Паселім сойку на фасадзе?

16:16 / 19.04.2018

Упрыгожым Клічаў сойкай! Гэтая птушка была абраная афіцыйным крылатым сімвалам Клічаўскага раёна летась. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запусціла кампанію па зборы сродкаў,  каб на адным з дамоў горада з’явілася прыгожае птушынае графіці.

Такія графіці з ініцыятывы АПБ ужо з’явіліся ў розных гарадах Беларусі – сродкі на гэта таксама збіраліся талакой. Насценныя роспісы з птушкамі цяпер ёсць не толькі ў Мінску, дзе на сценах будынкаў пасяліліся вушатая сава ды гогаль, але і ў малых гарадах, якім часта не хапае яркасці і фарбаў. У Валожыне на двух будынках цяпер красуецца зімародак, а ў Маларыце – жаўрук-смяцюх.


Дарэчы, кампанія па зборы сродкаў на графіці з жаўруком сабрала так шмат ахвяраванняў, што частка з іх пойдзе на графіці з сойкай.

Гэтая лясная птушка вельмі любіць жалуды. Частку іх яна закопвае ў зямлю – хавае запасы. Яна прысыпае іх зверху лісцем, карой ці мохам. Але часта сойка забывае пра свае сховішчы, і жалуды прарастаюць. Так што сойка, можна сказаць, прафесіянал па пасадцы дубоў!

Хочаце дапамагчы Клічаву стаць ярчэйшым і ўшанаваць сваю абранніцу? Вы можаце “намаляваць пёрка” сойкі, зрабіўшы ўнёсак на краўфандынгавай платформе “Талака”.  Хай прыгожая соечка аздобіць горад, а кожны жыхар запомніць, як яна выглядае, і з лёгкасцю пазнае сярод іншых птушак!


Маляваць сойку будзе мастак Алесь Kontra, ужо вядомы многім па згаданых вышэй птушыных графіці. Калі ўдасца назбіраць больш грошай, чым патрэбна для праекта, то сваю птушку на фасадзе атрымаюць яшчэ два гарады: у Карме з’явіцца шчыгел, а ў Івацэвічах – барадатая кугакаўка.

Разам мы можам зрабіць так, каб сойка заняла свой “пачэсны фасад” у Клічаве.


Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

АПБ

Текст: Главный администратор