jpg

kormapadolcy8.jpg

Яшчэ адзін накірунак корма­нарыхтоўкі – сена. Напачатку лета корманарыхтоўшчыкам саў­гаса «Падольскі» ўдалося «ўрваць» у непагадзі некалькі цёплых сонечных тыдняў – як вынік, яны выканалі план па нарыхтоўцы сена амаль напалову: у саўгасныя пуні трапіла 717 тон гэтага корму.

– З працаўнікоў, занятых на корманарыхтоўцы, хачу адзначыць Казіміра Садоўскага, Аляксандра Родзя, Аляксандра Раўду, Дзмітрыя Шэшу, Дзяніса Родзя, Віталя Трыбоцкага, Яўгена Крывіцкага – гэта тыя людзі, якія першымі выязджаюць у поле і апошнімі з яго вяртаюцца, – падвёў вынік гутаркі Аляксандр Віктаравіч.

Частка траў вы­карыстоў­­ваец­ца для кармлення гра­мад­ска­га статка.

kormapadolcy9.jpg

– Малочна-таварныя комплексы штодзень забяспечваюцца зялёнымі кармамі. Дойны статак у дадатак атрымлівае люцэрну. На комплексах, якія прадугле­джваюць аднатыпнае ўтрыманне жывёлы, некаторыя групы выганяюцца на пашу. На невялікіх фермах жывёлу пасуць кругласутачна, – расказала аграном па кармах Алеся Іванаўна Шыманэль, – Было б надвор’е – прыступілі б да нарыхтоўкі сена… Пакуль даводзіцца чакаць.

kormapadolcy10.jpg

…Верыцца, што падчас другога ўкосу корманарыхтоўшчы­кам надвор’е паспрыяе – па­вінна ж «капрызлівая паненка» некалі змяніць гнеў на міласць.

Коратка пра галоўнае

Дырэктар саўгаса «Падольскі» Аляксандр Віктаравіч Шчука:

* Размеркаванне майго працоўнага дня залежыць ад сезону: зімой – гэта вытворчасць малака, яго якасць, таму што выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі складае 70 працэнтаў ад агульнай. Зараз 90 працэнтаў часу прысвечана корманарыхтоўцы, а неўзабаве і жніво падаспее.

* Радуе, што пакрысе мы змаглі нарасціць аб’ёмы вытворчасці малака, а галоўнае – палепшыць яго якасць.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

Текст: