На Островетчине активно заготавливают корма
11:38 / 26.06.2017
Гервятцы з ліку тых, хто хутка стартуе і не збаўляе набраных абаротаў. Яркае таму сведчанне – першыя пазіцыі ў раённым табелі па корманарыхтоўцы на пару з гудагайскай гаспадаркай.
Дзякуючы зладжаным дзеянням ветэрынарнай, агранамічнай, інжынернай і заатэхнічнай службаў КСУП «Гервяты», корманарыхтоўка ў гаспадарцы ідзе поўным ходам. На пачатак тыдня тут нарыхтавалі 7 875 тон сенажу, ці 28 працэнтаў ад запланаванага.
Заатэхнік па кармах Станіслаў Івашка гаворыць, што стаўку ў нарыхтоўцы кармоў у КСУП «Гервяты» робяць менавіта на першы ўкос. Па папярэдніх падліках, запланаваную колькасць сенажу гервятцы змогуць пакласці ў яму падчас першага ўкосу. Другім – плануюць «закрыць» нехапіўшыя тоны і працэнты.
– Да нарыхтоўкі кармоў трэба падыходзіць адказна. Асабіста я – за якасць і аб’ём сенажу, а не за колькасць тон, – па дарозе на комплекс, дзе адбывалася актыўная закладка сянажнай ямы, разважае Станіслаў Івашка. – Каб атрымаць якасны сянаж, трэба выканаць тры простых, на першы погляд, правілы: кругласутачна трамбаваць, паспець закласці траншэю за тры дні і зрабіць яе герметычнай…
За якасцю сенажу ў гаспадарцы пільна сочыць ветэрынарная служба: некалькі разоў на дзень вымяраецца тэмпература і вільготнасць сянажнай масы. Акрамя гэтага, два разы на дзень вымярэнні робяць яшчэ і супрацоўнікі райветстанцыі – яны таксама бяруць пробы сянажнай масы для праверкі.
Ля малочна-таварнага комплексу «Рымдзюны» па «зялёнай гары» туды-сюды бесперастанку снавалі два вялікія жоўтыя «Амкадоры» – трамбоўка зялёнай масы тут адбываецца кругласутачна; механізатары нават абедаюць па чарзе.
Перад сянажнай траншэяй зроблена саламяная «падушка» – спецыяльна для таго, каб ачышчаліся колы машын, якія з палёў прывозяць здробленую і падвяленую траву.
Дарэчы, сянажную масу правяраюць не толькі на тэмпературу і вільготнасць, але і на вагу. Кожная машына, перш чым пад’ехаць да траншэі, праходзіць вагавы кантроль. Усе дадзеныя фіксуюцца ў журналах.
– З адвозам зялёнай масы праблем не ўзнікае. Адзінае, што нам перашкаджала на мінулым тыдні працаваць, – дажджлівае надвор’е. Закладваць траву напалову з вадой – значыць свядома траціць якасныя паказчыкі будучага корму, – каменціруе Станіслаў Івашка. – У сянажныя траншэі ўперамешку закладваюцца бабова-злакавыя і бабовыя травы: канюшына сама па сабе дрэнна кансервуецца. Пры закладцы зялёнай масы выкарыстоўваем кансервант «Сіла-прайс».
Для аператыўнасці дзеянняў корманарыхтоўчая тэхніка ў КСУП «Гервяты» падзелена на два вытворчыя звяны, у кожным з якіх ёсць касілкі, граблі, кормаўборачныя камбайны. За кожным з іх замацаваны трактары і грузавыя аўтамабілі для перавозкі травы на месцы яе трамбоўкі. На адвозе задзейнічаны таксама дзве машыны – адна ад сельгастэхнікі і адна прыватніка.
Перад самым пачаткам касавіцы лінейка корманарыхтоўчай тэхнікі КСУП «Гервяты» значна абнавілася: прадпрыемства набыло сучасныя граблі і модульную ратацыйную касілку.
– Граблі звычайна разам з травой зграбалі камяні, якія потым траплялі ў камбайн. Касілка КМР-9, на якой працую, пракосы з 9 метраў аб’ядноўвае ў адзін валок, – расказвае Рымас Трапшыс. – Высокая прадукцыйнасць, сумяшчэнне некалькіх аперацый – яе галоўныя характарыстыкі.
Віктар Гродзь займаецца трамбоўкай зялёнай масы
Валерый Васільчык і Віктар Чайкоўскі возяць здробненую і падвяленую траву на комплекс
Дзмітрый Янковіч і Вадзім Гайдуць задзейнічаны на адвозцы травы
Міхаіл Янч, корманарыхтоўшчык
Валерый Герасім, адвозка
Вадзіцелі сельгастэхнікі Анатоль Дублённых і Іван Філіповіч
Франц Тотчык, вадзіцель пажарнай машыны
за Ігарам Гудзінскім замацаваны кормаўборачны камбайн
Валянцін Танковіч, адвозка
Аляксей Ляшчэўскі
Рымас Трапшыс працуе на новай касілцы КМР-9
На скошаных участках, якія ўжо атрымалі патрэбную порцыю мінеральнай падпіткі, атава не прымусіць сябе чакаць.