На Белорусской АЭС открыли третий трудовой семестр студенческих стройотрядов

14:18 / 07.07.2015
Адкрыццё трэцяга працоўнага семестра прайшло на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС

– З мноства добрых спраў, якія ў свой час рэалізоўваў камсамол, адным з самых масштабных і карысных для моладзі і краіны стаў студатрадаўскі рух, –  падкрэсліў у сваім выступленні падчас адкрыцця трэцяга працоўнага семестра на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на Беларускай АЭС намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. –  Беларускі  рэспубліканскі саюз моладзі лічыць сябе правапераемнікам камсамола і робіць правільна, што адраджае будатрады.


Сёння на Беларускай маладзёжнай будоўлі працуе беларуска-расійскі атрад, у які ўвайшло 400 студэнтаў з беларускіх і расійскіх навучальных устаноў.

Падчас урачыстай цырымоніі зводнаму беларуска-расійскаму атраду было прысвоена імя двойчы Героя Савецкага Саюза, маршала Мікалая Крылова, які прымаў удзел у вызваленні Астравецкага раёна. Ганаровая місія ўручыць студэнтам партрэт героя выпала старшыні Астравецкага райвыканкама Адаму Кавальку.

Адной са знамянальных падзей урачыстасці стала закладка дэкаратыўнай алеі гонару студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Першы адбітак сваёй рукі пакінуў у бетоне намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.

Падчас адкрыцця трэцяга працоўнага семестра  быў пакладзены старт першым адкрытым маладзёжным дэбатам «Выбірай.by», удзельнікамі якіх сталі байцы студэнцкіх атрадаў, што працуюць на Беларускай АЭС, а вядучым – Вадзім Гігін.

Пасля мерапрыемстваў, прысвечаных адкрыццю трэцяга працоўнага семестра, студэнты адправіліся на свае працоўныя  месцы, каб яшчэ раз пацвердзіць, што моладзь выступае за моцную і квітнеючую Беларусь.

Больш падрабязна пра адкрыццё трэцяга працоўнага семестра чытайце ў наступным выпуску нашага праекта «Беларуская атамная» і на сайце нашай газеты.



Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.