Альхоўскія дашкольнікі вучыліся рабіць кардон

07:50 / 05.02.2019

Пра прыгажосць альхоўскіх краявідаў ведаюць далёка за межамі нашага раёна. Вёска Альхоўка знаходзіцца ў маляўнічым месцы, з усіх бакоў акружана сасновым лесам – і гэта адна з асаблівасцей нашых родных мясцін. Толькі як захаваць гэты лес? Гэта можна даведацца на Альхоўскай кардоннай фабрыцы, дзе пераапрацоўваюць макулатуру і вырабляюць цэласны кардон.

IMG_20190115_103305.jpg

З гэтым цікавым працэсам нядаўна знаёміліся выхаванцы Альхоўскага дзіцячага сада разам са сваім выхавацелем Данутай Аляксандраўнай Сухарэўскай.

Інжынер па якасці Д.В. Сінькевіч правяла экскурсію. Што вырабляецца з макулатуры, як яна перапрацоўваецца і куды пастаўляецца кардон з Альхоўкі – цікава было паслухаць яе расповед і паназіраць за ўсімі працэсамі.

IMG_20190115_101032.jpg

 А пасля экскурсіі дашкольнікі заняліся пазнавальна-даследчыцкай дзейнасцю – разам з выхавальніцай яны вырашылі самі зрабіць кардон. Спачатку збіралі патрэбную паперу, рвалі на маленькія шматкі старыя газеты, замочвалі іх у вадзе, дабаўлялі клей, разбівалі міксерам атрыманую масу, выціскалі рэшткі вады, раскладвалі на падносе – і чакалі, калі яна высахне.

IMG_20190115_154210.jpg

І вось доўгачаканы вынік – кардон атрымаўся! Гэты вопыт на конкурсе даследчых работ дашкольнікаў “Я – даследчык” прадставіў наш выхаванец Павел Емяльян.

Цяпер малышы ведаюць, як можна захаваць наш лес – і вучаць гэтаму дарослых.

Аэліта РЫЛЬКОВА, намеснік загадчыка Альхоўскага дзіцячага сада.

Текст: Главный администратор