Чарнобыль без міфаў

18:06 / 30.07.2010
1

Чарнобыль, невялікі старажытны гарадок на поўначы Украіны, які вядзе сваё летазлічэнне ажно з 12 стагоддзя, са сваім адметным тварам, гісторыяй, традыцыямі, амаль чвэрць стагоддзя таму, у 1986 годзе, стаў ужо не столькі горадам, колькі паняццем, сімвалам, які азначае для каго – найвялікшую ў гісторыі чалавецтва тэхнагенную аварыю, для каго – злачынства тагачаснага кіраўніцтва краіны супраць свайго народа, для каго – гераізм людзей, што практычна голымі рукамі абаранілі планету ад ядзернай катастрофы, для каго – асабістую трагедыю ці паламаны лёс.


Я – з апошніх: пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, як і тысячы маіх землякоў, жыхароў паўднёвых раёнаў Гомельшчыны, засталася чалавекам без радзімы, які ў сваю вёску, да родных магіл і пакінутай бацькамі хаты, можа наведацца толькі раз у год, на Радуніцу… Так сталася, што ні ў самім Чарнобылі, ні ў горадзе энергетыкаў Прыпяці ў сваім “даваенным”, дааварыйным жыцці мне пабываць не давялося. Хоць мае аднавяскоўцы, карыстаючыся невялікай адлегласцю да гэтых багатых на дэфіцытныя па тым часе тавары гарадкоў, ездзілі туды часта — межаў паміж Беларуссю і Украінай тады яшчэ не было. А тут каталіцкі манах брат Карнэлій Консэк, з якім нас выпадкова звёў лёс – хоць даўно вядома, што нічога выпадковага ў жыцці не бывае – спытаў-прапанаваў: “Вам не хацелася б пабываць у Чарнобылі?” У самім Чарнобылі? Пабачыць на свае вочы, зблізку, монстра, які забраў столькі жыццяў і паламаў столькі лёсаў? Ну канешне ж, хачу!!! Мне сабрацца – толькі падперазацца. Едзем!



Дарога


Першае моцнае ўражанне, якое чакала нас на ўкраінскай тэрыторыі, — дарога, што пачалася за пунктам пагранічнага пераходу Выступовічы. У незвычайна прыстойным для ўкраінскіх дарог стане, пакрытая ружаватым асфальтам (нават разумеючы, што гэта – ад колеру шчэбеню, асацыяцыі ўзнікаюць — не для слабанервовых). І – абсалютна пустынная! Такое ўражанне, што мы трапілі ў нейкае іншае, нерэальнае вымярэнне. Самі сабой усплываюць у памяці сюжэты фантастычных фільмаў – і на душы становіцца неяк халаднавата і няўтульна… І таму першую сустрэчную машыну мы вітаем радаснымі воклічамі і ўздыхам аблягчэння: мы не адны на гэтай лясной дарозе! Але чым бліжэй пад’язджаем да Чарнобыля, тым больш ажыўленай становіцца траса. За акном мільгаюць малюнкі звычайнага вясковага жыцця: дзед вязе на возе сена, жанчына поле агарод, бусел клякоча ў гняздзе, дзеці некуды едуць на веласіпедзе. Вось толькі чамусьці нідзе не відаць кветак… …Праязджаючы па гэтай дарозе ў першы раз, мы яшчэ не ведалі, што ў нас будзе магчымасць вывучыць яе больш падрабязна. Справа ў тым, што першая наша з братам Карнэліем спроба трапіць у Чарнобыль аказалася няўдалай. Атрыманая з пасольства Украіны ў Беларусі і ўзгодненая з Міністэрствам замежных спраў суседняй краіны афіцыйная папера з просьбай садзейнічаць беларускім журналістам у выкананні нашых прафесійных абавязкаў



ні на міліцыянераў на пункце пропуску “Дзіцяткі” – на сённяшні дзень гэта галоўныя вароты Чарнобыля, ні на супрацоўнікаў фірмы “Чарнобыль-інфа” (ёсць такая ў Чарнобылі – займаецца прыёмам і суправаджэннем турыстаў), з якімі мы размаўлялі па тэлефоне, уздзеяння не мела. Аказваецца, узгадняць нашы планы трэба было зусім з іншым міністэрствам Украіны – па надзвычайных сітуацыях. —Ну што ж, — праехаўшы каля 700 кіламетраў і разварочваючы машыну, філасофскі заўважыў брат Карнэлій, не паддаючыся майму блізкаму да роспачы настрою, — узгоднім, калі трэба. Яшчэ раз прыедзем! Хоць, як высветлілася пазней, на самой справе трапіць у Чарнобыль не так і складана. Турыстычныя фірмы Кіева актыўна прадаюць туры для цікаўных экстрэмалаў, якіх нямала і сярод украінцаў, і асабліва сярод замежных грамадзян: плаціце грошыкі – і глядзіце колькі хочаце на той самы ракавы чацвёрты блок станцыі, гуляйце – у суправаджэнні гіда, зразумела, – па мёртвым горадзе Прыпяць… А за асобную плату: усяго(!) тысяча долараў за гадзіну – можна нават заказаць верталёт і агледзець станцыю з вышыні птушынага палёту. Туры карыстаюцца попытам, асабліва ў замежных турыстаў: сюды едуць і шведы, і французы, і амерыканцы, і бельгійцы, і аўстрыйцы… Не дзіва, што нашы спробы ў першы свой прыезд “разжаліць” на пункце пропуску міліцыянераў тым, што мы прыехалі “ажно з самой Беларусі”, выклікалі ўсмешку: тут кожны дзень прыязджаюць па дзве-тры экскурсіі з розных краін свету.



