Палёт на поўдзень адменены. У Ашмянах засталіся зімаваць два буслы (+відэа)

08:15 / 29.10.2018
Бусла даўно лічаць сімвалам нашай краіны. Гэту прыгожую і статную птушку вельмі любяць і аберагаюць у народзе. Яна з’яўляецца сімвалам шчасця, сям’і і дабрыні. Прылёт буслоў чакаюць і маленькія, і дарослыя. З гэтымі птушкамі звязана шмат павер’яў і прыкмет. 

Мноства перашкод трэба пераадолець буслам, каб прынесці на сваіх магутных крылах вясну і вярнуцца туды, дзе ўпершыню вылецелі з бацькоўскага гнязда…  Даверлівы бусел «сябруе» з чалавекам, будуе гнёзды на дахах будынкаў,  высокіх дрэвах,  слупах.  Некаторыя месцічы спецыяльна майструюць пляцоўкі для гнёздаў, каб бліжэй да іх дома маглі пасяліцца белыя птушкі, што з клёкатам прыносяць мір, гармонію і дабрабыт…

Нядаўна ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што два белыя буслы засталіся зімаваць у Ашмянах. Пачалі «сыпацца» фотаздымкі, дзе птушкі перамяшчаюцца па вуліцах, завітваюць у людскія двары і блукаюць па беразе Ашмянкі ў пошуках ежы. Людзі пачалі «біць трывогу» і збіраць ежу для пары маладых буслоў. Але адкрытым заставалася пытанне аб тым, дзе ж яны будуць зімаваць. На дапамогу прыйшлі настаўніца СШ № 3 Наталля Проніна і супрацоўнікі РАНС, якія перадалі буслоў у школу-інтэрнат.

IMG_6545.jpg

Цяпер буслы знаходзяцца ў адной з прасторных цяпліц навучальнай установы. Тут цёпла, хапае месца, каб хадзіць і нават лятаць з аднаго канца збудавання ў другі. У праходзе некалькі найменняў кухоннага посуду са смачнай ежай і вадой для птушак. Цікава, што школьнікі не лянуюцца і паспяваюць пасля ўрокаў для іх нават сабраць маленькіх жабак. Дарэчы, не забываецца пра птушак і Наталля Проніна, якая падарыла маладняку першы прытулак.

Да новых выхаванцаў школы-інтэрната карэспандэнт  завітала разам з вучнямі.  Птушкі іх не баяліся, а наадварот спяшаліся дакрануцца вялікімі дзюбамі да рук, каб убачыць, які ласунак дзеці прынеслі зранку.  

IMG_6546.jpg

 Настаўніца біялогіі Міраслава Івашка абавязкова прысвячае некалькі хвілін урока буслам, расказвае аб тым, дзе яны жывуць, куды ляцяць зімаваць, што ўваходзіць у рацыён цыбатых. 

Дарэчы, аб рацыёне. Кожны з жыхароў раеннага цэнтра можа прынесці буслам свежую сырую і замарожаную рыбу, сырыя мясныя субпрадукты і нават сам уручыць ласунак дзюбатым.

— Гэта вельмі сімвалічна, таму што ў нашай школе вучацца дзеці, якім мы таксама  дапамагаем стаць на крыло, — дзеліцца дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Бізюк. — Дзеці ўсё разумеюць і вучацца дабрыні і спагадзе, якіх ім часам не хапае.

IMG_6536.jpg

ссссс.png

Цікава, што гэтыя буслы не адзіныя пярнатыя, якім дапамаглі ў навучальнай установе. Аднойчы дзеці разам з настаўнікамі выхадзілі лебедзя з падбітым крылом. Жыў тут і белы бусел, які не мог лятаць. Паколькі яго прывезлі ў жніўні, ён паспеў падлячыцца і адправіцца з суродзічамі ў вырай. Некалькі год таму ў склепе «кватараваў» вожык, якога прынеслі жыхары квартала Будаўнікоў. Увогуле, выхаванцам школы сумаваць няма калі, бо пад іх апекай не толькі птушкі, але і маленькія кацяняты, якія знайшлі тут новы дом, экзатычныя чарапахі.

…Хоць «рэйс» на поўдзень для двух цыбатых адмянілі,  хочацца верыць, што яны ў надзейных руках і на наступны год перад тым, як паляцець у вырай,  абавязкова зробяць развітальны круг над школай.  


 osh.by


Текст: Главный администратор