Ваўкі прыйшлі ў горад (абноўлена)

17:56 / 13.12.2017

Днямі на вуліцы Яўсеева ў Астраўцы ваўкі зайшлі ў двор прыватнай сядзібы і насмерць загрызлі сабаку. Вуліца, вядома, ускраінная, размешчана блізка да лесу – але ад такой навіны мароз па скуры прайшоў, думаю, у многіх.

248319896.jpg

І па няпісаным законе парнасці выпадкаў з такой жа праблемай у рэдакцыю звярнулася Леакадзія Іванаўна Папова. Жанчына, якая жыве ў аграгарадку Палушы на вуліцы Зарэчнай, знаходзіцца ў роспачы: у гэтым годзе ваўкі ў іх вёсцы загрызлі ў іх ужо не аднаго сабаку. Хатніх абаронцаў цяпер саміх трэба абараняць: на ноч гаспадары сабак зачыняюць у хлеў, каб да іх не дабраліся серыя драпежнікі. Але ж гэта праблемы не вырашае, бо цямнее зараз рана, развідняе позна, і людзі баяцца выходзіць з хаты – але ж трэба!

- Найгорш дзецям, якім трэба рана выпраўляцца ў школу, расказвае Леакадзія Іванаўна. Дарога на нашай вуліцы разбітая, школьны аўтобус тут прайсці не можа, ды і развярнуцца яму няма дзе, і школьнікам – а такіх на нашай вуліцы трое, у тым ліку – і мой сын, трэба ісці ў цэнтр вёскі. Скажу шчыра: страшна выпускаць дзіця з хаты, ведаючы, што з-за плоту за ім, магчыма, цікуе воўк.

Канешне, змагацца з ваўкамі няпроста: звер гэта асцярожны, хітры, дужы. І тым не менш нешта трэба рабіць – бо калі ваўкі ўжо не баяцца заходзіць у мяжу горада, то што можа здарыцца заўтра? 

Можа, не варта чакаць бяды і затым без разбору караць вінаватых і невінаватых, а лягчэй папярэдзіць магчымыя трагедыі?

Ніна АЛЯКСЕЕВА


Пакуль рыхтаваўся да друку гэты матэрыял, стала вядома, што жыхары вуліцы Яўсеева здолелі злавіць шэрага драпежніка.

На падворак Уладзіміра і Яўгеніі Сінкевічаў у пошуках лёгкай спажывы прабраўся воўк. Шэры драпежнік пралез у падпаветку. Гаспадары не разгубіліся – і зачынілі яго там, а затым выклікалі адпаведныя службы: лясгас, ЖКГ, МНС, ахову прыроды, якія і ўсыпілі шэрага драпежніка.

IMG_5232.jpg

– Воўк – драпежнік хітры і небяспечны, але чалавека пазбягае, – пракаменціраваў здарэнне намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Пётр Зянонавіч Крупеньчык. – Тое, што гэты звер выйшаў да жылля чалавека, сведчыць аб тым, што воўк ужо стары, яго, хутчэй за ўсё, выгналі са зграі, бо паляваць на лясную жывёлу ён ужо не здольны. Таму драпежнік перайшоў на катоў ды сабак, за якімі не трэба ганяцца. 

Хутчэй за ўсё, менавіта гэтага ваўка бачылі ў Едакланях, Палушах, іншых бліжэйшых вёсках да горада і ў самім Астраўцы. Ці так гэта, можна будзе сказаць крыху пазней, пасля экспертызы.

Запісаў Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.


Текст: Главный администратор