Чарнобыль


Збіраючыся ў Чарнобыль, я самаўпэўнена лічыла, што “знаходжуся ў тэме” і ведаю калі не ўсё, то многае і пра сам горад, і пра атамную станцыю, і пра аварыю на АЭС. Але, як аказалася, да гэтай паездкі я знаходзілася ў палоне распаўсюджаных міфаў пра жыццё чарнобыльскай зоны – ва ўсякім выпадку, украінскай яе часткі, у беларускай даводзілася бываць неаднойчы. І гэты дзень у Чарнобылі стаў для мяне днём адкрыццяў і пераасэнсавання некаторых добра вядомых – ці я толькі лічыла, што яны вядомыя? — рэчаў.
…У другі раз мы падрыхтаваліся да паездкі больш грунтоўна і мінулі пункт пропуску “Дзіцяткі” (назва якая, ацаніце!) без усялякіх праблем. У тэлефоннай размове з кіраўніком “Чарнобль-інфа” даведаліся, што суправаджаючы нас гід Дзяніс Забарын будзе чакаць на ўездзе ў Чарнобыль. Дарэчы, зараз досыць папулярна паслуга аренда квартир в гомеле.
...Скажыце, якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас пры слове “Чарнобыль”? Прысыпаная радыеактыўным попелам мёртвая зямля, дзе людзі, калі і ёсць, то ходзяць выключна ў спецыяльным ахоўным адзенні з дазіметрамі наперавес — нешта падобнае ўяўлялася нам, і думаю, што мы не адзінокія ў гэтых сваіх асацыяцыях. І якім жа было наша здзіўленне, калі пры ўездзе мы ўбачылі, што ў горадзе віруе жыццё: над установамі развяваюцца дзяржаўныя сцягі, рабочыя ў аранжавых робах рамантуюць дарогі, адчынены магазіны, туды-сюды снуюць машыны і ходзяць людзі…
—Чарнобыль – звычайны жывы горад. Толькі закрыты — у яго можна трапіць па спецыяльным пропуску, — тлумачыць нам па дарозе Дзяніс. —Тут дзейнічае адміністрацыя зоны і яшчэ каля 20 арганізацый, якія займаюцца абслугоўваннем людзей. Працуюць пяць магазінаў і тры кафэ. Штодня выходзяць на працу каля чатырох тысяч чалавек. Дзе жывуць? У гасцініцы, інтэрнаце. Працуюць хто вахтавым метадам, як я: два тыдні тут, два — адпачываю ў Кіеве: там у мяне кватэра. А хто — з панядзелка па чацвер, а затым на выхадныя едзе дамоў.
Са здзіўленнем мы даведаліся, што трапіць на работу ў Чарнобыль у маладых людзей Кіева лічыцца даволі прэстыжна – нашаму гіду таксама ўсяго 25 гадоў. Ну, па-першае, таму, што знайсці добрааплатную пастаянную работу ва Украіне, як мы зразумелі, увогуле даволі праблематычна. А тут за працу ва ўмовах павышанай небяспекі даплачваюць да асноўнай зарплаты прыкладна 100 еўра ў месяц. Ды і водпуск на два тыдні большы, чым у звычайных працаўнікоў. Зноў жа, на пенсію можа выйсці раней.
А Дзяніса, па яго словах, найбольш прываблівае тое, што тут – цікава.
—Кожны дзень сустракаешся з новымі людзьмі, — расказвае нам наш гід. — Учора былі французы, заўтра прыязджаюць шведы. Аднойчы нават з «Аль-Каіды» суправаджаў дэлегацыю. Сёння вось вы, браткі-беларусы. З беларусамі, дарэчы, я працаваць люблю: культурныя, выхаваныя людзі. А некаторыя толькі прыедуць – і вывальваюцца з аўтобуса ўдрабадан п’яныя, разам з бутэлькамі. Чамусьці ўсе перакананы, што для прафілактыкі радыяцыйнага забруджвання трэба як мага больш піць алкаголю. А гэта такі ж міф, як і многае іншае, што тычыцца Чарнобыля. Алкаголь аказвае пэўнае станоўчае ўздзеянне, але толькі ў невялікіх дозах. У значных эфект прама супрацьлеглы: шкодныя элементы хутчэй усмоктваюцца ў кроў і звязваюцца ў арганізме, потым цяжка выводзяцца.
Дзяніс і пераважная большасць насельнікаў Чарнобыля прыязджаюць сюды толькі на працу. А прыкладна 250 чалавек жыве тут пастаянна. Мы звярнулі ўвагу, што на вуліцах з прыватнай забудовай ёсць дамы закінутыя, узятыя ў неадольны палон бур’янам і пустазеллем – а ёсць вельмі дагледжаныя, я б нават сказала – дыхтоўныя: свежа пафарбаваныя, чысценькія, з вясёлымі фіраначкамі на вокнах. І вельмі дзіўнымі шыльдамі: “Тут жыве гаспадар дома”. “Гэта каб бамжы не займалі, – патлумачыў Дзяніс. —А то тут, на жаль, шмат ахвочых да чужога дабра…”
—У Чарнобылі жыве нават дзяўчынка гадоў трынаццаці,— працягвае знаёміць нас з горадам і яго жыхарамі наш гід. – Хоць закон Украіны забараняе ўезд у 30-кіламетровую зону Чарнобыльскай АЭС дзеям да 18 гадоў. Але гэтая дзяўчынка нарадзілася тут і жыве ў Чарнобылі са сваімі бацькамі – такім чынам, яна сюды не ўязджала, і на яе закон як бы не распаўсюджваецца. Школа? Вядома ж, вучыцца — дабіраецца ў бліжэйшы за пунктам пропуску населены пункт, Васількаў. Далекавата, канешне, кіламетраў 20 будзе, але ў Кіеў штодня ходзяць аўтобусы і маршруткі, і дзяўчынку падвозяць бясплатна. Я б пазнаёміў вас, але гэтае дзіця ўжо так замучылі журналісты, што мне яе проста па-чалавечы шкада…
…У 1986 годзе ўсіх жыхароў 30-кіламетровай зоны вакол Чарнобыльскай АЭС адсялілі. Праз нейкі час многія з іх, як бацькі той дзяўчынкі, вярнуліся ў свае дамы. Такія ёсць у Чарнобылі, нямала іх па навакольных вёсках. Увогуле да так званых самасёлаў тут адносяцца з разуменнем і спрабуюць па магчымасці аблегчыць жыццё гэтым добраахвотным экстрэмалам. У вёскі, дзе яны жывуць, раз на тыдзень прыязджае з Чарнобыля аўталаўка і прывозіць людзям неабходныя тавары.
—Аўталаўка не ездзіць толькі ў Новыя Шапелічы, — расказвае Дзяніс, — Гэта ўжо дзесяцікіламетровая зона, усяго за пару кіламетраў ад станцыі. Там дзядок адзін жыве са сваёй бабуляй. Яму ўжо недзе пад дзевяноста. Здароўе? Ну калі меркаваць па тым, што па ўсё неабходне ён у Чарнобыль на веласіпедзе ездзіць – а гэта кіламетраў пятнаццаць, то дай бог усім мець такое ў дзевяноста гадоў.
Увогуле, як я адзначыла для сябе, “абарыгены” Чарнобыля да радыеактыўнага забруджання і яго наступстваў, а таксама да турыстаў, у якіх вялізная цікаўнасць да жыцця ў “зоне” змагаецца з яшчэ большым страхам, адносяцца крыху, я б сказала, насмешліва-пагардліва. І не таму, што яны такія, гаворачы маладзёжным слэнгам, “пафігісты” ці патэнцыяльныя самазабойцы. Проста нельга ўвесь час, 24 гадзіны ў суткі, жыць са страхам – хаця б з пачуцця таго ж самазахавання, бо невядома, што прынясе арганізму большую шкоду: радыяцыя ці такі вось пастаянны стрэс. Мне, пражыўшай да 1989 года ў Хойніках, адным з самых забруджаных радыяцыяй беларускіх гарадоў, гэта добра знаёма: немагчыма ўвесь час баяцца з’есці яблык, пусціць дзяцей на вуліцу, зайсці ў лес…
Дзяніс, нібы чытаючы мае думкі, вядзе далей экскурсію па прыгожаму і самабытнаму Чарнобылю, які раскінуўся на высокім беразе Прыпяці.
—Вось тут мы з сябрамі купаемся ў рэчцы. А тут я лаўлю рыбу – на стрымніне, у асноўным цячэнні, рака чыстая, гэта ў затоках брудная. Ці правяраю потым? Ды дзе там… Нас правяраюць… Работнікаў станцыі – чатыры разы ў год, а абслугоўваючы персанал – раз. Вось і на наступным тыдні трэба будзе праходзіць медыцынскую камісію. Увогуле мы з сабой павінны насіць дазіметры-накапляльнікі. Паказаў бы вам, ды забыўся сёння ўзяць…
І, убачыўшы наша здзіўленне, дастае дазіметр. Той, крыху пашчоўкаўшы, спыняецца на лічбе 15 мікрарэнтген у гадзіну.
—Паверце мне: у Кіеве больш. А ўвогуле фон да 45 мікрарэнтген у гадзіну лічыцца ва Украіне нармальным. Узровень радыяцыі, пачынаючы з 1986 года, знізіўся больш чым у сто разоў, Гэта натуральны працэс: ідзе распад радыеактыўных элементаў, яны паступова пераходзяць у больш глыбокія слаі глебы – па дадзеных вучоных, апускаюцца прыкладна на сантыметр у год. Але, — папярэджвае ён нас ад залішняй самазаспакоенасці, — такі фон далёка не ўсюды. У некаторых пунктах заяўленага вамі маршруту ён будзе нашмат большы.
—Так што вы, — Дзяніс скептычна паглядзеў на маю блузку з кароткім рукавом і басаножкі, — апрануліся і, галоўнае, абуліся не зусім правільна. Абутак тут – галоўнае: пажадана, каб ён быў высокі і закрыты. Па-першае, з-за радыяцыі, а, па-другое, з-за змей…
Ну што сказаць — своечасовае папярэджанне! Але ж і сама магла б падумаць, што не ў парк культуры і адпачынку сабралася… Ды што ўжо тут наракаць на сябе і іншых – будзем спадзявацца, што ўсё абыдзецца.



Атамная электрастанцыя


Мы набліжаемся да Чарнобыльскай АЭС – і я не магу пазбавіцца хвалявання: яшчэ некалькі хвілін — і я ўбачу станцыю, якая падзяліла жыццё – маё і, па сутнасці, усяго свету — на “да” і “пасля”. І паставіла пад вялікае сумненне пытанне перспектыўнасці развіцця ядзернай энергетыкі ўвогуле…
– Дзяніс, а як вы адносіцеся да таго, што Чарнобыль нічому не навучыў і ў свеце працягваюць будаваць атамныя станцыі? – задаю я нашаму гіду правакацыйнае, як мне здаецца, пытанне. – Вось і ў нас у Беларусі прынята рашэнне аб будаўніцтве першых двух энергаблокаў…
– Ну і што? Ва Украіне цяпер працуюць чатыры атамныя электрастанцыі, дзейнічаюць пятнаццаць энергаблокаў, – паціскае плячыма Дзяніс. – І яшчэ будуюцца чатыры новыя энергаблокі. Тое, што здарылася ў Чарнобылі, не сведчыць аб тым, што на атамнай энергетыцы трэба ставіць крыж. Да таго ж на сучасных АЭС выкарыстоўваюцца рэактары новага пакалення, больш сучасныя і надзейныя. Але і тыя, што дзейнічалі на Чарнобыльскай АЭС, РБМК, як сцвярджаюць спецыялісты, зусім нядрэнныя. Але ж вы павінны ведаць: у тым, што адбылася аварыя, асноўную ролю адыграў так званы чалавечы фактар.
…Першае, што мы бачым, пад’язджаючы да станцыі, — стрэлы вежавых кранаў над нейкім грандыёзным збудаваннем. Што, тут яшчэ нешта будуецца?!!
—Гэта ўзводзіліся пяты і шосты энергаблокі станцыі, — заўважыўшы наша здзіўленне, тлумачыць Дзяніс. – Тады, у 86-м. Краны так і стаяць тут з таго чорнага красавіка…
– Хоць будаўніцтва на станцыі і сапраўды вядзецца, — расказвае ён далей. – Сёння асноўная задача – пабудаваць аб’ект “Укрыццё-2”, які ў народзе называць саркафагам. Бо першы, які ўзводзіўся адразу паля аварыі, знаходзіцца ў ненадзейным стане. Летась яго стабілізавалі: умацавалі дах, заходнюю сцяну – яны выклікалі асаблівую занепакоенасць. Але патрэбна новае, больш надзейнае “Укрыццё”. А яшчэ адна з асноўных задач – пабудаваць сховішча для ядзернага паліва. Перш за гэтую справу ўзяліся французы, але памыліліся ў разліках і спынілі работу. Цяпер вось заняліся амерыканцы… Апошні рэактар Чарнобыльскай АЭС быў патушаны ў снежні мінулага года. Поўнасцю закрыць станцыю плануецца да 2016 года. Сёння тут працуе каля 3,5 тысячы чалавек – яны займаюцца падтрыманнем АЭС ў бяспечным стане.
Тое, што на станцыі працуюць людзі, відаць і няўзброеным вокам: чысціня і парадак усюды ідэальныя – з Кіевам, які я наведвала перад тым, не параўнаць: кусты акуратна падстрыжаны, газоны падкошаны, на клумбах цвітуць кветкі… Хоць падмесці тэрыторыю тут не азначае разагнаць пясок па кутах: усё трэба прыбраць у спецыяльныя мяшкі і захаваць на могільніку радыеактыўных адходаў…
Бясстрасны дазіметр паказвае узровень фону: больш за дзвесце мікрарэнтген у гадзіну. І прайсціся па траўцы да абваднога канала Дзяніс нам не дазваляе, папярэджваючы, што ля вады яшчэ больш брудна (паняцце “брудна” ў чарнобыльскай зоне не мае ніякага дачынення да пылу на падваконні ці непадмеценай падлогі — маецца на ўвазе высокі ўзровень радыеактыўнага забруджвання).
Затое ён весела прапануе нам:
—Самоў хочаце паглядзець? Хлеб ці пячэнне маеце з сабой?
І мы паслухмяна ўслед за нашым гідам падымаемся на мост цераз канал – дарэчы, саджалкі-ахалоджвальнікі і абвадныя каналы — гэта адно з самых брудных месцаў на тэрыторыі станцыі. Са здзіўленнем назіраем, як каля берага, на мелкаводдзі, таўкуцца не пузатыя малькі, як у нас, а здаравенныя, кілаграмаў па два, а то і больш, язі, ліні, галавачы. А пад цэнтрам моста на самай паверхні вады цэлым статкам кружаць вялізныя – я нават не ўяўляла, што такія могуць быць – самы, дзесяткі два асобін, якія яўна чакаюць пачастунку. І калі мы пачынаем кідаць у ваду хлеб, кідаюцца да яго, як прагныя чайкі – яшчэ і б’юцца за здабычу…
—Іх тут ніхто не ловіць – занадта брудныя. Наадварот, падкормліваюць работнікі станцыі, калі ідуць са сталовай – вось яны і ператварыліся з глыбакаводнай, асцярожнай рыбіны ў амаль што ручную, — проста тлумачыць нам чарговую сенсацыю Дзяніс.
…А потым мы ідзем да мемарыяла пажарным, якія тушылі пажар у тую ракавую ноч 26 красавіка 1986 года. На сцяне — лаканічны надпіс “Жыццё дзеля жыцця”. І – трыццаць гранітных пліт, трыццаць прозвішчаў, трыццаць дат жыцця – хлопцы па дваццаць-трыццаць гадоў… Пасля аварыі яны пражылі лічаныя дні. Самыя трывалыя – тры тыдні. І памерлі ў страшэнных пакутах – хто мае моцныя нервы, можа пачытаць кнігу Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. А па-над усім – помнік Праметэю, які, па легендзе, падарыў людзям агонь… Трагізм і сімвалізм – у тым, што да аварыі гэты помнік стаяў на плошчы ля дома культуры ў Прыпяці, горадзе энергетыкаў. А ўжо потым яго перанеслі сюды…
Але гэтыя трыццаць, што першымі ўсталі на ўтаймаванне мірнага атама і заплацілі за выратаванне свету ўласнымі жыццямі – іх імёны хоць бы ўвекавечаны ў гэтым мемарыяле, іх ведаюць, пра іх помняць… А хто ведае імёны тых верталётчыкаў, што пад кіраўніцтвам Мікалая Цімафеевіча Антошкіна, цяпер – генерала, Героя Савецкага Саюза, тушылі рэактар, завісаючы над яго жэралам і скідваючы з вышыні ўручную мяшкі са свінцом – па 8-10 за кожны вылет? Яны рабілі па 30-35 вылетаў у дзень пры норме чатыры, набіраючы пры кожным па 6-10 рэнтген (сёння для абслугоўваючага персаналу норма – 2 рэнтгены ў год). Многіх з іх ужо няма, а хто яшчэ жывы і змагаецца з хваробамі, вымушаны даказваць чыноўнікам сваё права на льготную пенсію ці бясплатныя лякарствы.... Хто ведае тых “партызанаў”, салдат-рэзервістаў, што практычна голымі рукамі збіралі на тэрыторыі разбуранага чацвёртага энергаблока выкінутыя выбухам з рэактара кавалкі графіту? Тых, хто праводзіў пахаванне сумна знакамітага “рыжага лесу” — нават на дарозе ля месца, дзе ён знаходзіўся, і сёння ўзровень фону – каля 2000 мікрарэнтген у гадзіну? Тых, хто праводзіў дэзактывацыю тых самых верталётаў – беспаспяхова: яны і сёння “свецяцца” і стаяць на спецыяльным палігоне, бо з імі да гэтага часу не ведаюць што рабіць – Дзяніс не павёз нас туды, сказаў, што гэта небяспечна і таму забаронена…
—Па афіцыйных дадзеных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з-за яе наступстваў загінула каля 300 тысяч чалавек, — гаворыць Дзяніс Забарын. – Па некаторых неафіцыйных – больш за паўмільёна. Проста ўлічыць іх цяжка…
Ды ўжо ж… Мае аднавяскоўцы, многія з якіх заўчасна пайшлі з жыцця, паміралі не ад прамянёвай хваробы: хто – ад раку, хто – ад інфаркту ці інсульту… І ніхто не звязваў іх інваліднасць, а пазней – і смерць з тым, што яны тыдзень пасля аварыі сядзелі ў сваёй вёсцы ў сямі кіламетрах ад чадзячага рэактара, садзілі агароды і елі хатнія прадукты…
У памяць усіх загінуўшых ліквідатараў каля чацвёртага энергаблока, у адным з самых забруджаных месцаў, дзе і сёння ўзровень фону складае больш за 500 мікрарэнтген у гадзіну, напярэдадні 20-годдзя Чарнобыльскай аварыі ўстаноўлены помнік: у чалавечых далонях – будынак ракавога энергаблока. І надпіс – “Героям-прафесіяналам. Тым, хто абараніў свет ад ядзернай бяды”…
Там, каля гэтага помніка, да мяне прыйшло разуменне: мой асабісты лёс, мая ўласная бяда, бадзянне па свету ў пошуках чыстых мясцін, дзе можна было б без паўсядзённага, штохвіліннага страху расціць дзяцей, трагедыя маіх аднавяскоўцаў, якія ў адзін момант сталі выгнаннікамі са сваёй зямлі, — нішто ў параўнанні з тым, што здзейснілі гэтыя сотні тысяч безыменных герояў. Якія практычна голымі рукамі засланілі свет ад ядзернай катастрофы. І калі б яны не зрабілі гэтага – Еўропа была б зусім іншай. Калі б была ўвогуле…
Нізкі паклон вам! І бязмежная ўдзячнасць за ваш подзвіг…



