Не «падкладзіце» свінню!
Самы дзейсны спосаб прадухілення распаўсюджання афрыканскай чумы – прафілактыка.
Даведка
Афрыканская чума свіней – высока кантагіозная хвароба, пры якой назіраюцца ліхарадка, гемарагічны дыятэз, запаляльныя, дыстрафічныя і некратычныя змяненні ў розных органах. Хварэюць хатнія свінні і дзікі незалежна ад узросту.
Вялікую небяспеку ў міграцыі гэтай хваробы нясуць дзікі – па апошніх звестках на тэрыторыі Астравецкага раёна налічваецца 77 галоў. Для барацьбы з чумой праводзіцца адстрэл кабаноў.
Крыніцай інфекцыі з’яўляюцца хворыя і перахварэўшыя свінні. З арганізма жывёлы вірус выдзяляецца з усімі сакрэтамі і экскрэментамі, а таксама з выдыхаемым паветрам. Заражэнне адбываецца пры сумесным утрыманні хворых і здаровых свіней. Таксама жывёліна можа падчапіць хваробу праз траўмаваную скуру, укус заражаных кляшчоў.
Памятайце!
1. Для чалавека вірус не шкодны.
2. Насякомыя, драпежныя птушкі і жывёлы, сабакі могуць быць пераносчыкамі захворвання.
3. На падворку свіней ўтрымлівайце бязвыгульна ў агароджаных месцах.
4. Выкарыстоўвайце толькі асобнае адзенне, абутак і інвентар для догляду за свіньмі.
5. Не выкарыстоўвайце ў якасці корму тэрмічна неапрацаваныя адыходы сталовых, рэстаранаў, санітарных забояў.
6. Не выкідвайце трупы жывёл, адыходы іх утрымання і перапрацоўкі на звалкі – утылізуйце ў спецыяльна адведзеных месцах.
7. Пра ўсе несанкцыянаваныя перамяшчэнні жывёл паведамляйце і дзяржаўную ветэрынарную службу раёна, а пры першых прыкметах захворвання ці раптоўнай гібелі свіней неадкладна тэлефануйце ветэрынарам па тэлефонах 2-14-78, 2-16-78, 2-18-08 і ў сельскі Савет.
Забараняецца!
– Дапускаць кантакт свіней з іншымі жывёламі і людзьмі;
– увозіць і вывозіць свіней за межы сваёй гаспадаркі без ветэрынарнага агляду і суправаджальных дакументаў.
Людміла АДАХОЎСКАЯ,
вядучы ветурач-вірусолаг