Япония стала ближе к Малям

16:00 / 21.11.2012

Чарговыя канікулы праляцелі хутка, аднак шмат незабыўнага застанецца ў нашай памяці. Асабліва – сустрэча з прадстаўніком японскага консульства Масака Тацумі. Пасля сустрэчы на Астравеччыне Масака Тацумі запрасіла нас, вучняў Мальскага дзіцячага сада-базавай школы, у інфармацыйны цэнтр, які знаходзіцца ў дзіцячай бібліятэцы №5 г. Мінска.


У інфармацыйным цэнтры японскага консульства нас ветліва сустракае невялікага росту жанчына з незвычайнай знешнасцю і знаёміць з экспазіцыяй. Спачатку мы звярнулі ўвагу на мноства фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны ўбранні японскіх дзяўчат. Дэталі кімано дапамагаюць адрозніць замужнюю жанчыну ад дзяўчыны. Асабліва здзівіла даўжыня пояса – каля чатырох метраў! Сучасная моладзь Японіі не заўсёды, але ўсё ж часцей, чым мы, беларусы, апранае нацыянальнае ўбранне. Наступная экспазіцыя перамясціла нас у іншую часовую прастору – эпоху сярэднявечча ў Японіі. Масака Тацумі расказала пра ўзнікненне чайнай цырымоніі, якая для японцаў з’яўляецца не проста працэсам заварвання і распіцця чаю, а цэлым рытуалам, таінствам, які можа цягнуцца да некалькіх гадзін. Зацікавіла нас і адукацыя ў Японіі. Мы змаглі параўнаць, чым адрозніваецца навучанне ў беларускіх школах ад далёкай Японіі. А затым былі цацкі. Мноства… І нягледзячы на тое, што мы ўжо не маленькія, гэта выстава захапіла кожнага. Вельмі спадабаўся каток з паднятай лапкай. Калі паднятая левая – гэта сімвалізуе багацце, а калі правая – мноства гасцей. Вось і думай, якога катка набыць. І мноства папяровых кветак з незвычайнымі пялёсткамі. І канешне ж, жураўлікі. Некалькі такіх жураўлікаў мы паспрабавалі зрабіць пад кіраўніцтвам Масака Тацумі – атрымалася! Нельга не ўзгадаць і прагляд відэароліка, які дапамог нам апынуцца ў японскім рэстаранчыку і ўбачыць, як гатуюцца традыцыйныя японскія стравы. Спадзяёмся, што такая сустрэча стане не апошняй і нам удасца наладзіць цесную ўзаемасувязь з далёкай Краінай узыходзячага сонца.


----------------------


Вучні 9 класа Мальскага дзіцячага сада-базавай школы.