Мёртвы горад


На мой погляд, назва ў гарадка энергетыкаў, што працавалі на Чарнобыльскай АЭС, зусім невыразная: Прыпяць. Мае аднавяскоўцы колісь, у “даваенным” жыцці, называлі яго Янаў — як і вёску, на месцы якой ён узнік. Але горад назвалі, як і раку, што працякае побач – і з-за гэтага пастаянна адбываліся пэўныя непаразуменні: пакуль разбярэшся, пра якую Прыпяць ідзе гаворка...
Цяпер іх няма: рака, хоць і моцна параненая радыяцыяй, усё ж жывая. А горад – мёртвы…
Жудасная, скажу я вам, гэта з’ява, — мёртвы горад. Нават больш, чым вёска. Малюнкі, вартыя пяра братоў Стругацкіх. Вялізныя 9-ці і 16-ціпавярховыя гмахі, да якіх не прайсці з-за зараснікаў — над лесам уздымаюцца толькі верхнія паверхі. Зарослая хмызняком плошча – я нават не адразу паверыла, што некалі гэта сапраўды быў цэнтр горада — хутчэй парк… Разбітыя вітрыны магазінаў, у якіх – сабраныя з кватэр рэчы: пліты, якія не паспелі памыць гаспадыні, піяніна “Беларусь”, шафы, модныя тады серванты, кантрабас з абарванымі струнамі… Паржавелыя дзіцячыя атракцыёны ў парку адпачынку… Гасцініца з разламанымі гаршчкамі з-пад кветак — а на падлозе газета “Савецкі спорт”, датаваная 16 красавіка 1986 года.
– Прыпяць разрабоўваюць, – з болем гаворыць Дзяніс.
– Няўжо яшчэ засталося што рабаваць – пасля амаль што 25 гадоў? – здзіўляюся я.
– Ёсць такія, што заўсёды знойдуць. Цяпер вось у кватэрах чыгунныя батарэі зразаюць, ванны. Прыязджаюць калонамі грузавікоў, са спецыяльнымі дазволамі – да такіх не прычэпішся.. А навошта? Хай бы стаяла – хоць бы як памяць…
– І не баяцца? – удакладняе брат Карнэлій.
– Метал нават пасля столькіх гадоў практычна чысты, – тлумачыць Дзяніс.
Але мне здаецца, што брат Карнэлій меў на ўвазе іншы страх…
…Да аварыі Прыпяць быў адным з самых маладых і прыгожых гарадоў Украіны, у якім пражывала амаль 50 тысяч насельніцтва. 27 красавіка іх усіх эвакуіравалі – да кожнага пад’езда быў пададзены аўтобус, іх калона расцягнулася на некалькі кіламетраў. (Да слова: маіх аднавяскоўцаў, якія жылі ў дзесяцікіламетровай зоне, але ўжо на беларускай тэрыторыі, высялялі толькі праз тыдзень). Людзі пакідалі свой горад, які, ведаю, вельмі любілі, назаўсёды…
І цяпер надпіс вялікімі літарамі на адным з балконаў шматпавярховак PRIPYT.COM – як адрас для віртуальных сустрэч і стасункаў землякоў…



“Брудны” маршрут


– Увогуле звычайны экскурсійны маршрут для турыстаў – Чарнобыль, Прыпяць, станцыя, – тлумачыць наш гід. – У нас ён завецца “чыстым”. Сёння ж у нас не зусім звычайная вандроўка па так званаму “бруднаму” маршруту. Мы туды не часта выязджаем. Адразу папярэджваю: дарогі – не прывядзі Гасподзь…
Незвычайны маршрут з наведаннем адселеных вёсак, што знаходзяцца на мяжы з Беларуссю, — гэта наша просьба. У гэтым годзе на Радуніцу мы наведвалі беларускія вёскі ў Хойніцкім раёне, што былі адселены пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку і маю родную, Уласы, што знаходзіцца на самай мяжы з Украінай. Цяпер вось захацелася наведаць украінскія. І не дзеля цікаўнасці. А з той жа мэтай: дакранання да вытокаў, спробы разабрацца ў сабе і сваёй сутнасці. У адной з гэтых памежных вёсак, Красно, мяне некалі хрысцілі ў вясковай царкве – яна была адзінай, што захавалася ў гады ваяўнічага атэізму ва ўсёй акрузе, у нашым Хойніцкім раёне не засталося ніводнага храма.
Лаўлю сябе на думцы, што ў свядомым узросце мне не давялося тут пабываць. Але памятаю, як нябожчыца мама часта расказвала, якая прыгожая царква ў Красне, і заўсёды дадавала: “Дзе ні бывала ў храмах, а такой прыгажосці не бачыла”.
Мне хацелася, хоць са спазненнем, убачыць гэты храм і аддаць свой удзячны паклон гэтай драўлянай цэркаўцы, памяці таго невядомага святара, з рук якога я атрымала тут таінства святога хрышчэння — бо благадаць Божая, якую я спазнала тут немаўлём, з гадамі прарасла праз шэры маналіт савецкага піянерска-камсамольскага атэістычнага выхавання парасткамі веры ў Стваральніка і Збавіцеля – як кволае семечка бурыць у сваёй неадольнай сіле магутны асфальт…
Папярэджанне Дзяніса наконт дарог мы ўспрынялі крыху паблажліва: вясной ездзілі па такіх жа дарогах на беларускай тэрыторыі, ведаем! Аказалася, па такіх, ды не зусім. Украінскія дарогі ў зоне адсялення нашмат горшыя. Калі на беларускай тэрыторыі яны – гэта бачна па свежых латках асфальту – час ад часу рамантуюцца, а дзе-нідзе нават пакладзена новае пакрыццё, то тут — суцэльныя выбоіны і яміны. У трэшчынах асфальту пачынаюць прарастаць дрэўцы і кустоўе – і, напэўна, гадоў праз пяць, а то і менш, тут можна будзе праехаць толькі на ўсюдыходзе. Да таго ж указальнікі вёсак паздыманы – невядома, кім і дзеля чаго, і мы едзем, так бы мовіць, навобмацак.
Раптам дарога прыкметна палепшылася. Праз нейкі час наш гід чартыхнуўся:
—Разварочвайцеся, — скамандаваў ён Карнэлію. – Мы заблудзіліся, у Зімовішчах павярнулі не туды. Гэта ўжо беларуская тэрыторыя…
Аказваецца, новы гарадок энергетыкаў Славуціч пабудавалі хоць і на ўкраінскай тэрыторыі, але найкарацейшая дарога ад яго да Чарнобыльскай АЭС праходзіць па тэрыторыі Беларусі. У гады Савецкага Саюза гэта не мела ніякага значэння, а пасля яго развалу ледзь не стала непераадольнай перашкодай. На дзяржаўным узроўні давялося дамаўляцца, каб цягнікі, якія штодня прывозяць рабочых са Славуціча на станцыю, праходзілі па беларускім кавалку чыгункі без пагранічнага кантролю – але не спыняючыся і з зачыненымі вокнамі і дзвярыма…
Зрэшты, не толькі дарогі розняцца ва ўкраінскай і беларускай зоне адсялення, ці дакладней сказаць – запусцення. Яшчэ – адносіны да помнікаў загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну землякам. У маёй роднай мёртвай вёсцы і суседніх самымі жывымі і дагледжанымі з’яўляюцца менавіта магілы і помнікі – пафарбаваныя, абкошаныя. Тут яны такія ж занядбаныя — як і ўсё навокал…
…А мы тым часам зноў не едзем — ледзь паўзем па разбітай да немагчымасці дарозе, да якой ушчыльную падступае лес.
—Звяроў тут шмат?—цікавіцца брат Карнэлій.
– Вельмі! – пацвярджае нашу здагадку Дзяніс. — Прычым паўсюдна. Нават у Чарнобылі ноччу небяспечна выходзіць на вуліцу — можна спаткацца з дзіком, ласём ці нават рыссю. Іх тут развялося за гэтыя гады мноства. Да таго ж адстрэл забаронены, тут жа тэрыторыя запаведніка “Чарнобыльская пушча”, і за забойства звера чакае буйны штраф ці нават пазбаўленне волі.
– А як жывёла рэагуе на ўздзеянне радыяцыі? – развівае тэму брат Карнэлій.
– Спадзяюся, вы не будзеце прасіць паказаць вам дзікоў з дзвюма галовамі, як некаторыя замежныя турысты? – смяецца наш гід. – Чамусьці ўсе шукаюць тут нейкіх сенсацыйных анамалій… На самой справе адразу пасля аварыі дзікай жывёлы загінула шмат – усюды валяліся трупы. А тыя, што засталіся, далі патомства – і, як паказваюць доследы, кожнае наступнае пакаленне больш моцнае і вынослівае ў параўнанні з папярэднім. Увогуле вучоныя сцвярджаюць, што доследы на першапачаткова абпрамененых мышах і пацуках паказваюць: восьмае-дзевятае пакаленне становіцца неўспрымальным да радыяцыі.



Божыя храмы на хворай зямлі


– Я нават не ведаю, ці захавалася ваша царква, – папярэджвае Дзяніс, калі мы нарэшце ўязджаем у Красно. – Быў тут даўно, гады тры таму, і ў той час яе актыўна разрабоўвалі…
Але вось ён, зялёны купал над кронамі векавых, у некалькі абхватаў дрэў – дзіва, але фарба на ім усё такая ж яркая! І крыж, перад якім затрымалася ў паклоне рэдкая ў бяздоннай сінечы неба аблачынка… Святое, намоленае месца, дзе хрысціліся, вянчаліся мае дзеды-прадзеды, дзе некалі маліла перад алтаром Усявышняга за мяне і маіх дзяцей мама, куды неспадзяваныя шляхі Гасподнія прывялі, хоць і вельмі позна, мяне, грэшную…
…Дзверы ў царкву прычыненыя, але незамкнёныя. Каля іх вісіць аркуш паперы з тэкстам: “Храм Архістратыга Божага Міхаіла ў сяле Красно пабудаваны ў 1800 годзе. У Чарнобыльскім раёне да нядаўняга часу налічвалася 18 цэркваў. Цяпер засталося толькі дзве – у Чарнобылі і ў Красне. Дарагія браты і сёстры, праваслаўныя хрысціяне, праявіце міласэрнасць, не дайце загінуць гэтаму храму… Просім кожнага, хто пераступае яго парог, помніць, што ён пераступае парог Дома Айца Нябеснага, дараваўшага нам жыццё”.
Чаму з’явілася гэтае пасланне-заклік, зразумець няцяжка – варта толькі ўвайсці ў храм. Ад былой прыгажосці, пра якую так любіла расказваць мая мама, засталіся толькі вартыя слёз і малітвы — даруй ім, Госпадзі, бо не ведалі, што тварылі — рэшткі: роспісы абадраны, засталіся толькі пад купалам, на самай верхатуры, куды не дацягнуліся вандалы. Разрабаваны і іканастас – на яго месцы нечыя клапатлівая рука павесіла папяровыя іконы-плакаты, якія не ўяўляюць цікавасці для хціўцаў. А ў кутку, пад вышываным па ўкраінскай модзе ручніком – невялікія хатнія абразы, з такіх, як некалі віселі ў нас дома – відаць, жыхары вёскі прынеслі іх сюды са сваіх пакінутых хат…
Але пры ўсім гэтым царква – жыве! І Божае Слова з вуснаў настаяцеля Чарнобыльскага храма Прарока Іліі, які, падобна, час ад часу прыязджае сюды, даходзіць да людзей. На аналоі ляжыць ікона Архістратыга Міхаіла. Побач, на століку – Маці Божай. І — памінальныя запіскі. І свечкі…
Драўляны храм, пабудаваны ў 1800 годзе, перажыў усе буры і ліхалецці, амаль два стагоддзі прымаў пад сваім купалам прыхаджан і даваў ім Божую падтрымку і апеку. На ўсё твая воля, Госпадзі, але калі можна – зрабі так, каб гэтая царква, як сімвал веры і жыцця на апаленай радыяцыяй зямлі, жыла і надалей. Каб тут сустракаліся людзі, землякі – хай раз у год, на 9 мая, калі ў “зону”, да пакінутых родных хат і магіл, пускаюць без спецыяльных пропускаў… Каб пакідалі ў храме свае з пункту гледжання літаратуразнаўцы прымітыўныя, але кранальныя да слёз вершы-прысвячэнні пакінутай радзіме, якія ўбачылі мы, і проста прывітанні землякам. Каб і надалей жыло і гучала тут слова Божае…
…Так, як гучыць яно ў царкве Прарока Іліі ў Чарнобылі. “Прыйдзіце да мяне, усе, хто мае патрэбу і цяжар на душы, — і Аз супакою вас” – як і стагоддзі таму, заклікае да малітвы надпіс над яго ўваходам.
Я не ведаю, ці мелі такі цяжар і такую патрэбу ў гэтым храме нашы продкі, як маюць яе людзі, якія штодня выходзяць на працу ва ўмовах павышанай небяспекі: Чарнобыльская царква стаіць у нейкіх 15 кіламетрах ад АЭС, і кожны дзень прымае пад сваё крыло тых, хто шукае міласці, падтрымкі, дапамогі Усявышняга. І калі бачыш гэты храм — звонкі, як струна, светлы, як лік Госпада — які вядзе сваё летазлічэнне ажно з 17 стагоддзя, узнікае жаданне ўпасці на калені і дзякаваць Богу за тое, што ні ён, ні яго служкі не пакінулі гэты шматпакутны горад і гэты апалены бядой край. За тое, што ёсць людзі, якія не шкадуюць сіл і сродкаў на адраджэнне цэркваў – бо і гэтая, ведаю, была занядбана пасля аварыі і толькі нядаўна набыла другое жыццё.
Дарэчы, сам храм і тэрыторыя вакол яго – адно з самых прыгожых месцаў у Чарнобылі. І чыстых – як у прамым, так і ў пераносным, “радыеактыўным” сэнсе. Гэта можна назваць цудам ці неверагоднасцю – у залежнасці ад ступені веры – але нават у 1986 годдзе ў цалкам забруджаным Чарнобылі ў царкве Прарока Іліі і на тэрыторыі вакол яго паказчыкі дазіметра падалі да нерэальных у тых мясцінах, амаль што нулявых адзнак. А варта было выйсці за вароты храма – і яны зноў скакалі ўверх, нашмат перавышаючы норму.



“Чыста!” — сказаў дазіметрыст, праверыўшы на выедзе наш аўтамабіль.
“Чыста!” – загарэлася табло на дазіметры, які правяраў нас саміх.
Мы з братам Карнэліем Консэкам зноў перасякаем пункт пропуску “Дзіцяткі” – толькі ўжо з чарнобыльскага боку. І, стомленыя ад уражанняў, вяртаемся па той жа пустыннай дарозе назад.
Шлях дамоў нашмат карацейшы. І цяжэйшы…
Бо Чарнобыль яшчэ доўга будзе жыць у нас. Вярэдзячы душу, займаючы думкі, прымушаючы пераасэнсоўваць тое, што здавалася вядомым і непарушным, перажываць убачанае і пачутае, мяняць ацэнкі ва ўласнай шкале каштоўнасцей…
Як сведчанне таму – сціплы помнік ля дарогі ўжо на беларускай тэрыторыі. Знак памяці па забітай Чарнобылем вёсцы: адселенай, а пасля пахаванай. Помнік “дачарнобыльскаму” жыццю тысяч і тысяч людзей...


Ніна РЫБІК.


Фота Карнэлія КОНСЭКА.