Чым займаюцца зімой вяскоўцы

10:41 / 12.02.2019

Па распараджэнні старшыні райвыканкама у кожнай гаспадарцы створаны брыгады па выдаленні драўнінна-кустарнікавай расліннасці.

Чым яны займаюцца, высвятляў наш журналіст.

4.jpg

У тэорыі

У гаспадарках адказнымі за работу брыгад па выдаленні драўнінна-кустарнікавай расліннасці прызначаны вытворцы работ. У іх мы і пацікавіліся, як наводзіцца парадак на прыдарожных палосах.

КСУП «Гервяты», Юрый Багдзевіч:

– На навядзенні парадку ў прыдарожных палосах на ўчастках дарог Гіры-Мільцэі і Гіры-Пелігрында штодня занята каля 5 чалавек.

 КСУП «Міхалішкі», Віктар Мацкела:

– Зараз наша брыгада працуе на нарыхтоўцы дроў для патрэб кацельняў. Запланавана прывесці ў парадак участак дарогі ад Полацкага тракту да «хімцэнтра», які размяшчаецца ў лесе. Ужо ачышчана каля кіламетра. Згодна з планам выканаць гэтыя работы мы павінны да 4 квартала, але, думаю, справімся значна раней.

 КСУП «Варняны», Юрый Балтрукевіч:

– Цяпер прыводзім у парадак участак дарогі ад адмі­ніст­рацыйнага будынка гаспадаркі да вёскі Хралы. Да слова, летась там таксама працавалі. Штодзень на ачыстцы прыдарожнай паласы працуюць 2 вальшчыкі лесу і 3-4 чалавекі занятыя на ўборцы парубачных рэшткаў і галля. Да сакавіка плануем ачысціць ад кустоўя 2-3 кіламетры прыдарожнай паласы.

РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», Станіслаў Клімашэўскі:

– У гэтым годзе ачышчаем ад кустоўя і расліннасці два ўчасткі дарогі: першы – у накірунку Савішак, другі – ад Рытані да Падольцаў. На гэтых работах працуюць у сярэднім 5 чалавек. Да жніўня плануем прывесці ў парадак вызначаныя ўчасткі – хаця, думаю, управімся раней. Плюс такіх работ відавочны: па-першае, прыдарожныя палосы выглядаюць больш ахайна, па-другое – гаспадарка атрымлівае дармовыя дровы.

 КСУП «Гудагай», намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Вінча:

– Гэтая брыгада па меры магчымасці ачышчае прыдарожныя палосы ўчасткаў дарог на Дзягенева і Рукшаны. План перавыкананы на 50%. Хаця ў будаўнікоў, акрамя ачысткі дарог, ёсць і іншая работа: цяпер вядзецца рамонт харчблока, хапае і іншых клопатаў.

Кампетэнтна

Дырэктар Астравецкага прадпрыемтва меліярацыйных сістэм Вадзім Вянгроўскі: 

– Наша прадпрыемства аказвае дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам у выкарчоўванні пнёў. Пакуль што да нас звярнуўся толькі КСУП «Гервяты».

1.jpg


На практыцы

Каб паглядзець, як працуе брыгада па выдаленні драўнінна-кустарнікавай расліннасці, я адправілася ў КСУП «Гервяты».

Раніцай дамовілася з вытворцам работ Юрыем Багдзевічам, што на ўчастак дарогі ад Гіраў да Мільцэяў, дзе ў той дзень павінна была працаваць брыгада, пры­еду каля 14.30: па словах Юрыя Віктаравіча, зімой брыгада працуе да 15.00.

На месцы мы былі нават раней, але людзей не відалася. Патэлефанавала Юрыю Багдзевічу – ён папрасіў прабачэння і растлумачыў, што людзі ўжо скончылі работу.

Каб не марнаваць дзень, вырашылі наведацца ў КСУП «Варняны». Вытворца работ Віктар Балтрукевіч у тэлефоннай размове паведаміў каардынаты «дыслакацыі» брыгады – участак дарогі, які вядзе ад «хімцэнтра» да Хралоў.

На месцы пілы не «раўлі», шчэпкі не ляцелі: людзі палілі парубачныя рэшткі і грэліся.

– Я і Раман Ласёніс валім дрэвы, пілуем іх на калодкі, а хлопцы сцягваюць сучча ў адно валкі, якія потым спальваем, – расказвае пра сваю работу Валянцін Мятлеўскі. – Летась нарыхтавалі 280 кубоў дроў.

Да размовы далучаецца майстар па будаўніцтву КСУП «Варняны» Анатоль Арлоўскі:

– На ўчастку злева, – мужчына паказвае рукой, – наводзілі парадак летась. Бачыце: усё прыбралі, пакінулі толькі вялікія ліпы і клёны. Сёлета хлопцы працуюць на другім баку дарогі.

2.jpg

Злева ад дарогі, дзе варнянцы наводзілі парадак летась, красуюцца не толькі пакінутыя дрэвы, але і суцэльнае «шчацінне» з парасткаў кустоўя.

– У мінулым годзе не паспелі выкарчаваць – ізноў зарасло, – нібы выбачаючыся, працягвае Анатоль Часлававіч. – На гэтым участку засталося ачысціць ад кустоў 700 метраў прыдарожнай паласы. Пасля будзем наводзіць парадак на дубніцкай дарозе.

– Ну што, хлопцы, пагрэліся? – спыняе ён гутарку. – Тады гайда працаваць!

3.jpg

Текст: